З прапановаю новага кантракту ў Еўракамісію звярнуліся Чэхія, Вугоршчына, Аўстрыя і Славаччына.
Нагодаю для падпісання дамовы паміж «Газпромам» і Еўразвязам можа быць нарастальная ўстрывожанасць Аўстрыі, Чэхіі, Вугоршчыны і Славаччыны праз магчымае спыненне транзіту расейскага паліва праз тэрыторыю Украіны. Адпаведную заяву зрабіла выданне Handelsblatt, спасылаючыся на ўласныя крыніцы.
Дзейны кантракт на транзіт расейскага газу ў краіны ЕЗ праз Украіну паміж «Нафтагазам» і «Газпромам» канчаецца ўжо 31 снежня. У сувязі з гэтым, як удакладняе выданне, урад Еўразвязу разглядае два імаверныя сцэнары.
Першы: заключэнне дамовы з еўрапейскім энергапрадпрыемствам, якое будзе купляць газ на расейска-ўкраінскай мяжы, скіроўваць яго ў Еўразвяз і плаціць Украіне за транзіт. Але для гэтага трэба згода Кіева.
Другі: наладзіць дастаўку газу з Азербайджану. Але такі сцэнар таксама патрабуе прыцягнення да перамоваў «Газпрома».
Нагадаем, раней Украіна заяўляла, што не разарвала кантракту толькі ў інтарэсах еўрапейскіх партнёраў, але працягваць яго не збіраецца.
У канцы чэрвеня польская энергетычная кампанія «Orlen» апавясціла тры еўрапейскія карпарацыі з Вугоршчыны, Аўстрыі і Славаччыны, што іх плацяжы, адрасаваныя «Газпрому», могуць быць арыштаваныя, бо яны займаюцца імпартам расейскага газу. У тым жа месяцы з’явілася інфармацыя, што Еўразвяз вядзе перамовы з Украінаю пра падаўжэнне пагаднення, згодна з якім у 2025 годзе транзіт расейскага газу ў краіны ЕЗ будзе ажыццяўляцца праз Украіну.
Надзея Вольная belsat.eu