news
Разбор

Макрон прайграў, але ўльтраправыя яшчэ не перамаглі. Што з выбарамі ў Францыі

Францыя можа раптоўна атрымаць вельмі левы парламент замест ультраправага.
04.07.202403:27

Першы тур парламенцкіх выбараў у Францыі прайшоў 30 чэрвеня, другі тур запланавалі на 7 ліпеня. Па выніках першага туру выбралі толькі 76 з 577 дэпутатаў, але ўжо відаць, што цэнтрысты прайграюць скрайне правым. «Белсат» тлумачыць, што вядома і чаго чакаць ад другога туру французскіх выбараў.

Вынікі першага туру

Францыя цяпер выбірае ніжнюю палату парламенту – Нацыянальную асамблею. Верхняй цяпер не выбіраюць: апошнія выбары ў яе прайшлі ў верасні 2023 года.

Яўка выбарнікаў на першым туры была надзвычай высокая для Францыі – 66,71 %. Апошні раз было больш у 1997 годзе, а на двух мінулых выбарах яўка была ніжэйшая за 50 %. «Agence France-Presse» апісвае вынікі так:

«Ультраправая французская партыя „Нацыянальнае аб’яднанне“ разлічвае на гістарычны шанец сфармаваць урад і прэтэндаваць на пасаду прэм’ер-міністра пасля перамогі ў першым туры парламенцкіх выбараў, а цэнтрысцкія сілы прэзідэнта занялі толькі трэцяе месца».

Архіўнае фота. Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон на «Renew Europe Leaders Summit». Брусель, Бельгія. 29 чэрвеня 2023 года.
Фота: ALDE Party / Flickr, CC BY-NC-ND 2.0

У лічбах вынікі такія.

• 33,15 % галасоў – скрайне правае Нацыянальнае аб’яднанне (Rassemblement national) і саюзнікі. Фактычнай лідаркай ёсць дачка заснавальніка партыі Марын Ле Пэн, фармальным прэзідэнтам партыі – 28-гадовы Жардан Бардэля.

• 28,14 % – аб’яднанне левых «Новы народны фронт» (Nouveau Front populaire). Блок стварылі пад гэтыя выбары, у яго ўвайшоў шырокі спектр партыяў, ад левацэнтрыстаў да скрайне левых. Блок мае калектыўнае лідарства, але самы вядомы з лідараў – Жан-Люк Мэляншон з «Няскоранай Францыі» (La France insoumise), які тройчы балатаваўся ў прэзідэнты і быў блізкі да выхаду ў другі тур у 2022 годзе.

• 21,27 % – кааліцыя «Разам» (Ensemble), якая ўключае партыю «Наперад» (Renaissance). Гэтае аб’яднанне прапрэзідэнцкае, падтрымлівае Эманюэля Макрона. «Наперад» лічыцца цэнтрысцкаю партыяй, «Разам» жа часам называюць правацэнтрысцкаю.

• 6,57 % – правыя «Рэспубліканцы» (Les Républicains). Партыю заснаваў экс-прэзідэнт Нікаля Сарказі як рэінкарнацыю колішняй партыі іншага былога прэзідэнта Жака Шырака. Лідара Эрыка Сьёці выгналі з партыі за тое, што заклікаў да саюзу з ультраправымі, але аднавіўся ў партыі праз суд. Фактычна ў партыі ёсць фракцыі ад правацэнтрыстаў да скрайне правых.

• 10,87 % – іншыя.

Архіўнае фота. Марын Ле Пэн на канферэнцыі «VIVA Europa». Мадрыд, Іспанія. 19 траўня 2024 года.
Фота: Vox España / Flickr

Але ў Францыі сістэма выбараў не прапарцыйная, як у бальшыні еўрапейскіх краінаў. Там выбары ладзяць па аднамандатных акругах – як у беларускую Палату прадстаўнікоў (толькі, у адрозненне ад Беларусі, дапускаюць апазіцыю і лічаць галасы). І выбары ладзяць за два туры. Калі кандыдат набраў у першым туры больш за 50 % аддадзеных галасоў і падтрыманне больш як 25 % зарэгістраваных выбарнікаў, то кандыдат адразу перамагае. Пераможцаў у першым туры столькі:

• 37 – Нацыянальнае аб’яднанне і 1 іх саюзнік з «Рэспубліканцаў» фракцыі Сьёці,

• 32 – Новы народны фронт,

• 2 – «Разам»,

• 1 – «Рэспубліканцы»,

• 3 – іншыя правыя і скрайне правыя.

Калі пераможцы ў першым туры няма, у другі выходзяць два кандыдаты з найбольшаю колькасцю атрыманых галасоў плюс тыя кандыдаты, якія атрымалі больш за 12,5 % падтрымання зарэгістраваных выбарнікаў. Там ужо перамагае той, хто атрымаў найбольш галасоў.

Найчасцей у другі тур выходзяць два-тры кандыдаты. У сёлетніх выбарах у другім туры магло быць 306 «трыкутнікаў» і 5 акругаў з чатырма кандыдатамі ў другім туры. Паводле падлікаў «Le Monde», пасля зняцця адных кандыдатаў на карысць другіх застаецца толькі 89 «трыкутнікаў» і 2 акругі з чатырма кандыдатамі. Што ўсё роўна надзвычай шмат «шматкутнікаў», як на французскія меркі.

Разбор
Якім мае быць парламент вольнай Беларусі: як яго выбіраць і колькі трэба дэпутатаў?
2024.06.17 16:00

Што будзе ў другім туры, непрадказальна. Мо нават перамога левых

Прагнозы на другі тур вельмі прыблізныя. Напрыклад, «Financial Times» дае такі расклад канчатковых вынікаў пасля двух тураў:

• Нацыянальнае аб’яднанне і саюзнікі – 230–280 мандатаў (хоць не выключана, што атрымаюць і абсалютную бальшыню – 289 мандатаў або больш),

• Новы народны фронт – 125–165,

• «Разам» – 70–100,

• «Рэспубліканцы» – 41–61,

• Іншыя – 33–49.

Але, як адзначае «Reuters», вынікі моцна залежаць ад таго, якія кандыдаты здымуцца з выбараў на карысць іншых і як прагаласуюць іхныя выбарнікі, таму другі тур вельмі непрадказальны. «France 24» кажа, што палітычныя канкурэнты яднаюцца, каб не дапусціць першага ўраду ўльтраправых з часу нацысцкай акупацыі.

«Euronews» бачыць некалькі сцэнароў. Адзін – абсалютная бальшыня ўльтраправых у парламенце і «сужыхарства» з прэзідэнтам-цэнтрыстам. Другі – левыя мабілізуюць свой электарат і праціўнікаў ультраправых, атрымаюць бальшыню. Трэці – «падвешаны парламент» і тэхнічны ўрад. Чаго чакаць ад «Рэспубліканцаў», невядома, бо іхны лідар падтрымаў ультраправых і за гэта ледзь не вылецеў з партыі, а часовы судырэктар партыі казаў пра «небяспеку скрайне левых» – так жа, як казаў намінальны лідар ультраправых.

Архіўнае фота. Удзельніца пратэстаў пасля абвяшчэння датэрміновых выбараў у Францыі трымае плакат «Дэмакратыя – ні Ле Пэн, ні Макрон». Парыж, Францыя. 15 чэрвеня 2024 года.
Фота:  Jeanne Menjoulet / Flickr, CC BY 2.0

Францыю чакае «найбольш хаатычны» другі тур у гісторыі Пятай рэспублікі, прадказвае «TLDR News». Звычайна сістэма з двума турамі давала перавагу цэнтрыстам, бо за іх галасавалі як за «найменш непрыемных», калі пажаданы кандыдат не меў шанцаў. Але цяпер цэнтрысты Макрона малапапулярныя, таму некаторыя левыя могуць аддаць галасы хоць ультраправым, абы не партыі прэзідэнта. А некаторыя правацэнтрысты могуць не захацець галасаваць за надта левых – могуць аддаць голас і за партыю Ле Пэн.

Разбор
Чаму ў Злучаным Каралеўстве абвясцілі выбары на 4 ліпеня і што пра іх вядома
2024.05.28 10:43

Ультраправыя прыйдуць да ўлады калі не цяпер, то наступным разам?

Аналітык Рыгор Ніжнікаў з Фінскага інстытуту міжнародных стасункаў у каментары «Белсату» выказаў упэўненасць: ужо факт, што ўльтраправыя будуць на чале ўраду Францыі. Пытанне толькі, праз тыдзень ці праз чатыры гады.

«Я б назваў гэта парадоксам дэмакратыі: калі мы адмаўляем выбарніку ў іхным выбары, гэта больш падсілкоўвае радыкальныя партыі на выбарах, – разважае Ніжнікаў пра ўльтраправых. – Як толькі гэтыя партыі перамагалі ў выбарах, але мэйнстрымавыя партыі аб’ядноўваліся, каб не даваць ім уладу, гэта яшчэ больш падсілкоўвала іхную [ультраправых] папулярнасць. Гэта паказвала ўсё больш вялікую прорву між элітамі і грамадствам. І грамадствы станавіліся ўсё больш антыэлітарнымі, бо думалі, што іхны голас не ўлічваецца».

Па ўсёй Еўропе, тлумачыць суразмоўца, выбарнікі не задаволеныя тым, як эліты спраўляюцца з праблемамі міграцыі, эканамічнымі і сацыяльнымі праблемамі. Істэблішмент не здолеў прапанаваць рашэнняў, якія б задаволілі выбарнікаў. Скрайне правыя прапануюць папулісцкія лозунгі, і хоць не прапануюць рашэнняў, кажуць рэчы, якія выбарнікі ад іх хочуць пачуць.

Але, падкрэслівае Ніжнікаў, калі скрайне правыя прыходзяць ва ўрады, як гэта адбылося раней у скандынаўскіх краінах, яны або дэрадыкалізуюцца і становяцца бліжэйшымі да цэнтру, або паказваюць выбарнікам, што не развязваюць праблемаў так, як абяцалі. Намінальны лідар французскіх ультраправых Бардэля ўжо стаў менш радыкальным, ужо не заклікае выходзіць з Еўразвязу і пераходзіць да больш цэнтрысцкіх пазіцыяў. Праўда, і Макрон, які прыходзіў да ўлады як цэнтрыст, у некаторых пытаннях займае пазіцыі, якія падабаюцца ўльтраправым, каб захаваць уладу.

У Францыі, як мяркуе эксперт, ёсць і страх перад невядомасцю адносна таго, што будуць рабіць ультраправыя ў выпадку перамогі, і страх перад тым, чым Нацыянальнае аб’яднанне было раней: 15–20 гадоў таму гэта была вельмі радыкальная партыя. Але цяпер праблема больш у тым, што ў выпадку «сужыхарства» прэзідэнта-цэнтрыста і ўльтраправага парламенту Францыя будзе нейкі час некіраванаю. Прынамсі да наступных пазачарговых выбараў, якія могуць быць не раней як праз год па мінулых.

Разбор
Правыя перамагаюць левых? Ці адбываюцца ў сусветнай палітыцы тэктанічныя змены
2023.12.07 07:20

Што гэта значыць для Францыі і Украіны

Макрон некалі займаў стрыманую пазіцыю наконт вайны ва Украіне і спрабаваў весці перамовы з Уладзімірам Пуціным. Але з цягам часу стаўся адным з «ястрабаў» у падтрыманні Украіны: засцерагаў, што Еўропа «не бессмяротная», абяцаў перадаць Украіне самалёты, дапускаў адпраўленне ва Украіну не толькі зброі, але і інструктараў, а то і вайскоўцаў.

Архіўнае фота. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон на сустрэчы Еўрапейскай палітычнай супольнасці. Гранада, Іспанія. 5 кастрычніка 2023 года.
Фота: EU2023ES / Flickr, CC BY-NC-ND 2.0

Калі гавораць пра Марын Ле Пэн, часта адзначаюць ейныя сувязі з Крамлём. Але Ніжнікаў думае, што да Крамля куды бліжэйшая нямецкая ўльтраправая «Альтэрнатыва для Нямеччыны», якая фінансавалася Расеяй і была ад яе ў пэўнай залежнасці. Партыя, дарэчы, як і Нацыянальнае аб’яднанне, мела моцныя вынікі на выбарах у Еўрапарламент.

Паводле Ніжнікава, у Ле Пэн, у адрозненне ад «Альтэрнатывы для Нямеччыны», быў «шлюб праз разлік» з Пуціным – і гэта было да поўнамаштабнай вайны ва Украіне, калі сувязі з Расеяй былі папулярныя ў электараце Ле Пэн. Калі ж Бардэля станецца прэм’ерам, ягоная палітыка адносна Украіны можа быць рознай, але наўрад ці будзе прарасейскаю.

Агулам у Еўропе, рэзюмуе Ніжнікаў, выбарнікі ўсё больш цікавяцца ўнутранымі праблемамі, а не стасункамі з Расеяй, Кітаем ці Злучанымі Штатамі. Мала хто думае, што расейскія танкі могуць стаць унутранай праблемаю краіны.

Разбор
Хто прайграў і хто перамог на выбарах у Еўрапарламент – і ці шмат атрымалі скрайне правыя
2024.06.10 13:57

Макрон ізноў прайграў, але не атрымаў канчатковай паразы

«Макрон – усё. Ці здолее хтосьці спыніць Ле Пэн?» – такі загаловак выдала «Politico». Ды хоць перспектывы Макрона на парламенцкіх выбарах выглядаюць блякла, Францыя – прэзідэнцкая рэспубліка, а Макрон можа быць прэзідэнтам да 2027 года.

Макрон прымаў шэраг непапулярных рашэнняў, супраць якіх былі шматлікія масавыя пратэсты. Мноства рашэнняў, як тую ж непапулярную пенсійную рэформу, Макрон прасоўваў прэзідэнцкім дэкрэтам у абыход парламенту, што злавала выбарнікаў. Цэнтрысты Макрона атрымалі паразу на выбарах у Еўрапарламент, праз гэта ён распусціў Нацыянальную асамблею і абвясціў датэрміновыя выбары, на якіх мае атрымаць ці то балючую паразу, ці то поўны разгром.

Архіўнае фота. Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон зачытвае зварот да нацыі аб роспуску парламенту. 9 чэрвеня 2024 года.
Фота: Elysee.fr

Але працэдура імпічменту ў Францыі вельмі складаная. Макрон не можа балатавацца на наступны – трэці – прэзідэнцкі тэрмін у 2027-м, а пераемніка сабе не падрыхтаваў.

План Макрона, як мяркуе CNN, мог быць якраз у тым, каб пусціць скрайнія партыі ва ўрад. Пакуль выглядае, што Ле Пэн можа перамагчы на прэзідэнцкіх выбарах 2027 года, але ж ейная партыя не ва ўладзе, таму можа раздаваць абяцанні і крытыкаваць кіраўніцтва. Калі ж апынецца ва ўладзе, будзе вымушаная прыняць на сябе адказнасць – і можа аказацца некампетэнтнай або проста не выканаць сваіх папулісцкіх абяцанняў. Пры гэтым Макрон будзе захоўваць значную частку ўлады як прэзідэнт і зможа перакладваць адказнасць на апанентаў. А значыць, праз перамогу на парламенцкіх выбарах правыя могуць прайграць прэзідэнцкія.

Ды не факт, што гэткі план спрацуе, як і не факт, што план быў такі. «The Guadrian» па абвяшчэнні датэрміновых выбараў пісала, што Макрон «гуляе з агнём», і нагадвала пра абвяшчэнне рэферэндуму пра выхад Аб’яднанага Каралеўства з Еўразвязу: «Смелыя шматхадоўкі могуць прынесці вельмі непрыемныя сюрпрызы».

Разбор
Як Макрон спрабаваў «зачараваць» і чытаць думкі старшыні КНР, але атрымаў «глухаватага» Сі
2024.05.08 20:59

Алесь Наваборскі belsat.eu