Калі вы цэлы год не чыталі навінаў «Белсату» – вось пра што мы пісалі


У гэтыя дні «Белсат» адзначае 16-годдзе. Апошні год быў даволі цяжкі: вайна ва Украіне і рэпрэсіі ў Беларусі, эміграцыя і пашпарты, ядравая зброя і вагнэраўцы, «ЧВК Редан» і ЦЭ… Згадваем галоўныя навіны, пра якія мы пісалі ў 16-ы год працы.

Навіны «Белсату» ва ўяўленні штучнага інтэлекту. Выява: Dall-E / Bing.com

У 2023 годзе мы бачылі пагрозу ўступлення войскаў Беларусі ў вайну ва Украіне – абмяркоўвалі гэта з пачатку да канца года. Пагроза выглядае цяпер не самаю вострай, але мы на ўсялякі выпадак расказвалі, як не трапіць у войска.

Мы спрабавалі зразумець вынікі пастаянных перамоваў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, ацэньвалі расейскі план паглынання Беларусі, стасункі Лукашэнкі з Кітаем («Вялікі камень» аказаўся не такім вялікім), ягоную цікаўнасць да Зімбабвэ, склалі вялікую мапу сяброў і несяброў Лукашэнкі, спіс ягоных прыхільнікаў у Еўропе.

Глядзелі і на стасункі беларусаў з украінцамі ды беларускіх палітыкаў з украінскімі, на дачыненні з Польшчаю, Літвой і Латвіяй, Грузіяй. Тлумачылі, хто ў расейскай апазіцыі ды як Расея змянілася за год вайны. Згадвалі, як пуцінізм ледзь не прыйшоў у Расею 1993 года. Расказвалі пра пагрозу закрыцця межаў і пра міграцыйны крызіс, куды і як яшчэ можна з’ехаць, пра чэргі на мяжы і статыстыку выдачы візаў.

У 2023 годзе ў Беларусі мянялася палітычная сістэма, праўладная «Белая Русь» сталася партыяй, а апазіцыйныя партыі былі забароненыя. Глыбей укараніўся культ асобы, стаў бачны курс на таталітарызм, СССР пайшоў у наступ на постсавецкую краіну. Для абароны Лукашэнкі збіралі «народнае апалчэнне», а Камітэт дзяржаўнай бяспекі пужаў «тэрарыстамі» (ды нібыта забіты КДБ «тэрарыст» аказаўся жывым супрацоўнікам КДБ – і гэта была не першая такая «сенсацыя Лукашэнкі»). Мы аналізавалі прапаганду ў тэлебачанні, на білбордах і ў школах. Тлумачылі, як размаўляць з ахвярамі гэтай прапаганды.

Выбары-2024 у Беларусі маюць прайсці як пры ваенным становішчы, апазіцыя хоча супрацьпаставіць ім свабодныя выбары ў Каардынацыйную раду. Мы тлумачылі, што такое Каардынацыйная рада, і расказвалі, як яна слухала Аб’яднаны пераходны кабінет. Намалявалі схему структуры дэмакратычных сілаў вакол абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай. Перадавалі, якую Кабінет мае Стратэгію нацыянальнага адраджэння і якія кірункі развіцця Беларусі бачаць эксперты.

Пабывалі і на канферэнцыі «Новая Беларусь», і на канферэнцыі палка Каліноўскага, з якім гэтак і не стварыў Рады бяспекі Зянон Пазняк. Расказвалі пра раскол у «BYPOL» і скандал вакол варшаўскага «Моладзевага хабу». Выслухалі крытыку Кабінету ад Валера Цапкалы. Урэшце разбіраліся, ці раз’яднаная апазіцыя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Камандзір палка Каліноўскага Дзяніс Прохараў з пазыўным Кіт выступае перад прысутнымі з уступным словам на пачатку канферэнцыі «Шлях да волі». Кіеў, Украіна. 29 лістапада 2023 года.
Фота: Белсат

Мы пісалі і пра злачынствы рэжыму Лукашэнкі, і пра спробы прыцягнуць яго да адказнасці (мо нават атрымаецца здабыць ордар на арышт Лукашэнкі, як на Пуціна), і пра тое, чаму суд апраўдаў экс-спецназаўца, які прызнаўся ў суўдзеле ў палітычных забойствах.

Натуральна, мы расказвалі і пра вайну ва Украіне: пра баі за Бахмут, за Такмак, за Клішчыеўку, за Аўдзееўку, пра падрыў Кахоўскай ГЭС, пра прарыў у Белгародскую вобласць і падрыў цягніка ў Бранскай вобласці Расеі. Нарэшце апублікавалі рэпартаж з Кіева за дзень да вайны, які адкладвалі на год з меркаванняў бяспекі. Разбіраліся, якой зброі бракуе Украіне, якія ёй дастануцца танкі і самалёты, якімі ракетамі страляе Расея і якімі дронамі карыстаецца Украіна (і якімі дронамі цяпер нельга карыстацца ў Беларусі).

Украіна чакала контрнаступу яшчэ з вясны, ды пад канец года баявыя дзеянні зайшлі ў тупік: сярод іншага мы пыталі, як гэта перажываюць украінцы, і аналізавалі, ці ёсць канфлікт паміж прэзідэнтам Украіны і галоўнакамандуючым Збройнымі сіламі.

Контрнаступ сёлета пачаўся адкуль не чакалі: на Маскву пайшлі «маршам справядлівасці» баевікі расейскай Групы Вагнэра, але раптоўна спыніліся і пагадзіліся на выгнанне ў Беларусь, дзе ім пабудавалі лагер. Лукашэнка апавядаў, што ўгаворваў лідара баевікоў Яўгенія Прыгожына матам і гарантыямі бяспекі, ды пасля загадкавай смерці Прыгожына гарантыі бяспекі адклікаў. Мы разбіраліся, што з вагнэраўцамі было пасля гэтага.

Паралельна з вагнэраўцамі беларусам, падобна, дасталася расейская ядравая зброя: разбіраліся, што гэта значыць і ці станецца Беларусь мішэнню. А пакуль Расея раскідвалася ядравымі пагрозамі, мы глядзелі на мапы, на якіх няма Расеі, і ацэньвалі пагрозы ды патрэбу АЭС у Беларусі, выслухалі аргументы за «мірны атам».

Для Беларусі пакуль не відаць хэпі-энду, але мы шукалі, як ён можа прыйсці. Глядзелі на сацыялогію, у якой усё не так кепска. Ацэньвалі гатовасць дэмакратычных сілаў да смерці Лукашэнкі, бо ў канцы вясны Лукашэнка знік – шмат хто пра ягоную смерць стаў задумвацца (можаце прайсці тэст і праверыць, ці ведаеце, што мае быць пасля Лукашэнкі паводле закону). Мы таксама расказвалі, як паміралі дыктатары, як у Беларусі даюць прытулак зрынутым аўтакратам і як немагчыма даказаць, што дыктатар жывы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя ў памяць мастака Алеся Пушкіна ў Вільні, Літва. 11 ліпеня 2023 года.
Фота: Белсат

Пакуль жа Лукашэнка застаецца ва ўладзе, у Беларусі трываюць катаванні за «жоўтую бірку» і за антываенную пазіцыю. Судзяць нобэлеўскага лаўрэата, абрываюць сувязь са зняволенымі. Затрымліваюць і медыяперсонаў, і кіраўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў. А дэмакратычныя сілы ўсё яшчэ не бачаць добрых шляхоў вызвалення палітвязняў.

Мы пісалі і пра маштабы рэпрэсіяў, і пра маштабы салідарнасці, бралі ўдзел у марафоне, на якім беларусы сабралі больш за паўмільёна еўраў на дапамогу палітычным вязням (гэтую дапамогу ўжо пачалі раздаваць). Згадвалі загінулых за час Лукашэнкі і загінулых за Украіну, расказвалі пра новых ахвяраў рэпрэсіяў і вайны, як то пра Алеся Пушніна і Міраслава Лазоўскага.

Расказвалі і пра эканоміку Беларусі: пра павышэнне падаткаў і пра стан рэгіёнаў, пра рост цэнаў на прадукты і на адукацыю, пра масавы збой касавых апаратаў і пра ўтойванне статыстыкі. Параўноўвалі з суседзямі цэны на прадукты ў крамах і на рынках, а таксама цэны на кватэры. Глядзелі на аўтарынак і сферу турызму, ацэньвалі памеры гандлёвых сетак Беларусі.

Назіралі, як у Беларусі дэградуюць медыцына і адукацыя – і расказвалі, што варта ведаць пра працаўладкаванне і адукацыю за мяжою. Тлумачылі, чаму стаяць чэргі ў школу ў Новай Баравой і як змяніліся правілы ўступнай кампаніі, якія прывялі да скандалу з цэнтралізаваным экзаменам (ЦЭ).

