Крыніцы з атачэння Байдэна распавялі, пры якіх умовах ён можа зняцца з выбараў


Джо Байдэн можа адмовіцца ад удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах, калі на гэтым будуць настойваць ягоныя сваякі і бліжэйшае атачэнне, піша выданне Axios са спасылкай на крыніцы ў дэмакратычнай партыі і іншых набліжаных да амерыканскага прэзідэнта людзей.

Здымае мае ілюстрацыйны характар. Прэзідэнт Злучаных Штатаў Джо Байдэн на сустрэчы з выбарнікамі ў Волінгфардзе, штат Пенсільванія, ЗША. 8 красавіка 2024 года.
Фота: Allison Shelley / Joe Biden / Flickr, CC BY-NC-SA 2.0

«Адзіны шлях, якім прэзідэнт Байдэн можа сысці ў адстаўку, нягледзячы на правал сваіх дэбатаў – гэта калі тая ж самая невялікая адданая яму група людзей, якая спрыяла ягонаму вылучэнню, раптам вырашыць, што яму час сысці», – піша амерыканскае выданне.

Пад бліжэйшым атачэннем, якое мае ўплыў на рашэнні ў жыцці Байдэна, Axios мае на ўвазе ягоную жонку Джыл, малодшую сястру Валяры ды старога сябра і сталага дарадцу 85-гадовага Тэда Каўфмана, а таксама невялікую групу дарадцаў Белага дому.

Рашэнне аб удзеле ў выбарах Байдэн прымаў сам, распавялі Axios у атачэнні прэзідэнта. І калі ён не сыдзе цяпер з прэзідэнцкай гонкі, то таму, што і ён, і атачэнне будуць лічыць, што ў яго больш шанцаў перамагчы Трампа, чым у віцэ-прэзідэнткі Камалы Харыс.

Сям’я і дарадчыкі Байдэна згодныя, што ягоныя дэбаты з Дональдам Трампам былі правальнымі, аднак спадзяюцца, што яшчэ ёсць шанец.

Разбор
Правал Байдэна, няпраўда Трампа і паніка дэмакратаў. Падсумоўваем вынікі дэбатаў у ЗША
2024.06.28 19:02

Дэбаты паміж кандыдатамі на прэзідэнцтва адбыліся 27 чэрвеня. Медыі амаль адзінагалосна назвалі выступ Байдэна правальным. Сам ён прызнаў выступ няўдалым, але ад далейшага ўдзелу ў выбарах не адмовіўся:

«Я не дыскутую так добра, як раней. Але я ведаю, як рабіць гэтую працу. Я ведаю, як казаць праўду. Выбар на гэтых выбарах просты. Доналд Трамп знішчыць нашую дэмакратыю. Я буду гэта абараняць».

Рэдкалегія газеты «The New York Times» заклікала Джо Байдэна зняцца з выбараў, а Дэмакратычную партыю – знайсці яму замену.

«Найвялікшая грамадская паслуга, якую можа цяпер надаць Байдэн, – абвесціць, што ён не будзе працягваць балатавацца на перавыбары», – упэўненыя журналісты.

19 жніўня Дэмакратычная партыя мае афіцыйна вылучыць свайго кандыдата. Прэзідэнцкія выбары ў ЗША пройдуць 5 лістапада.

Аб’ектыў
Прэзідэнцкія дэбаты ў ЗША – згадалі і пра Беларусь
2024.06.28 22:29

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў