Прэс-сакратар МЗС Польшчы Павел Вроньскі: «Белсат» будзе пашыраць інтэрнэт вяшчанне


4 ліпеня было абвешчана аб структурнай рэформе ў межах Польскага грамадскага тэлебачання TVP, якая закране і тэлеканал «Белсат». 5 ліпеня падрабязнасці будучай рэформы «Белсату» пракаментаваў прэс-сакратар МЗС Польшчы Павел Вроньскі.

Ньюсрум тэлеканалу «Белсат». 20 сакавіка 2024 года. Варшава, Польшча.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

4 ліпеня «Telewizja Polska» прадставіла новы план структуры тэлебачання Польскага грамадскага тэлебачання. У бліжэйшы час будзе створаны Цэнтр праграм для замежжа. Ён возьме пад сваё крыло вяшчанне на замежных мовах. Гаворка ідзе пра тэлеканалы «TVP World» і «Белсат». Плануецца, што на базе «Белсату» будзе створаны новы тэлеканал, які будзе вяшчаць на беларускай, украінскай і расейскай мовах.

«Гэта – абʼяднанне намаганняў, а не паглынанне. Кожная з трох рэдакцыяў (беларуская, украінская і расейская) будзе захоўваць аўтаномію і не страціць сваёй незалежнасці. Гэта будзе своеасаблівае сумеснае прадпрыемства з агульнай мэтай і агульнай падтрымкай», – кажа прэс-сакратар МЗС Польшчы Павел Вроньскі.

Паводле прадстаўніка МЗС, неабходна выкарыстоўваць новыя каналы для распаўсюджвання інфармацыі Гэта азначае, што больш увагі будзе надавацца стрымінгавым платформам, YouTube і іншыя онлайн-рэсурсам.

«Для гледачоў нічога не зменіцца. Яны змогуць глядзець «Белсат», як і глядзяць зараз, пад тым жа лагатыпам без усялякіх зменаў. Мяркую нават, што «Белсата» будзе больш. Будзе пашыраная магчымасць інтэрнет-вяшчання, на гэта мы звяртаем увагу. Будзе рэгулярны абмен матэрыяламі паміж рознымі рэдакцыямі. І беларускі глядач зможа атрымаць доступ да большай колькасці праграмаў, якія робіць Польскае тэлебачанне», – кажа Павел Вроньскі.

Закрануць змены і расейскамоўную частку «Белсату» – праект «Вот Так». Паводле новай канцэпцыі, асноўная аўдыторыя новага тэлеканалу – гэта не жыхары Расеі. «У Расеі прапаганда ўжо прамыла мазгі, – кажа суразмоўца «Белсату». – Але шмат тых хто размаўляе па-расейску жыве і на Захадзе, а што яны атрымлівалі? Russia Today? У Ізраілі, напрыклад, жыве вялікая група расейскамоўнай аўдыторыі, таму новы тэлеканал засяродзіць сваю працу перадусім на тых, хто разумее і размаўляе па-расейску, але зʼехаў з РФ», – падсумаваў Вроньскі.

belsat.eu

Стужка навінаў