Стрыжак пра адпушчаных палітвязняў: «Мажліва, у хуткім часе пабачым новыя прозвішчы з гуманітарнага спісу»


На думку кіраўніка фонду «BYSOL», беларусы могуць трапіць у пастку, прытым на міжнародным узроўні. На момант публікацыі, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», на волю выйшлі 18 палітвязняў. Сярод іх – 4 жанчыны і 14 мужчынаў, у тым ліку асуджаны да 10 гадоў калоніі і хворы на анкалогію Рыгор Кастусёў. 

Андрэй Стрыжак.
Фота: Белсат

Нагадаем, 3 ліпеня стала вядома, што ўлады Беларусі пачалі выпускаць на волю некаторых палітвязняў. Частка асуджаных выйшла паводле амністыі, а некаторыя – праз памілаванне.

Кіраўнік фонду «BYSOL» запэўніў, што інфармацыя, якую распаўсюджваюць дзяржаўныя СМІ пра тое, што на волю выходзяць хворыя людзі і палітвязні сталага ўзросту, – не адпавядае рэчаіснасці:

«З таго, што нам вядома датычна гэтых 15–16 чалавек, сур’ёзны анкалагічны дыягназ пацверджаны толькі ў Рыгора Кастусёва. Але падкрэслю, што гэты працэс працягваецца. Мажліва, у хуткім часе пабачым новыя прозвішчы з гуманітарнага спісу».

Разважаючы пра тое, ці чакаць ад рэжыму новых прыкметаў «адлігі», Стрыжак адказаў, што каб гэта неяк аналізаваць, спачатку трэба канчаткова зразумець, што было падставай для так званай «адлігі». Бо ўжо цяпер вельмі шмат меркаванняў на гэты конт: і праца дэмакратычных сілаў, і блакада памежных пераходаў з боку Польшчы, і размова прэзідэнта Польшчы з кіраўніком КНР. Ніхто пакуль дакладна не ведае, дзе і менавіта што спрацавала.

«Не трэба адчуваць эйфарыю і думаць, што ўсе скончылася, і ўлады пераходзяць на новыя рэйкі. Гэта не так, – мяркуе Стрыжак. – Ні пра якія гуманізм і спагадлівасць да людзей з боку рэжыму размовы не ідзе. Мы зможам гаварыць пра нейкія пэўныя змены толькі тады, калі выходзіць на сталай аснове пачне нейкая пэўная колькасць людзей, а арыштоўваць у той жа дзень будуць нуль беларусаў. Пакуль нічога не ўказвае на тое, што ўлады Беларусі вырашылі правесці масавую амністыю».

Каментар
«Рыжанкоў забыўся, дзе знаходзіцца». Чаго дасягнуў новы кіраўнік МЗС за першы тыдзень?
2024.07.05 18:41

Надзея Вольная belsat.eu

Стужка навінаў