Дональд Туск: Еўразвяз дапаможа ў стварэнні лініі абароны на мяжы з Беларуссю і Расеяй


Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск падчас прэс-канферэнцыі пасля саміту Рады Еўропы, на якім абіралася новае кіраўніцтва ЕЗ, распавёў, пра якую дапамогу ў абаронных праектах атрымалася дамовіцца з ЕЗ.

Мур на польска-беларускай мяжы ля вёскі Толчэ, Польшча. 13 траўня 2024 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

«Польшча атрымала 100% таго, што мы закладалі, калі казаць пра абаронныя праекты, якія датычаць бяспекі, – сказаў Туск. – Спрэчка была вельмі гарачая: упершыню я бачыў сітуацыю, калі Францыя і Нямеччына разам спрачаліся за рашэнні, а ўсе астатнія лідары падтрымалі пазіцыю Польшчы ў пытанні гэтых ключавых абаронных праектаў».

Прэм’ер-міністр удакладніў, што гаворка ідзе найперш пра два польскія праекты, адзін з якіх – «купал, шчыт, абарона еўрапейскага неба», праект агульнай СПА – рыхтаваўся разам з грэкамі.

«Справа ў тым, каб Еўропа ўзяла на сябе адказнасць за бяспечнае неба над Еўропай, а не асобныя дзяржавы, – зазначыў палітык. – Я ўпершыню магу з поўнай упэўненасцю сказаць, што ў Польшчы атрымалася мабілізаваць практычна ўсе іншыя краіны, і мы прасунулі нашую ідэю. <…>. Нават французы, якія першапачаткова разам з немцамі трымаліся насцярожаных пазіцыяў, урэшце пагадзіліся, што Еўропе патрэбная салідарнасць і супольнае фінансаванне».

Hавiны
Урад Польшчы выдзеліў больш за 2,5 мільярды долараў на ўмацаванне мяжы з Беларуссю і Расеяй
2024.05.18 20:06

Другі праект – «Шчыт Усход», спалучаны з ініцыятывай краінаў Балтыі пабудаваць лінію абароны Балтыйскага мора. Туск прадставіў на саміце гэты праект як сумесны з балтыйскімі краінамі.

«Тут таксама была падобная спрэчка, і нам удалося прасунуцца ў такіх жа маштабах», – адзначыў прэм’ер-міністр.

Напярэдадні саміту ЕЗ Польшча і краіны Балтыі звярнуліся да партнёраў з прапановай прыняць удзел у фінансаванні будаўніцтва абароннай лініі на мяжы з Беларуссю і Расеяй.

22 траўня міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш прадставіў у Сейме справаздачу аб стане бяспекі краіны, у тым ліку расказаў падрабязней аб плане нацыянальнай абароны і стрымліванні пад назвай «Усходні шчыт». Ён выказаў гатоўнасць павялічыць «ваенную прысутнасць» на мяжы з Беларуссю і выдзеліць на гэтыя мэты дадатковае фінансаванне.

Намеснік міністра нацыянальнай абароны Цэзарый Томчык паведаміў, што першыя фінансавыя інвестыцыі ў развіццё абарончай інфраструктуры на мяжы плануюць выдзеліць у першым квартале 2025 года, і назваў гэты праект прыярытэтным для польскага ўраду.

Hавiны
У Мінабароны Польшчы паказалі, як будзе выглядаць «Усходні шчыт» на мяжы з Беларуссю
2024.05.27 22:50

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў