news
Агляд
Як адрадзіць Беларусь? Пераходны кабінет напісаў Стратэгію нацыянальнага адраджэння
«Беларусь – не этнаграфічны музей». Трэба прыйсці «з трэцяга свету ў першы».
28.11.202314:32

Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету ў сферы нацыянальнага адраджэння Аліна Коўшык прэзентавала 28 лістапада свой праграмны дакумент. «Белсат» пераказвае, што ў ім.

Грамадская прэзентацыя Стратэгіі нацыянальнага адраджэння і развіцця Аб’яднанага пераходнага кабінету адбудзецца а 19-й гадзіне 28 лістапада ў Варшаве, у памяшканні «Witryna Domu Wschodniego» па адрасе pl. Konstytucji, 6 (па суседстве з колішнім Беларускім моладзевым хабам), уваход вольны.

Стратэгію і яшчэ адзін дакумент – Канцэпцыю – ужо можна пачытаць тут. Гэтыя дакументы – яшчэ не фінальныя версіі, Кабінет адкрыты да абмеркаванняў. Вось што ў гэтых дакументах пішуць.

У чым праблема

Аўтары Стратэгіі канстатуюць, што апошнія дзесяцігоддзі ўлады Беларусі працягвалі расейскую імперскую і камуністычную палітыку русіфікацыі беларускага грамадства ва ўсіх сферах, дзеля ўсходняга суседа ахвяравалі беларускай мовай, гісторыяй, літаратурай, культурай, адукацыяй, традыцыямі.

Праблема, якую бачаць у Стратэгіі, такія:

«Нельга сказаць, што Беларусь ёсць домам, дзе кожны беларус адчувае сябе годна і ганарыцца сваёй краінай».

Беларусам, як пішуць у Стратэгіі, навязвалі правінцыйнасць і другаснасць іхнай культуры, не далі «нацыянальнай мары». Гэта трэба выпраўляць

Якім бачаць адраджэнне

Нацыянальнае адраджэнне ў разуменні Кабінету – не вяртанне да «залатога веку» з мінулага, не спроба падмяніць актуальныя задачы «нейкім чароўным наборам ідэалаў», не фіксацыя ўвагі толькі на мове і сімволіцы, не фармаванне культурнай аднастайнасці, не аднамомантавы пераход.

Беларуская нацыя, як падкрэсліваюць у Канцэпцыі, сфармавалася на аснове шматэтнічнай, шматканфесійнай, шматкультурнай і шматмоўнай мясцовай традыцыі, дзе культура тытульнага народу не адмаўляе ў існаванні іншым традыцыйным для тэрыторыі Беларусі культурам (габрэйскай, польскай, украінскай, расейскай, літоўскай, татарскай і іншым).

Рэпартаж
Колькі беларусаў за незалежнасць, колькі за Лукашэнку, колькі чакае пераменаў – і што рабіць
2023.11.17 07:00

Адраджэнне, паводле Кабінету, гэта пра будучыню, аднаўленне традыцыяў з абавязковай рэвізіяй і развіццём. Але гэта пільная справа, бо за часам Лукашэнкі ў Беларусі трывала агрэсіўная экспансія «русского мира», чынілася антынацыянальная палітыка.

«Беларусь – не этнаграфічны музей, – гаворыцца ў Канцэпцыі. – Гэта супольнасць жывых людзей, якія мусяць заняць сваё пачэснае месца ў рэальным свеце».

У Канцэпцыі пазначаюць некаторыя ключавыя фразы: «Каго любіш? – Люблю Беларусь. – То ўзаемна!», «Рабі пільна – і тут будзе Вільня!», «Шануй сваё!», «Краіна для жыцця», «беларус беларусу беларус», «Беларусь – гэта Еўропа», «З трэцяга свету ў першы», «4Д: дэкамунізацыя, дэімперыялізацыя, дэідэалагізацыя і дэкаланізацыя».

Які парадак дзеянняў

У задачах пазначаюць умацаванне грамадскага актывізму і адукацыі, пазбаўленне ад уплыву таталітарнай і імперскай спадчыны, стварэнне пазітыўнага вобразу Беларусі на мясцовым і глабальным узроўнях, задаванне ідэалу «беларускай мары». Сфармуляваць хочуць «нацыянальны мэйнстрым»: тое агульнае, праз што беларусы вызначаюць сваё месца ў гісторыі і вобраз будучыні.

Этапы гэтага такія:

0. Падрыхтоўчы – да змены рэжыму і дэмакратычнага транзіту ўлады. У гэты час распрацоўваюцца стратэгіі, рыхтуюць кадры, шукаюць рэсурсы і партнёраў, запускаюць стратэгічныя праекты.

1. Пераходны – у час транзіту ўлады, да першых дэмакратычных выбараў. У гэты час «перахопліваюць функцыі» і робяць першыя крокі ў правядзенні рэформаў і ў вяртанні ў прававое поле.

2. Асноўны – між першымі і другімі дэмакратычнымі выбарамі. У гэты час трывае ўмацаванне дэмакратычных інстытутаў і ўзмацненне дэмакратычнай супольнасці, рэфармаванне грамадскай, палітычнай, гаспадарчай і культурнай сфераў, развіццё мясцовага самакіравання і грамадзянскага актывізму.

3. Устойлівае развіццё – пасля другіх дэмакратычных выбараў. Гэта перыяд замацавання і развіцця свабоднага дэмакратычнага жыцця ў Беларусі.