Мы расказвалі пра перспектывы зняцця санкцыяў з беларускага калію і пра малую эфектыўнасць дзейных санкцыяў, а таксама палічылі ў чызбургерах, як санкцыі ўдарылі па заробках на дзяржаўных прадпрыемствах. Рэжым Лукашэнкі звык да тых санкцыяў і знайшоў схемы абыходу – мы тлумачылі, да чаго тут Іран і Венесуэла. Расказвалі і пра іншыя выкрыцці расследавальнікаў, у тым ліку пра новы раскошны палац Лукашэнкі.

Пісалі і пра палітыку іншых дзяржаваў: пра выбары ў Турэччыне, Польшчы і Аргентыне (сёлета правыя перамагаюць левых), пра новага караля Брытаніі ды папярэдняга Папу Рымскага, аб пратэсты ў Еўропе і нават у Гватэмале, пра страйк польскіх дальнабойнікаў і спрэчкі пра ўкраінскае збожжа. Віталі Фінляндыю ў NATO і разважалі пра вынікі саміту NATO для Беларусі.

Расказвалі пра крызіс у Нагорным Карабаху і наступствы перамогі Азербайджану, пра пераварот у Нігеры і афрыканскі пас пераваротаў, пра пагрозу вайны ў Гаяне, пра напад тэрарыстаў на Ізраіль, перспектывы перамогі над «Хамасам» і пра стасункі Лукашэнкі з Ізраілем і Палестынаю, пра лёс мірных жыхароў сектару Газа і пра ўступленне ў вайну хусітаў, пра антысеміцкія пагромы ў Расеі.

Пратэст на мяжы Польшчы і Украіны
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія дальнабойнікі соднямі стаяць на польскай мяжы. Яны затрымаліся ў шматкіламетровай чарзе з тысячы цяжкавікоў на выезд ва Украіну праз страйк польскіх перавозчыкаў. Высунуўшы патрабаванне зрабіць больш жорсткімі правілы праезду для ўкраінскіх фураў, палякі выставілі блокпост на мяжы, праз які прапускаюць па чатыры цяжкавікі цягам гадзіны. 16 лістапада 2023 года.
Фота: Анастасія Дубровіна / Вот Так

Вядома, мы расказвалі пра жыццё беларусаў у выгнанні, пыталі пра чаканні і рэальнасць эміграцыі, завітвалі ў госці да беларусаў у розныя гарады, як то ў Львоў і Клайпеду.

Тлумачылі, што рабіць з адмоваю выдаваць пашпарты за мяжой ды іншымі перашкодамі эмігрантам ад Лукашэнкі, папярэджвалі пра затрыманні па вяртанні на радзіму. Разбіраліся з правіламі відаў на жыхарства, «blue card» і «жэнеўскіх пашпартоў», з праблемамі ў палётах лоўкостамі з «незнаёмымі» дакументамі. Працягваем чакаць пашпарт Новай Беларусі.

Сёлета мы размаўлялі з беларускімі ваярамі і ўцекачамі, былымі палітвязнямі, праваабаронцамі, гісторыкамі, святарамі, урбаністамі (паглядзіце, што можна зрабіць з Кастрычніцкаю плошчай у Менску, дзе ўлады задумалі паставіць помнік безыменнай жанчыне), з экс-амбасадарам Польшчы і з генеральным сакратаром NATO, нават з беларускім чэкістам. Разбіраліся з пагрозамі коміку і мадэлі «OnlyFans», лукашэнкаўскім чыноўнікам і злачынцам, са страхамі Лукашэнкі.

Размаўлялі пра беларускую музыку і пра «Еўрабачанне», пра кіно і пра тэатр (беларускі тэатр, дарэчы, уганаравалі ордэнам Брытанскай імперыі), пра мастацтва і пра літаратуру, пра фактычную адмену аўтарскага права ў Беларусі. Пісалі пра Алімпійскія гульні і «гульні аўтакратаў», пра футбол, гандбол і тэніс.

Сачылі за развіццём нейрасетак (яны маюць з’явіцца ў «Новай Беларусі») і за паходжаннем «беларускага» ноўтбука. Расказвалі, як вучыць беларускую мову праз мабільныя праграмы і як яе вывучаюць нейрасеткі. Пыталі, як бяспечна карыстацца Telegram і відэасувяззю. Тлумачылі, што ў разуменні ўладаў «экстрэмізм», і расказвалі, як яго знайшлі ў творы XIX стагоддзя.

На «Белсаце» вы маглі пачытаць і пра рэальныя рэлігійныя секты, і пра фантомны «ЧВК Редан». І пра сала, і пра грыбы.

І гэта толькі тэксты на сайце «Белсату», не кажучы ўжо пра матэрыялы нашага тэлеканалу.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў