Насустрач святу, або Ці любіце вы падарункі?

На нас няўмольна насоўваецца Дзень незалежнасці – 3 ліпеня. Тут мы, вядома, абышлі ЗША, забілі, так бы мовіць, гол амерыканцам. У іх жа сваё свята 4-га – на цэлыя содні пазней.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзень незалежнасці ў Менску, Беларусь. 3 ліпеня 2022 года.
Фота: Белсат

Такое першынство хоць і цешыць, аднак яно адначасова надзвычай небяспечнае. Наводзіць на цалкам непатрэбныя паралелі.

4 ліпеня 1776 года (афіцыйна) Кангрэс ЗША прыняў Дэкларацыю незалежнасці, і аддзяленне ад метраполіі адбылося. 3 ліпеня 1944 года адбылося вызваленне сталіцы БССР, Менску, ад гітлераўскіх войскаў. І? Ці стала Беларусь незалежнай у гэты без сумневу радасны дзень?

Адказ відавочны. Дата ўмоўная. І выглядае здзекам, быццам ніякае незалежнасці беларусам і не належыць, і загадалі радавацца таму факту, што 80 гадоў таму цэнтр нашае метраполіі шчасліва вярнуўся з Берліну ў Маскву. Віншаваць варта іх, там. Лагічным было б святкаванне гэтай даты беспасярэдне ў Маскве. Аднак у іх, як на злосць, працоўны дзень. Усе занятыя.

Але гэта так, асабістае занудства залішне адукаванага чалавека з наяўнасцю (гістарычнай) памяці. Насельніцтва ж Беларусі агулам такімі экзістэнцыйнымі пытаннямі не задаецца і цешыцца таму, што дадатковы выходны прыпадае якраз на сярэдзіну лета.

Ну, і не толькі ж выходны. Куды ж у гэты дзень без святкаванняў, без гулянняў, без вайсковага параду ўрэшце! Міралюбівасць і нейтралітэт нашай краіны маюць быць неяк візуальна зафіксаваныя?

І сапраўды, праграма прадугледжвае ў гэты дзень і праходжанне павялічаных у 1,5 разу (у гонар юбілею) вайсковы парадных разлікаў, і пралёт прыязных расейскіх самалётных групаў, і прысутнасць не менш прыязных вайсковых падраздзяленняў з той жа Расеі, Кітаю, а таксама Азербайджану, Казахстану, Кыргызстану, Таджыкістану і Узбекістану.

Адразу зразумела, хто нам сябар, хто нам вораг. Дзіўна, што іранцы з венесуэльцамі адсутнічаюць, дый паўночнакарэйцы з зімбабвійцамі чамусьці нас ігнаруюць…

Скончацца ж урачысты парад тэатралізаваным эпізодам «80 пераможных гадоў» (мы кагосьці перамагалі пасля 1944-га?), што складаецца з васьмі карцінаў, адна з якіх носіць гордую назву «Радзіма ЭВМ»…

Тут «нашыя паўнамоцтвы – усё», ваш аўтар губляецца ў здагадках, што ж мелі на ўвазе стваральнікі такое прыкметнае назвы. Першую ЭВМ змантавалі ў штаце Аява, у далёкім 1942 годзе. Магчыма, аўтары «карціны» пастанавілі такім чынам замацаваць братэрскае сяброўства між беларускім і амерыканскім народамі? У прыватнасці з жыхарамі згаданай аяўшчыны?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Рэканструкцыя аперацыі «Баграціён» у гістарычна-культурным комплексе «Лінія Сталіна». Менск, Беларусь. 3 ліпеня 2023 года.
Фота: Белсат

Было б смела, сучасна, але! Паклаўшы руку на сэрца, не час!

Застаецца толькі выказаць здагадку, што ЭВМ у даным выпадку – гэта скарачэнне ад імя вялікага беларускага футбольнага трэнера, Эдуарда Васільевіча Малафеева. Але і тут няўвязка, нарадзіўся ж ён у Краснаярску. Як быць? Як зразумець задуму?

Але пакіньма ў спакоі «эпізоды» і «карціны», рушым далей.

Да вечара менчукоў і гасцей гасціннай сталіцы пацешаць салютам і мастацтвам, у першую чаргу песенным. І тут, ізноў, ёсць чым сэрца супакоіць.

У галоўны для Беларусі дзень на галоўнай для краіны сцэне выступяць не Тэйлар Сўіфт, і не Стынг з «Бі-2». Куды ім! Гэдлайнерамі дзеі будуць Хор Турэцкага, Пелагея і Дзяніс Майданаў. Апошні, напэўна, праспявае гледачам пра тое, як «летят на сарматушки на соединенные штатушки», і гледачы, напэўна, будуць пляскаць у далоні ды нават, магчыма, запатрабуюць на біс.

Ну і – салют, куды ж без яго.

Што ж датычыць падарункаў, дык расстараліся, вядома, усе ўстановы і арганізацыі. Але асабліва натхнілі крэатыўным падыходам Менскія цеплавыя сеткі і «Менсккамунцяплосетка». Вось ужо хто «малайцом», дык гэта яны, цяплозабеспячальныя арганізацыі.

Паводле агенцтва «Минск-новости», гэтак яны ўсё спланавалі, што склалі графік адключэнняў гарачай вады ў горадзе з улікам нацыянальнага свята. Уяўляеце?

Гэта значыць літаральна ўсюды, у кожнай кватэры Менску 3 ліпеня будзе гарачая вада!

Ура, таварышы! Нездарма дзяды Менск вызвалялі! Дзякуй таварышу Ст… (вой, што я кажу?) Вядома ж, дзякуй цяперашняму мудраму кіраўніцтву краіны, якое прызначыла не менш мудрае (ну хіба што на ледзь-ледзь) кіраўніцтва гораду, якое ў сваю чаргу прызначыла клапатлівае кіраўніцтва цеплазабеспячальных арганізацыяў, якое, на 31-м годзе незалежнасці вырашыла не адключаць у жыхароў гарачую ваду 3 ліпеня. Брава! Біс! Салют!

Адна бяда: не для ўсіх гэтая радасць.

Як вынікае са звестак статыстычнага зборніка Белстату, у краіне дасюль не маюць доступу да гарачага водазабеспячэння 6,2 % насельніцтва, або 560 тысячаў чалавек. І, калі вам раптам падасца, што гаворка пра сельскіх жыхароў, дзе пра гарачую ваду ў трубах і не марылі, печкі дастаткова, то спяшаюся вас знерваваць.

З вышэйзгаданай лічбы колькасць асобаў, якія жывуць у гарадах, складае каля паловы.

Не змогуць яны ацаніць такіх камунальных падарункаў, не падзеляць агульнай радасці адносна бясконцай шчодрасці і клапатлівасці дзяржавы, акурат праз 80 гадоў пасля вызвалення ад замежнага ворага.

А так дык ура, таварышы! А як жа!

belsat.eu / ЮК

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў