«Аналітыкам Ціханоўскай» завочна вынеслі прысуд: ад 10 да 11,5 гадоў зняволення


У Менскім абласным судзе вынесены прысуд па справе «аналітыкаў Святланы Ціханоўскай». 20 прадстаўнікам экспертнай супольнасці, палітыкам і журналістам завочна прысудзілі ад 10 да 11,5 гадоў зняволення і велізарныя штрафы, паведамляе Генпракуратура.

Святлана Ціханоўская
Святлана Ціханоўская на сустрэчы з арганізацыямі беларускай грамадзянскай супольнасці ў варшаўскім Цэнтры беларускай салідарнасці. Варшава, Польшча. 10 студзеня 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Усіх прызналі вінаватымі ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам; уваходжанні ў склад экстрэмісцкага фармавання ў мэтах здзяйснення злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці; дапамаганні публічным заклікам да дзеянняў, якія накіраваныя на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь; дапамаганні ўчыненню дзеянняў, якія накіраваныя на ўзбуджэнне сацыяльнай варожасці і варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненых групай асоб.

Аляксандра Дабравольскага таксама прызналі вінаватым у кіраўніцтве «экстрэмісцкім» фармаваннем і «структурным падраздзяленнем, якое ўваходзіць у яго». Яму прысудзілі 11 гадоў 6 месяцаў пазбаўлення волі са штрафам у памеры 240 тысяч рублёў.

Ганне Красулінай, Дзянісу Кучынскаму, Пятру Рудкоўскаму, Аляксандру Шлыку – па 11 гадоў пазбаўлення волі са штрафам ад 40 тысяч рублёў да 1,6 млн рублёў.

Рыгору Астапене, Філіпу Біканаву, Юрыю Дракахрусту, Андрэю Казакевічу, Яўгену Крыжаноўскаму, Вераніцы Лапуцька, Алесю Лагвінцу, Ганне Любаковай, Васілю Навумаву, Марыі Рогавай, Алесі Руднік, Наталлі Рабавай, Таццяне Чуліцкай, Кацярыне Шмацінай – па 10 гадоў пазбаўлення волі.

На гэта Ганна Любакова ўжо паспела пажартаваць у сацсетках: «Суддзі далі мне 10 балаў!».

Паўлу Усаву прысудзілі 11 гадоў пазбаўлення волі.

Прысуд не ўступіў у сілу, можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.

У рэальнасці няма ніякага аб’яднання «аналітыкаў Ціханоўскай». Акрамя таго, некаторыя з асуджаных нават не звязваюць сябе з якімі-небудзь палітычнымі сіламі.

Каментар
Дабравольскі пра справу «аналітыкаў Ціханоўскай»: «Не ўсе мне былі знаёмыя, гэта абсурд»
2024.04.30 15:45

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў