Беларусь 3 ліпеня адзначае афіцыйны Дзень незалежнасці – у гэты дзень у 1944 годзе савецкія войскі вызвалілі Менск ад нацысцкіх войск, але частка Беларусі заставалася пад нацысцкай акупацыяй, тады як вызваленая частка – пад уладай Масквы. На Дзень незалежнасці ў розных гарадах Беларусі ладзяць парады. І да некаторых элементаў парадаў пытанняў не менш, чым да выбару даты свята.
Мяркуючы па трансляцыі дзяржаўнага тэлебачання, на парад у Менску сабралі некалькі тысяч гледачоў. Магчыма, многія ўдзельнічалі не добраахвотна, а «добраахвотна-прымусова»: на кадрах БТ большасць гледачоў сумавала, як удзельнікі «ўсебеларускага сходу».
Хіба дзяржаўнаму каналу АНТ удалося адшукаць людзей з усмешкамі на твары – праўда, адна з радасных глядачак параду была загорнутая не ў дзяржаўны ці нацыянальны беларускі сцяг, а ў савецкі.
Аляксандр Лукашэнка ў выступе на парадзе запэўніваў, што хоча міру, і распавядаў, што ёсць хтосьці, хто «зноў сее варожасць, кідаючы яе зерне на нашы землі, хто гатовы ўцягнуць у новую крывавую бойню свае народы». Раней ён сам прызнаваў сябе суагрэсарам у расейскім нападзе на Украіну, учыненым у тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Таксама ён казаў пра «тэрарыстычныя пагрозы мірнаму насельніцтву» і «правакацыі на мяжы» – у гэтым, як выглядае з кантэксту, Лукашэнка вінаваціць Еўразвяз і Злучаныя Штаты, якія «кіруюць» Еўразвязам. Акрамя таго, Лукашэнка заклікаў «захаваць незалежнасць» і тлумачыў, што робіць гэта ў саюзе з Расеяй.
Падчас выступу на парадзе Лукашэнка выглядаў нязвыкла: ці то праз няўдалы ракурс, ці то праз святло, ці то праз касцюм ён глядзеўся незвычайна распаўнелым.
Выступ Лукашэнкі задаволіў не ўсіх. Праўладная актывістка і «фанатка АМАП» Вольга Бондарава ў Telegram абурылася, што Лукашэнка не выказаў захаплення савецкімі генераламі і дыктатарам Іосіфам Сталіным. На момант публікацыі пост не выдалены, а «пакаянных відэа», як пасля колішняга ейнага «наезду» на кіраўніка абласной міліцыі, не з’яўлялася.
Абуралася не толькі яна. Дзяржаўны сакратар Савету бяспекі Аляксандр Вальфовіч раскрытыкаваў Арменію за тое, што ад яе не было дэлегацыі на парадзе «па нейкіх надуманых, хутчэй за ўсё, суб’ектыўных прычынах – мы разумеем, што гэта за прычыны».
Ды ў парадзе ўзялі ўдзел разлікі з Расеі, Кітаю, Азербайджану, Казахстану, Таджыкістану, Узбекістану. І канешне, Беларусі.
Перад трансляцыяй параду на тэлеканале «Беларусь-1» нахвальвалі дзеянні сілавікоў супраць мірных пратэстаў 2020 года, бо АМАП «бароніць незалежнасць». І байцы АМАП сапраўды прайшлі на парадзе – таксама як прайшлі следчыя і ўзброеныя аўтаматамі ратавальнікі.
Галоўнай «фішкай» параду, імаверна, задумвалі зрабіць ракетныя комплексы «Іскандэр-М», тэарэтычна здольныя несці ядравую зброю. Каб падкрэсліць, што здольныя, на бутафорскія боегалоўкі нават нанеслі знакі «радыяцыйная небяспека». Як адзначае «Zerkalo», выкарыстанне такога знаку ў прапагандысцкіх мэтах незаконнае.
Але найбольш замежных назіральнікаў уразілі «Шахеды» – ударныя беспілотнікі, якія Расея выкарыстоўвае ў вайне супраць Украіны. У тым ліку «Шахедамі» падчас параду Расея біла па Дняпры, забіла пяць чалавек. На парадзе беспілотнікі прадставілі як беспілотнікі «Герань» беларускай вытворчасці, але вонкава яны ідэнтычныя іранскім «Shahed 136».
Таксама з цікавай тэхнікі на парадзе паказалі «кітайскія Ролс-Ройсы». Міністр абароны і камандуючы парадам ехалі стоячы ў кабрыялетах, падобных да «Hongqi L5» – кітайскіх люксавых машынаў цаной ад 680 тысяч долараў.
За вайсковай тэхнікай ішла цывільная: машыны БелАЗ і МАЗ, трактары МТЗ і камбайны «Гомсельмашу»… Зноў абышлося без унітазаў (якія былі на парадзе-2017). Затое на парадзе правезлі «жывыя статуі» пад савецкімі сцягамі:
Вагон метро правезлі на грузавіку:
Таксама на грузавіку, следам за калонай БРСМ, правезлі макет савецкай касмічнай ракеты з «героямі-касманатўамі»:
Міністэрства абароны пахвалілася: адразу пасля параду адной з удзельніц параднага разліку зрабілі прапанову рукі і сэрца:
Пасля параду для менчукоў зладзілі святочную праграму каля Палаца спорту:
Парады на 3 ліпеня былі не толькі ў Менску. У Горадні, напрыклад, на парадзе паказалі ўгнаенні «ГроднаАзоту»:
У Салігорску – людзей у ролі помніка ахвярам нацыстаў у Хатыні:
А ў Менску напярэдадні правялі акцыю «Нашчадкі перамогі», на якой малых дзяцей апранулі ў форму сілавікоў:
Алесь Наваборскі belsat.eu