У Стратэгію ўключаныя «дарожныя мапы» на нулявы (PDF) і першы (PDF) этапы.

Hавiны
«Падкажам, накіруем і выслухаем». Беларускія дэмакратычныя сілы ствараюць сваё «Адно акно» – што яно будзе рабіць?
2023.10.27 08:52

Напрыклад, да восені 2024 года ў сферы адукацыі плануюць:

  • распрацаваць канцэпцыю рэформаў у адукацыі і навуцы; паспрыяць стварэнню беларускамоўных установаў і цэнтраў для дашкольнай беларускамоўнай адукацыі ў дыяспары; дапамагчы ў стварэнні онлайн-рэсурсаў для дашкольнікаў;
  • адкрыць сетку беларускіх школаў выходнага дня фізічна ў краінах з вялікай дыяспарай і онлайн-школы для ўсіх ахвочых;
  • падрыхтаваць падручнікі і метадычкі для школаў;
  • распрацаваць і інтэграваць у адукацыйныя праграмы элементы «беларускага нацыянальнага мэйнстрыму»: пантэон нацыянальных герояў, беларускія традыцыі і пазітыўныя міфы, нацыянальна арыентаваную візію гісторыі краіны і рэгіёну, а таксама «функцыянальную пісьменнасць» – прававую, грамадзянскую, палітычную, фінансавую і медыйную;
  • заснаваць беларускі навукова-даследчы цэнтр і ўніверсітэт у эміграцыі;
  • падтрымліваць наяўныя адукацыйныя ініцыятывы;
  • прасоўваць прафесійную адукацыю ў бізнесе і IT, а таксама праграмы нефармальнай адукацыі;
  • зрабіць «абалонку» для онлайн-курсаў («беларускую Coursera»);
  • наладзіць сістэматычную падрыхтоўку кадраў у праграме «Новыя адукатары» для настаўнікаў, выкладчыкаў і менеджараў;
  • іншае.

І дзейнасць у гэтых напрамках плануюць працягваць прынамсі да першых дэмакратычных выбараў.

Падобныя дарожныя мапы ёсць таксама для сфераў культуры, унутранай і міжнароднай палітыкі, эканомікі і мясцовага самакіравання.

Як гэта рабіць

У Канцэпцыі аўтары абяцаюць улічваць досвед бацькоў-заснавальнікаў беларускай дзяржаўнасці канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў і грамадска-палітычнага руху «Адраджэнне» часу распаду СССР, але разглядаюць будучае нацыянальнае адраджэнне як новы этап з іншымі выклікамі і задачамі. У гэтай справе Кабінет бярэ на сябе адказнасць, але бачыць сябе «першым сярод роўных».

Беларуская мова, гістарычныя сімвалы і традыцыі, а таксама беларуская гістарычная праўда – гэта важна для нацыянальнай ідэнтычнасці, расказваюць у Канцэпцыі. А ідэнтычнасць важная, бо калі яна застанецца слабой, гэта будзе спрыяць асіміляцыі ці інтэграцыі людзей у «іншыя нацыянальныя праекты».

Рэпартаж
«Мы па-ранейшаму адказваем на пытанне, чаму беларускі майдан не перамог». Як у Львове прайшоў беларуска-украінскі форум
2023.11.07 15:10

Каб дасягнуць мэтаў, згодна Канцэпцыі, патрэбныя комплексны нацыянальны і міжнацыянальны дыялог, рэальнае забеспячэнне шматмернасці і шматгалосся, рэактуалізацыя спадчыны і рэбрэндынг з адмовай ад «ахвярнага» вобразу на карысць пазітыўнага вобразу краіны, наладжванне агульнай «нацыянальнай экасістэмы».

Тактычныя мэты, напрыклад, такія.

  • Акрэсліць падмуркі канчатковага фармавання моцнай нацыянальнай ідэнтычнасці праз перагляд і вяртанне да нацыянальных сімвалаў, мовы, традыцыяў, гістарычнай памяці.
  • Фармаваць «оптыку погляду» на мінулае, сучаснасць і будучыню.
  • Выпрацаваць стратэгію прасоўвання і пазіцыянавання Беларусі на міжнароднай арэне.
  • Папулярызаваць беларускую мову і вяртаць яе ў шырокі ўжытак – не толькі размаўляць самім, але і рабіць беларускую дасяжнай у сэрвісах «Google», «Amazon» ці «Spotify».
  • Спрыяць развіццю мясцовага самакіравання і пашыраць гарызантальныя сувязі, праграмы грамадзянскай адукацыі і палітычнага лідарства, электроннага ўраду і лічбавай дэмакратыі.
  • Рэалізоўваць вышэй згаданыя «4Д» – гэта ўключае не толькі адмову ад «сувораўскіх вучэльняў» і «бібліятэк імя Пушкіна», але і ад самапрыніжальных клішэ, кшталту «маленькая краіна» і «малодшы брат».
  • Забяспечыць нацыянальны складнік не толькі ў рэформах адукацыі ці культуры, але і ў спорце, войску, праваахоўных і судовых органах.
  • І іншае – поўны спіс тут.
Інтэрв’ю
«Чаму б не ўвесці ў сям’і гадзіну роднай мовы?» Аліна Коўшык – пра захаванне беларускасці за мяжой і на радзіме
2023.10.12 12:02

Алесь Наваборскі belsat.eu