Палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк не выйшла на свабоду


Палітзняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк, якая павінна была выйсці на свабоду 21 траўня, этапавалі ў гомельскі СІЗА за два дні да завяршэння тэрміну пакарання.

Паліна Шарэнда-Панасюк.
Фота: асабісты архіў Паліны Шарэнды-Панасюк

«Паліна не выйшла. Яшчэ 19 траўня яе этапавалі з калоніі № 24, куды дакладна, хаваюць», – паведаміў у Фэйсбуку муж палітзняволенай Андрэй Шарэнда.

Пазней Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведаміў, што Паліна Шарэнда-Панасюк цяпер знаходзіцца ў гомельскім СІЗА. Яна была этапаваная туды па патрабаванні Рэчыцкага аддзялення СК. Сёння ёй павінны выставіць новае абвінавачванне – ягоная сутнасць пакуль невядомая.

Адначасова ў падкантрольным ГУБАЗіКу Telegram-канале зʼявілася здзеклівае паведамленне: «А хто ўвогуле сказаў, што Шарэнда-Панасюк павінна была выйсці? Грамадскасці не варта турбавацца, усе змагары застануцца тамака, дзе ім належыць».

Нагадаем, грамадскую актывістку Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі ва ўласным доме ў Берасці 3 студзеня 2021 года. Яе асудзілі на 2 гады пазбаўлення волі, абвінаваціўшы ва ўжыванні гвалту ў дачыненні міліцыянтаў і іх абразе, а таксама ў знявазе Аляксандра Лукашэнкі. Потым палітзняволенай двойчы дадавалі 1 год калоніі паводле арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»). У зняволенні Паліна Шарэнда-Панасюк зазнавала сістэматычны ціск.

У сакавіку 2024 года ў рэчыцкай калоніі БТ зняло прапагандысцкі сюжэт пра Паліну Шарэнду-Панасюк. У кадр трапіла жоўтая бірка палітзняволенай: там было пазначана, што яе тэрмін павінен скончыцца 21 траўня. На пачатку траўня стала вядома, што для Шарэнды-Панасюк устанавілі прэвентыўны нагляд – гэта працэдура, якую выкарыстоўваюць у дачыненні тых, хто выйшаў з месцаў пазбаўлення волі. Гэты факт даў надзею на тое, што Паліну Шарэнду-Панасюк сапраўды плануюць вызваліць, а не дадаць тэрмін зноў.

Разбор
Час «гнілога лібералізму» надышоў? Або навошта прапаганда здымае «відосікі» з палітвязнямі
2024.04.04 11:55

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў