Чаму ў Злучаным Каралеўстве абвясцілі выбары на 4 ліпеня і што пра іх вядома


Ці не абваліцца брытанская двухпартыйная сістэма і ці не скінуць Сунака з прэм’ерскага крэсла яшчэ да галасавання? «Белсат» расказвае, што вядома пра нечаканае абвяшчэнне выбараў у Злучаным Каралеўстве і пра меркаваных пераможцаў.

Рышы Сунак
Рышы Сунак абвяшчае выбары. Лондан, Злучанае Каралеўства. 22 траўня 2024 года.
Фота: Hollie Adams / Reuters / Forum

Прэм’ер-міністр Злучанага Каралеўства Рышы Сунак абвясціў 22 траўня, што чарговыя парламенцкія выбары пройдуць 4 ліпеня 2024 года. Анонс быў драматычным з шэрагу прычынаў: Сунак выступаў пад залеваю, дата аказалася нечаканай, а ягоная Кансерватыўная партыя («Торы») амаль дакладна прайграе гэтыя выбары з вялікім разгромам.

Злучанае Каралеўства – афіцыйна манархія, выбары там прызначае не прэм’ер, а кароль. Сунак толькі звярнуўся да караля, каб той распусціў парламент, і Чарлз III пагадзіўся. У Злучаным Каралеўстве манархі ўжо больш за 200 гадоў ніяк не ўмешваюцца ў палітыку. Як піша аўстралійскае (Аўстралія, дарэчы, мае таго самага караля, што Вялікая Брытанія і Паўночная Ірландыя) выданне «ABC News», каралеўская сям’я наагул не збіраецца з’яўляцца на публіцы да сканчэння галасавання, каб не адцягваць увагі ад выбараў.

Адносна «неадцягвання ўвагі» атрымалася цікавае супадзенне: выбары ў Злучаным Каралеўстве прызначылі на Дзень незалежнасці Злучаных Штатаў. Амерыканцы ўжо жартуюць, што брытанцы прызначылі выбары на «іхны дзень». Ды наўрад ці Сунак арыентаваўся на Штаты.

Чаму Сунак пастанавіў праводзіць выбары менавіта 4 ліпеня?

Абвяшчэнне выбараў аказалася нечаканым нават для супартыйцаў Сунака: ён неаднаразова казаў, што выбары будуць прызначаныя на «другую палову года». Фармальна ён не схлусіў: 4 ліпеня – якраз пачатак другой паловы. Але законы дазвалялі яму абвясціць выбары не пазней за 28 студзеня – як піша «The Guardian», шмат хто чакаў выбараў у кастрычніку ці лістападзе.

Ёсць толькі здагадкі, чаму напраўду Сунак абвясціў фактычна датэрміновыя выбары. Брытанскі палітычны канал «TLDR News» выказаў шэсць версіяў:

• Сунак проста стаміўся быць адным з самых непапулярных прэм’ер-міністраў у гісторыі Каралеўства (гэтак кажуць нават ягоныя супартыйцы);

• гэта мусіць здзівіць крайне правую апазіцыйную партыю «Reform UK», не даць ёй часу падрыхтавацца, а можа, нават не даць часу знайсці дастатковай колькасці кандыдатаў;

• гэта мусіць здзівіць галоўных канкурэнтаў – левацэнтрысцкую Лейбарысцкую партыю, якая пакуль не дапісала праграмы («маніфесту») і тэарэтычна можа рассварыцца праз экстранае дапрацоўванне дакументу, а таксама наўрад ці паспее правесці партыйную канферэнцыю, на якой магла б сабраць шмат грошай на кампанію;

• Сунак хоча, каб выбары прайшлі на фоне адносных поспехаў у эканоміцы – і каб увага не паспела пераключыцца на нешта іншае;

• лепш проста не будзе: сапраўды добрых навінаў у эканоміцы да восені не прадбачыцца, спрэчны план высылаць мігрантаў у Руанду можа аказацца задарагім, а канферэнцыя кансерватараў (якую маглі б паспець правесці да восені, але не паспеюць да 4 ліпеня) магла б прывесці да ўнутрыпартыйнай грызні;

• Сунак ведае нешта, чаго не ведаюць астатнія – да восені можа адбыцца нешта лёсавызначальнае, пра што ведае прэм’ер, але не ведаюць нават дэпутаты.

Hавiны
На прэзідэнцкіх выбарах у Літве перамог Гітанас Наўседа
2024.05.27 08:44

«Торы» дакладна прайграюць?

З канца 2021 года кансерватары адстаюць ад лейбарыстаў у апытаннях, з восені 2022-га адстаюць катастрафічна. Цягам 2024 года толькі каля 20 % выбарнікаў кажуць, што аддадуць голас кансерватарам, каля 45 % – што лейбарыстам. А на мінулых выбарах у 2019 годзе кансерватары перамаглі лейбарыстаў 43,6 % супраць 32,1 %. Дзейнасць ураду кансерватараў цяпер ухваляюць толькі 15 %, не ўхваляюць 69 %. За амаль тыдзень з абвяшчэння выбараў змены засталіся ў межах статыстычнай хібнасці.

Пры такіх лічбах (калі толькі за месяц не здарыцца цуду) пытанне не столькі ў тым, ці прайграюць «Торы» і ці перамогуць лейбарысты ўпершыню з 2005 года, а ў тым, наколькі разгромна. Ды гэта не так проста вылічыць.

На выбарах у Каралеўстве такая сістэма, у якой кожная акруга выбірае сабе дэпутата, і ў кожнай перамагае той, хто набраў найбольш галасоў («first past the post»). Гэтая сістэма падобная да сістэмы выбараў у Палату прадстаўнікоў Беларусі (толькі ў Злучаным Каралеўстве дапускаюць апазіцыю і лічаць галасы). У такой сістэме прыхільнікі малой партыі хутчэй прагаласуюць за кандыдатаў ад большай партыі, якая ім менш непрыемная, каб не зусім змарнаваць свой голас. Таму адсотак прыхільнікаў партыі далёкі ад адсотку месцаў партыі ў парламенце.

Разбор
Правыя перамагаюць левых? Ці адбываюцца ў сусветнай палітыцы тэктанічныя змены
2023.12.07 06:20

Тэарэтычна, бліжэйшыя выбары могуць зламаць брытанскую двухпартыйную сістэму: за апошнюю сотню гадоў на выбарах у Злучаным Каралеўстве толькі Кансерватыўная і Лейбарысцкая партыі дзялілі першае і другое месцы. А цяпер Кансерватыўная партыя можа атрымаць параўнальную з «Reform UK» колькасць галасоў. Ды злом сістэмы выглядае малаімаверным: «The Telegraph» мяркуе, што крайне правыя здолеюць адабраць у правых толькі 28 мандатаў з 650. Дый лідар «Reform UK» Найджэл Фэрыдж чамусьці адмовіўся ад удзелу ў выбарах – кажа, каб дапамагчы выбарчай кампаніі Доналда Трампа ў ЗША. А яшчэ ёсць цэнтрысцкая Ліберальна-дэмакратычная партыя, якая забрала ў «Торы» шмат мандатаў на нядаўніх мясцовых выбарах, і «Зялёныя», якія таксама някепска выступілі на тых выбарах.

Хто такі Стармэр – імаверны будучы прэм’ер?

Цяперашні лідар апазіцыі і найбольш імаверны наступны прэм’ер-міністр Злучанага Каралеўства – 61-гадовы Кір Стармэр. Нарадзіўся ў небагатай сям’і ў Лондане, з юнацтва быў прыхільнікам лейбарыстаў, адвучыўся ў Оксфардзе на юрыста, кароткі час быў рэдактарам трацкісцкай газеты (цяпер ён не настолькі радыкальны, называе сябе проста сацыялістам, а нямала супартыйцаў бачаць яго цэнтрыстам), затым шмат гадоў працаваў адвакатам. У 2002 годзе стаўся кіраўніком Каралеўскай пракурорскай службы і дырэктарам грамадскай пракуратуры.

Кір Стармэр
Кір Стармэр, лідар Лейбарысцкай партыі, падчас перадвыбарчай кампаніі. Лансінг, Злучанае Каралеўства. 27 траўня 2024 года.
Фота: Keir Starmer / Flickr, CC BY-NC-ND 2.0

У 2015-м стаўся дэпутатам ад лейбарыстаў, у наступным годзе стаўся гэтак званым ценявым сакратаром (адказным у апазіцыі) у пытаннях выхаду Злучанага Каралеўства з Еўразвязу (брэкзіт). Пасля таго як на парламенцкіх выбарах 2019 года лейбарысты зазналі разгромную паразу, тагачасны кіраўнік партыі падаў у адстаўку, Стармэр у першым жа раўндзе перамог на выбарах новага лідара партыі.

Ды цяпер ён не надта папулярны нават у сваёй партыі: яго апісваюць як халоднага і цынічнага, называюць антыхарызматычным, вінавацяць у зачыстцы партыі ад людзей левых поглядаў. Ягоныя погляды лічацца цяжкавызначальнымі. Але пакуль адносная большасць выступае за тое, каб Стармэр заставаўся лідарам Лейбарысцкай партыі.

Стармэр абяцаў падтрымліваць Украіну і ўжо асабіста сустракаўся з Уладзімірам Зяленскім, вітаў ордар на арышт Уладзіміра Пуціна. Але адносна вайны ў Газе перад ім будзе стаяць цяжкі выбар: сам ён падтрымлівае Ізраіль, але на яго цісне прапалестынская частка партыі. Стармэр не збіраецца вяртаць Злучанае Каралеўства ў Еўразвяз, але, як піша «Financial Times», шукае спосабы аднавіць супрацу з Еўразвязам.

Выбарнікі збольшага вераць, што за лейбарыстамі ў Каралеўстве палепшыцца нацыянальная сістэма аховы здароўя і сацыяльная дапамога, агульная якасць жыцця, сістэма адукацыі, сітуацыя з няроўнасцю даходаў. Але значная частка думае, што сітуацыя з абаронаю пагоршыцца ці не палепшыцца. Але, як адзначае «Politico», лейбарыстам у пытаннях абароны давяраюць усё роўна больш, чымся кансерватарам.

Магчыма, з жаданнем палепшыць пазіцыі сваёй партыі перад выбарамі Сунак прапанаваў план вярнуць абавязковую вайсковую службу з магчымасцю выканання грамадскіх роляў. Але гэта, як і «руандыйскі план», сустрэла шмат незадаволенасці і простага неразумення. Стармэр назваў гэты план «Teenage Dad’s Army», што можна адаптавана перакласці як «мамчына армія». Ён прапануе павялічыць выдаткі на войска, але зрабіць падмуркам абароны ядравае стрымліванне.

У Каралеўства была пяцігодка хаосу

У прагназаванай паразы кансерватараў шмат прычынаў.

Больш за палову брытанцаў лічаць кіраваны кансерватарамі выхад з Еўразвязу памылкаю (для расчаравання ў брэкзіце нават прыдумалі слова брэгрэт (Britain +‎ regret), працэс выхаду суправаджаўся гарачымі спрэчкамі і скандаламі (вы можаце памятаць, як былы спікер заклікаў парламент да парадку крыкам «Order!»).

Брытанская эканоміка ледзь не звалілася ў рэцэсію і толькі нядаўна выйшла на хісткую стагнацыю, а інфляцыя амаль вярнулася да мэтавых паказнікаў. Але жыллёвы крызіс пакуль не збіраецца сканчацца. І ўжо не гучыць як фантастыка прагноз, што польская эканоміка абгоніць брытанскую да канца дзесяцігоддзя.

Адзін былы прэм’ер-кансерватар, Борыс Джонсан, падаў у адстаўку праз хвалю крытыкі за вечарыны падчас каранціну і сексуальны скандал ягонага памочніка. Другая экс-прэм’ерка, Ліз Трас, ледзь не паваліла эканоміку няўдалым бюджэтам і не прабыла на пасадзе нават 100 дзён (брытанскі таблоід «Daily Star» рабіў стаўку, хто сапсуецца раней: прэм’ерка Трас ці качан латуку, дык латук перамог). Як Трас, гэтак і Сунак былі выбраныя не па выніках усенародных выбараў, а ўнутры Кансерватыўнай партыі, таму шмат хто з брытанцаў абураўся, што маюць ужо другога прэм’ера, якога не выбіралі.

І Сунака тэарэтычна могуць скінуць з пасады кіраўніка Кансерватыўнай партыі яшчэ да выбараў праз незадаволенасць раптоўнаю датаю. Пакуль гэта выглядае не надта імаверным: наўрад ці яшчэ адны перавыбары кіраўніка дададуць партыі папулярнасці. Дый незадаволеныя, магчыма, проста сыходзяць: пасля абвяшчэння выбараў больш за 120 дэпутатаў-кансерватараў заявілі, што не будуць балатавацца на новы тэрмін.

Стармэр ідзе на выбары з абяцаннем «спыніць хаос». Сунак яшчэ спадзяецца перамагчы дзякуючы адносна добрай эканамічнай сітуацыі, хоць ужо прызнаваў, што можа прайграць, і хоць нават палова электарату кансерватараў не будзе радая ягонай перамозе.

Аналітыка
Суды, невядомасць і патэнцыйны хаос. Чаго эксперты чакаюць ад спаборніцтва Байдэна і Трампа
2024.04.19 06:10

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў