МЗС Польшчы адказала на скаргі на візавы цэнтр у Беларусі: працуе добра, мяняць не будуць


Міністэрства замежных справаў Польшчы адказала на пытанні «Белсату» аб працы візавага цэнтру «VFS Global» – афіцыйнага партнёра амбасады ў Беларусі. У ведамстве заявілі, што прэтэнзіяў да кампаніі не маюць, а цяжкасці з афармленнем візаў звязаныя з вялікай колькасцю ахвочых і скарачэннем персаналу амбасады на патрабаванне цяперашніх уладаў Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польская віза ў беларускім пашпарце.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

На фоне ажыятажнага попыту на шэнгенскія візы ў Беларусі расквітнеў бізнес пасярэднікаў, якія за грошы абяцаюць запісаць на падачу дакументаў праз сайт цэнтру «VFS Global». Кампанія паступова мяняла правілы рэгістрацыі і запісу, каб адсячы ботаў і даць магчымасць беларусам самастойна здабыць запаветны слот.

Адна з апошніх навінак – відэаверыфікацыя: заяўнік мае паказацца ў камеру з пашпартам. І нават такая функцыя, як сцвярджаюць беларусы, што звярнуліся ў рэдакцыю са скаргамі, не выратавала: «дапамагатары» нікуды не зніклі, а дадатковыя перашкоды толькі прывялі да падаражэння паслугаў пасярэднікаў, але не да магчымасці запісацца самастойна.

Як пісала раней выданне «Devby.io», прасунутыя «памочнікі», якія абяцаюць запісаць на падачу дакументаў нават з сэлфі-верыфікацыяй, просяць ужо да 2000 рублёў. Апошнім часам падаражэлі паслугі і «звычайных» пасярэднікаў, якія раней прасілі 500 рублёў, а цяпер ад 700 да 1050 рублёў. Але з тэрмінамі пэўнасці няма – можна чакаць месяцамі.

Аўтобус «Варшава – Берасце» на вакзале «Варшава Заходняя». Варшава, Польшча. 29 сакавіка 2024 года.
Фота: Белсат

Беларусы скардзяцца, што функцыя відэаверыфікацыі на сайце «VFS Global» завісае, калі выбіраеш вольны часовы слот. Калі паспрабаваць зноў, то месцаў на запіс ужо няма. Такім чынам, робяць выснову карыстальнікі, некаму і нейкім чынам усё ж удаецца прайсці гэтую верыфікацыю. З гэтай прычыны ў махлярстве западозрылі візавы цэнтр, які, імаверна, нелегальна дае магчымасць запісацца з дапамогаю пасярэднікаў.

Зрэшты, у чатах, дзе абмяркоўваюць «візавы экшан», сведчаць таксама пра паспяховы досвед самастойнага запісу, хоць часта на гэта патрабуюцца месяцы.

Hавiны
У Беларусі за запіс на візу «дапамагатары» пачалі прасіць 2 тысячы рублёў
2024.07.02 15:13

У Міністэрстве замежных справаў Польшчы ў адказ на запыт «Белсату» адзначылі, што амбасада і консульствы выдаюць візы ва ўмовах скарачэння персаналу на патрабаванне цяперашніх уладаў Беларусі. Каб задаволіць попыт, часткова хадайніцтвы на візы разглядаюць нават у МЗС у Варшаве, хаця звычайна гэтым займаюцца толькі ў дыпламатычных прадстаўніцтвах на месцы:

«Цяпер мы працуем ва ўмовах павышанага попыту на візы, што ёсць наступствам скарачэння колькасці візаў, якія выдаюць іншыя дзяржавы – чальцы ЕЗ. Мы – адзіная краіна, што выдае ў Беларусі вялікую колькасці візаў, нягледзячы на велічэзную нагрузку і скрайне складаную кадравую сітуацыю ў нашых консульскіх установах. Відавочна, што не ўсе заяўнікі могуць запісацца безадкладна, без чакання».

Hавiны
Беларусы ў яшчэ большай ізаляцыі: Польшча прыкметна скараціла колькасць выдаваных візаў
2024.06.24 10:58

У МЗС прызналі, што раней нелегальныя «памочнікі» амаль цалкам манапалізавалі прыём заяваў у візавы цэнтр, але сітуацыя змянілася:

«Самыя заяўнікі канстатуюць, што цяпер можна зарэгістравацца самастойна. Новая сістэма спраўджвае чаканні. Інфармацыя пра “гарантаваную падачу на візу ў Польшчу” знікае з сайтаў пасярэднікаў і іх акаўнтаў у сацсетках. Пры гэтым на ацэнку сістэмы можна паўплываць той факт, што мы цяпер на піку турыстычнага сезону, калі зацікаўленасць у візе найвялікшая».

У польскім міністэрстве таксама папікнулі карыстальнікаў, якія ствараюць некалькі акаўнтаў, каб павялічыць шанцы на рэзервацыю даты:

«Некаторыя заяўнікі ствараюць некалькі ўліковых запісаў у сістэме, што адпаведна кваліфікуецца як боты і касуе магчымасць паспяховай рэгістрацыі».

Каментар
Польшча назвала прымальным адсотак адмоваў беларусам у візах. Ён адзін з самых высокіх сярод краінаў ЕЗ
2024.06.11 17:40

У МЗС запэўнілі, што на сталай аснове кантралююць працу «VFS Global» у Беларусі. Фактаў злоўжыванняў з боку кампаніі не выяўлена:

«Консулы кантралююць “VFS Global” і правяраюць усе скаргі. Правяранні візавых цэнтраў праводзяцца рэгулярна, у тым ліку без папярэджання. Інспекцыі таксама ахопліваюць працэдуру запісу на падачу дакументаў. Аніякіх карупцыйных дзеянняў або недахопаў з боку аператара не выяўлена».

Пры гэтым, як сцвярджаюць у ведамстве, бальшыню скаргаў ініцыююць акурат тыя, хто страчвае магчымасць зарабляць на нелегальным пасярэдніцтве:

«Пасля ўхвалення аднаго з элементаў сістэмы спраўджання заяўнікаў паступалі скаргі на цяжкасці пры рэгістрацыі. Гэтыя звароты збольшага ініцыяваныя рознымі групамі, чые інтарэсы былі закранутыя. Цяпер пасярэднікі не могуць забяспечыць рэгістрацыю, і ахвочыя падаць заяўку рэгіструюцца самастойна».

Амбасада і консульствы Польшчы ў Беларусі не маюць прэтэнзіяў да візавага партнёра – існы кантракт выконваецца.

«Прадстаўніцтвы Польшчы ў Беларусі падпісалі гадавыя кантракты з кампаніяй “VFS Global” у красавіку 2024 года. Установы добра ацэньваюць супрацу з фірмаю. “VFS Global” таксама надае паслугі візавага аўтсорсінгу іншым краінам – чальцам ЕЗ, якія выдаюць візы ў Беларусі», – падсумавалі ў Міністэрстве замежных справаў Польшчы ў адказе на запыт «Белсату».

Агляд
«Шэнгенскі квэст». Як беларусам атрымаць візу ў Еўразвяз?
2024.05.29 15:45

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў