У Іспаніі затрымалі групоўку, якая прадавала беларусак у сексуальнае рабства


Іспанская паліцыя арыштавала злачынную групоўку, якая займалася гандлем жанчын з мэтай сексуальнай эксплуатацыі. У яе склад уваходзілі грамадзянін Іспаніі, па два грамадзяніны з Расеі і Украіны. Вядома аб 14 ахвярах групоўкі, паведамляе Еўрапол.

Фота: europol.europa.eu

Злачынная групоўка дзейнічала з 2020 года. Дзяўчат з Беларусі і Украіны знаходзілі праз сацыяльныя сеткі, звязваліся з імі ад імя менеджараў кадравага агенства. Заваблівалі візамі, абяцаннямі афіцыйнага працаўладкавання ў Іспаніі і фінансавай падтрымкай – ахвярам прапаноўвалі вакансіі хостэс і абслугоўваючага персаналу.

Жанчын прывозілі ў Іспанію па турыстычных візах, дзе яны падавалі запыт на часовую абарону з-за вайны ва Украіне. А потым яны траплялі ў клуб у горадзе Альмерыі на поўдні краіны, дзе іх прымушалі займацца прастытуцыяй.

«Ахвяр размяшчалі ў трох дамах, прадстаўленых адным з кіраўнікоў клуба. Падазраваныя ізалявалі жанчын ад грамадства, спрабуючы мінімізаваць рызыкі выяўлення злачынства паліцыяй або ўцёкаў жанчын. Гэта дазволіла ім цалкам утрымліваць, кантраляваць і эксплуатаваць пацярпелых», – распавялі ў Еўраполе.

Там таксама адзначылі, што на ахвярах зараблялі «велізарныя грошы».

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў