«Белсат» падводзіць вынікі 862-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 4 ліпеня чытайце ў нашым аглядзе.
На паўночным захадзе ад гораду Харкаў Узброеныя сілы РФ зноў зайшлі на тэрыторыю памежнага сяла Сотніцкі Казачок. Праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» мяркуе, што прасоўванні адбыліся сіламі дыверсійна-выведнай групы. Нагадаем, у чэрвені ўкраінскія вайскоўцы ўжо выбівалі праціўніка з гэтага населенага пункта.
Таксама ў Харкаўскім раёне працягваюцца баі на ўчастку фронту паміж сёламі Ліпцы і Глыбокае (на паўночным усходзе ад абласнога цэнтру). Прарасейскі тэлеграм-канал «Архангел Спецназа» сцвярджае, што з поўначы ад першага населенага пункту УС РФ захапілі тры апорныя пункты праціўніка. Акрамя гэтага яны з дапамогай дыстанцыйнага мініравання перакрылі дарогу на захадзе ад Ліпцаў.
У сваю чаргу ўкраінскія вайскоўцы контратакуюць, але пакуль не маюць істотных поспехаў.
У Чугуеўскім раёне абодва бакі атакуюць на тэрыторыі гораду Ваўчанск і ягоных ваколіцаў, але лінія сутыкнення застаецца стабільнай. Праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» тлумачыць адсюль зменаў знясіленнем пяхоты праціўнікаў. Пры гэтым адзначаецца, што войскі РФ па-ранейшаму маюць перавагу ў артылерыі і авіяцыі, але ўкраінцы ўдала кампенсуюць гэта ўдарамі FPV-дронаў.
У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што на купянскім і ліманскім кірунках цягам апошніх содняў Сілы абароны краіны адбілі не менш за 40 атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Сынькоўка, Стэльмахаўка, Грэкаўка, Макееўка, Неўскае і Церны, а таксама на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва.
Тэлеграм-канал «НгП раZVедка» піша, што што таксама войскі РФ атакавалі ў ваколіцах сёлаў Ліман Першы і Петрапаўлаўка (Купянскі раён) і прасунуліся на адлегласць 300 і 500 метраў адпаведна.
Іншая прарасейская крыніца – канал «Два майора» фіксуе рух войскаў РФ каля Стэльмахаўкі і Макееўкі.
На так званым сівэрскім выступе (у ваколіцах аднайменнага гораду з поўдня ад ракі Сівэрскі Данец), паводле Генштабу ЗСУ, УС РФ ціснуць каля сёлаў Верхнякаменскае і Выемка, але пакуль не маюць поспеху.
На краматорскім кірунку атакі расейцаў адзначаюцца ў ваколіцах населеных пунктаў Калінаўка, Часаў Яр, Іванаўскае і Клішчыеўка.
Нагадаем, раней расейцам удалося выбіць праціўніка з усходняй часткі гораду Часаў Яр.
Праўкраінскі тэлеграм-канал «Бахмутський Демон» піша, што цяпер УС РФ намагаюцца падцягнуцца на флангах гораду да каналу Сівэрскі Данец – Данбас, але тут Збройным сілам удаецца ўтрымліваць пазіцыі.
Ініцыятыва Узброеных сілаў РФ захоўваецца і на тарэцкім кірунку, дзе яны ціснуць з усходу і паўднёвага-ўсходу на аднайменны гораду і прылеглыя да яго населеныя пункты.
Аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што цягам содняў расейцы прасунуліся ў пасёлку Паўночнае і каля Дружбы.
Канал «Два майора» паведамляе, што адначасова з гэтым ідзе штурм населеных пунктаў Паўднёвае і Юр’еўка.
На пакроўскім кірунку войскі РФ развіваюць наступ на захадзе ад раней занятага гораду Аўдзееўка, дзе цягам апошніх содняў яны атакавалі не менш за 37 разоў.
У Deepstate фіксуюць захоп расейцамі сёлаў Сокал і Васход, а таксама прасоўванні каля Яўгенаўкі і Новапакроўскага.
Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» піша, што акрамя гэтага УС РФ расшырылі зону кантролю на подступах да Яснабродаўкі.
На суседнім курахаўскім кірунку расейцы рухаюцца ў цэнтральнай частцы гораду Краснагораўка.
Ніжэй па фронце баі лакалізуюцца на ўскрайках сяла Канстанцінаўка.
На поўдні Данецкай вобласці, паводле ўкраінскага камандавання, Узброеныя сілы РФ пяць разоў безвынікова атакавалі ў ваколіцах сёлаў Вадзяное і Ураджайнае.
У Запарожскай вобласці, па інфармацыі тэлеграм-каналу «Два майора» расейцы перайшлі ў наступ на ўчастку фронту паміж сёламі Шчарбакі і Несцяранка (на паўднёвым захадзе ад гораду Арэхаў) і прасунуліся на глыбіню да паўкіламетра, заняўшы тры апорныя пункты праціўніка.
У Херсонскай вобласці адзначаюцца тры безвыніковыя атакі войскаў РФ на плацдармы ЗСУ ў рэчышчы Дняпра.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.
Наталля Кулыгіна belsat.eu