«The New York Times» паказала, дзе ў Беларусі могуць захоўваць ядравую зброю


Амерыканская газета «The New York Times» апублікавала спадарожнікавыя здымкі імавернага сховішча для ядравай зброі пад Асіповічамі. Нават калі ўласна ядравай зброі там няма, захады бяспекі характэрныя для расейскіх ядравых сховішчаў.

Раней на гэтую ж лакацыю звяртала ўвагу Федэрацыя амерыканскіх навукоўцаў: нядаўна мадэрнізаваны аб’ект можа быць прызначаны для захавання ядравых боегаловак.

Збудаваная летась абароненая зона – за трыма агароджамі на і без таго агароджанай базе. Зона мае крытую пагрузачную пляцоўку, злучаную з нечым падобным да схаванага падземнага бункера савецкіх часоў. Нядаўна на тэрыторыі распачалі новае будаўніцтва, але што будуюць, яшчэ незразумела.

Паводле навукоўцаў, якія аналізавалі здымкі, аб’екты пад Асіповічамі «выглядаюць так, каб выклікаць нервовасць самых усходніх краінаў-чальцоў NATO, але не дадуць Расеі новай значнай ваеннай перавагі ў рэгіёне».

Аб тым, што ў Беларусі збіраюцца размясціць расейскую тактычную ядравую зброю, Уладзімір Пуцін упершыню заявіў 25 сакавіка 2023 года. Аляксандр Лукашэнка ўжо год пагражае свету ядраваю зброяй і кажа аб расейскай зброі як аб сваёй уласнай, Расея ж абвяргае, што перадала ядравую зброю яму пад кантроль.

Амерыканская выведка пацвярджала, што расейская ядравая зброя ўжо можа быць у Беларусі, але гэта ставілі пад сумнеў розныя эксперты. Старэйшы навуковы працаўнік Інстытуту ААН у справе вывучэння праблемаў раззбраення Павел Подзвіг тлумачыў «Белсату»: тое, што ў Беларусі ёсць ракеты і бамбавікі, якія ў прынцыпе могуць гэта дастаўляць, зусім не азначае, што там ёсць рэальныя ядравыя боегалоўкі, прызначаныя для размяшчэння на гэтых сістэмах. А ўласна ядравых боегаловак у Беларусі яшчэ не паказвалі і не заўважалі. І наўрад ці пакажуць: практыка, прынятая ў Расеі ў справе абыходжання з баявымі набоямі такая, што яны застаюцца ў абмежаванай колькасці месцаў захоўвання.

Тым не менш, 7 траўня ў Беларусі пачалася раптоўная праверка сродкаў-носьбітаў нестратэгічнай ядравай зброі. 9 траўня Пуцін і Лукашэнка распавялі, што беларускія і расейскія вайскоўцы пачалі рыхтавацца да вучэнняў у адпрацоўванні выкарыстання нестратэгічнай ядравай зброі. Прадстаўнікі Белага дому, Дзярждэпартаменту ЗША і Пэнтагону выказаліся рэзка супраць такіх вучэнняў: для лідара ядравай дзяржавы «безразважна і безадказна бразгаць ядравым арсеналам і намякаць на яго патэнцыйнае выкарыстанне».

Аналітыка
Вайна на чужой зямлі, злы Захад і касмапаліты. Што трэба ведаць пра новую Ваенную дактрыну
2024.04.29 07:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў