«Мы па-ранейшаму адказваем на пытанне, чаму беларускі майдан не перамог». Як у Львове прайшоў беларуска-украінскі форум


Беларусы і ўкраінцы ўжо другі раз за час поўнамаштабнай вайны сустрэліся на адмысловай дыялогавай платформе ў Львове. Форум імя Астрожскіх сабраў прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў, дэпутатаў Вярхоўнай Рады, праваабаронцаў, журналістаў, гісторыкаў з абодвух бакоў, каб тыя працягнулі шукаць кропкі сутыкнення. Па ўражаннях удзельнікаў, другая сустрэча аказалася больш «гарачай», але і шмат у чым – усё пра тое ж.

Удзельнікі і госці 2-га Форума імя Астрожскіх у Львове трымаюць партрэты беларускіх журналістаў, што знаходзяцца за кратамі ў Беларусі. 4 лістапада 2023 года.
Фота: Яўген Атцецкі / Белсат

Украінцы менш ведаюць пра Беларусь

«Тэндэнцыі для беларусаў не вельмі добрыя», – прамовілі на старце. Два дні, якія цягнуўся Форум імя Астрожскіх, эксперты з беларускага і ўкраінскага бакоў намагаліся паставіць «дыягназ» адносінам паміж дзвюма краінамі, і вырашыць, як іх палепшыць.

Сустрэліся ва Украінскім каталіцкім ўніверсітэце, у памяшканні, якое таксама выконвае ролю бомбасховішча. На першым Форуме ў час дыскусій адключалі электраэнергію, сёлета дыялог перарывала паветраная трывога. «Гэта хіба проста МіГі паднялі», – маўляў, нічога сур’ёзнага.

Беларускія дэмакратычныя сілы тут прадстаўлялі Анатоль Лябедзька, Аліна Коўшык, Валер Мацкевіч, у дыскусіях паўдзельнічалі Зміцер Шчыгельскі ды Вадзім Кабанчук ад палка Кастуся Каліноўскага. Да форуму далучыліся палітыкі з міжфракцыйнай дэпутацкай групы «За дэмакратычную Беларусь» Вярхоўнай Рады Украіны Аляксей Ганчарэнка і Вадзім Галайчук, а таксама Сяргей Собалеў з «Батьківщины». Форум Астрожскіх працаваў па правілах Chatham House, каб размаўляць адзін з адным як мага больш шчыра і не быць працытаваным у публічнай прасторы.

Юрый Губарэвіч, старшыня Руху «За свабоду», сябра Каардынацыйнай Рады Беларусі, выступае на палітычнай дыскусіі «Што рабіць? План магчымых супольных дзеянняў» падчас беларуска-ўкраінскага экспертавага форуму імя Астрожскіх. На здымку (злева направа): Вадзім Кабанчук, Мыкола Ішчук (укр. Микола Іщук), Аліна Коўшык, Сяргей Собалеў, Вадзім Галайчук, Юрый Губарэвіч, Анатоль Лябедзька. Львоў, Украіна. 5 лістапада 2023 года.
Фота: Яўген Атцецкі / Белсат

Усяго было 9 экспертных панэляў. З «не вельмі добрых тэндэнцый» пачалася першая. Паводле сацыялагічнага даследавання «ва Украіне хоць і нязначна, але скарацілася колькасць людзей, якія пазітыўна ставяцца да беларусаў, усё менш людзей ведае пра беларускія дэмакратычныя сілы, Святлану Ціханоўскую ды полк Каліноўскага». Гэтае даследаванне арганізатары, сярод якіх Інстытут «Палітычная сфера», «Украінская прызма» ды іншыя, правялі адмыслова да Форуму.

У той жа час, паводле прамоўцы, «у супрацы беларускіх дэмакратычных сілаў з Украінай за апошні год было больш пазітыву, чым негатыву, а таксама ўзровень негатыву ў бок беларусаў у медыях і сацыяльных сетках знізіўся». З таго, што мы яшчэ маем – знік такі фактар у супрацы з беларускімі дэмакратычнымі сіламі як асцярога перад рэакцыяй Аляксандра Лукашэнкі, ды ва Украіне больш не чакаюць уступлення Беларусі ў вайну.

Магчымы план супольных дзеянняў

Ды і сам факт другой сустрэчы палітыкаў, актывістаў, даследчыкаў з мэтаю пашукаць спосабы выбудоўвання адносінаў, прынамсі на сімвалічным узроўні засведчыў пазітыўную тэндэнцыю. Як заўважыў адзін з арганізатараў, суразмоўцы не баяцца, што іх няправільна інтэрпрэтуюць, і гэта добры знак.

«Узмоцнены ціск у тым ліку з боку заходніх партнёраў на Украіну па правядзенні выбараў прымусіў украінскую палітыку актывізавацца, а гэта азначае, што беларуская тэма можа стаць адной з дадатковых тэмаў палітычнай барацьбы – актывізаваўся і офіс прэзідэнта, і сілавыя структуры, і некаторыя палітычныя сілы. У гэтым ёсць і магчымасці, і небяспека. Колькасць кантактаў будзе лепшая, але іх якасць да моманту правядзення выбараў будзе горшая, і мы не ведаем, якая складзецца канфігурацыя», – сказалі ў час адной з размоваў.

Падчас дыскусіі ў Львове сярод іншага меркавалася сфармуляваць формулы, па якіх стасункі Беларусі з Украінаю могуць развівацца лепшым чынам. Прычына хаця б тая, што ў нас супольны вораг – Расея, і мы карысныя адзін аднаму для бяспекі і будучыні рэгіёну. Гісторыкі раілі праявіць гістарычны эгацэнтрызм, каб суб’ектывізаваць сябе пасля гадоў, калі гісторыю як Беларусі, так і Украіны пісала Расея.

Медыйшчыкі канстатавалі, што ўкраінская аўдыторыя ўсцяж не ведае беларусаў, а да 2014 года глядзела на нашую краіну вачыма расейскай прапаганды.

«У нас няма нават вобраза беларускай апазіцыі – хто гэта і чаго яны хочуць. Не таму што іх няма ў прынцыпе, а таму што іх не ведае большасць насельніцтва, а стратэгічныя камунікацыі заўсёды масавыя. Трэба пачынаць з ідэі, наратываў і даследавання мэтавай аўдыторыі, а калі будзе пабудаваны наратыў, можна казаць пра камунікацыю».

Панэль пра медыяў скончылася акцыяй салідарнасці з беларускімі журналістамі палітычнымі зняволенымі – спікеры ўзялі ў рукі партрэты журналістаў і да іх далучыліся жадаючыя слухачы дзеля супольнага фота. Цяпер здымак мусіць распаўсюджвацца ў сацыяльных сетках.

Адныя эксперты расклалі неабходнасць прызнання Беларусі Украінаю за акупаваную дзяржаву – у такім выпадку, маўляў, будзе створаная дакладная і зразумелая база, на якой можна выбудоўваць стасункі з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Іншыя – настойваюць на стварэнні беларускага нацыянальнага вызвольнага руху, асновай якога сталі б добраахвотніцкія фармаванні ва Украіне.

Анатоль Лябедзька выступае на палітычнай дыскусіі «Ацэнка беларуска-ўкраінскіх стасункаў» падчас 2-га Форуму імя Астрожскіх у Львове, Украіна. 5 лістапада 2023 года.
Фота: Яўген Атцецкі / Белсат

Дзве «галоўныя», палітычныя, панэлі адбыліся ў другі дзень Форуму. На першай адзін з украінскіх спікераў панаракаў на тое, што ўкраінцы перамаглі на Майдане, а беларусы ў 2020 годзе прайгралі. Затое выступоўцы другой паспрабавалі прапанаваць раскладзены па пунктах план магчымых супольных дзеянняў. Сярод прапановаў – стварыць ва Украіне пазіцыю спецпрадстаўніка ў сувязях з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, павялічыць узаемную прысутнасць у інфармацыйным полі Беларусі і Украіны, арганізаваць моладзевыя валанцёрскія лагеры, каб беларусы маглі прыняць удзел у аднаўленні разбураных украінскіх сёл, скарыстацца ўкраінскім досведам пра падрыхтоўцы прапаноў змен у заканадаўстве будучай Беларусі, стварыць базу дадзеных тых, хто меў дачыненне да ўваходу расейскіх войскаў ва Украіну праз Беларусь.

Беларускі бок, які мадэраваў дыскусію, паабяцаў скласці рэзюмэ размовы, каб нагаворанае пераўтваралася ў практыку.

Што ў беларуска-украінскіх адносінах змянілася за год

Адна з хіба галоўных размоваў Форуму імя Астрожскіх – пра беларусаў ва Украіне, іх праблемы і магчымыя рашэнні – чамусьці апошняя ў праграме. Панэль паказала, што гэтыя праблемы застаюцца тымі ж, а беларусы ўсцяж з’язджаюць з Украіны праз бюракратычныя праблемы. Тыя, хто ўдзельнічаў ў размове, жывуць ва Украіне.

«Асноўнае, што змянілася за год, – тэрмін службы, дастатковы для падачы замежнымі добраахвотнікамі на грамадзянства, ён скарочаны з трох гадоў да аднаго, – выступіла праваабаронца. – І на гэтым, напэўна, усё. Гэта ўсё, што змянілася.

Зараз на разглядзе знаходзіцца законапраект, які рэгулюе становішча замежнікаў, якія ўдзельнічаюць у абароне Украіны, і ён можа яго палепшыць. У некаторых журналістаў і актывістаў былі зноў заблакаваныя банкаўскія карткі – колькасць беларусаў з разблакаванымі рахункамі вельмі маленькая. Калі ў Беларусі немагчыма атрымаць апастыль, адпаведна, адукацыя ва Украіне становіцца недаступнай. Павялічваецца катэгорыя людзей, у якіх канчаецца тэрмін дзеяння пашпартоў альбо яны знішчаныя – і для іх няма ніякай працэдуры легалізацыі».

Таццяна Гацура-Яворская, прадстаўніца грамадзянскага аб’яднання «Ланка», выступае на панэлі «Беларусы ва Украіне: актуальная сітуацыя, праблемы і магчымыя рашэнні» падчас беларуска-ўкраінскага форуму імя Астрожскіх. На здымку (злева направа): Алёна Жаркевіч, Ірына Лукашэнка, Анісія Казлюк, Вадзім Задунайскі, Таццяна Гацура-Яворская. 5 лістапада 2023 года.
Фота: Яўген Атцецкі / Белсат

Іншая суразмоўца панэлі сказала, што праблемы беларусаў ва Украіне – гэта насамрэч праблемы і ўкраінцаў. «Не так даўно Украіна, маючы дэфіцыт лекараў, скасавала прызнанне беларускіх дыпломаў – беларускія лекары з’язджаюць, хоць маглі б дапамагаць і лячыць людзей. Яшчэ багата лекараў знаходзяцца на нізкім старце, бо сканчаецца тэрмін дзеяння іх пашпартоў. Беларус, які адслужыў паўтара года і атрымаў раненне, пасля разрыву кантракта не мае падстаў заставацца ва Украіне і не можа атрымаць ВНЖ. Гэтыя людзі ніяк не абароненыя ва Украіне. Гэта пытанне да дзяржавы, ці можа яна залучаць спецыялістаў у дапамогу і аддаваць павагу тым, хто рызыкуе самым важным, што ў іх ёсць».

Значная частка ўдзельнікаў Форуму прысутнічала і на яго першай эдыцыі год таму – ужо другі раз беларусы і ўкраінцы сустрэліся дзеля дыялогу, але ў размовах раз-пораз гучала тое ж – банкаўскія рахункі, становішча беларускіх добраахвотнікаў і беларускі 2020 год.

«За паўтара года з пачатку вайны мы вымушаны канстатаваць, што сістэмна нічога не змянілася, – выказаўся ўдзельнік івэнта з залі. – Мы сустрэліся зноў, а ў нас як было 50 журналістаў з заблакаванымі банкаўскімі рахункамі, так і засталося, якой сітуацыя з легальным статусам была, такой яна і засталася. Прайшоў год з першага Форуму, а мы чамусьці па-ранейшаму адказваем на пытанні, чаму «беларускі майдан» не перамог».

Як сказаў адзін з арганізатараў, падсумоўваючы, часам на дыскусіях «бліскалі іскры» – другі Форум імя Астрожскіх здарыўся эмацыйным, але дыпламатычна эмацыйным. Можа быць, чарговая дэкларацыя жадання выбудоўваць стасункі – ужо поспех, але не менш цікавы лёс падсумавання панэлі, што разбудоўвала магчымыя супольныя дзеянні. У яго варта было б уключыць прапановы, агучаныя праваабаронцамі пазней, і калі ў гэтага дакументу сапраўды ёсць лёс, магчыма, больш беларусаў звяжуць свой асабісты лёс з Украінай.

Ірэна Кацяловіч belsat.eu

Стужка навінаў