Чыгуначныя кампаніі Казахстану, Кітаю і Беларусі створаць лагістычны тэрмінал для грузаперавозак з КНР у Еўропу. Адпаведнае пагадненне было падпісанае 25 чэрвеня ў Шанхаі, паведамілі ў казахстанскай транспартна-лагістычнай кампаніі «КТЖ».
Апроч АТ «KTZ Express», Мемарандум аб намерах у развіцці супольных лагістычных паслуг падпісалі кітайская «Xi’an Free Trade Port Construction and Operation Co., Ltd» і беларуская ТАА «Юніёнвэй».
«Бакі прыйшлі да пагаднення наконт абʼяднання намаганняў шляхам стварэння на станцыі Свіслач у Рэспубліцы Беларусь лагістычнага тэрміналу для апрацавання і размеркавання грузаў, што транспартуюцца маршрутам Кітай – Еўропа і ў зваротным напрамку», – гаворыцца ў паведамленні.
Чыгуначная станцыя «Свіслач» размешчаная ў Гарадзенскай вобласці Беларусі на мяжы з Польшчай. Памежны пераход з польскага боку – «Сямяноўка» («Siemianówka»).
Адзначым, што падпісанне дамовы адбылося падчас візіту ў Кітай прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды, які ў размовах з кіраўніцтвам КНР абмяркоўваў у тым ліку міграцыйны крызіс на беларуска-польскай мяжы і тое, што крызіс гэты можа перашкодзіць польска-кітайскім чыгуначным зносінам у межах ініцыятывы «Адзін пояс – адзін шлях». Тым часам міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі казаў пра магчымасць закрыцця таварных пунктаў пропускаў на мяжы з Беларуссю. Адным з іх і ёсць «Свіслач» – «Сямяноўка».
Якуб Хруст belsat.eu