Лік мігрантаў, якія трапляюць у Нямеччыну «беларускім маршрутам», расце чатыры месяцы запар


У студзені – траўні ў Нямеччыне выявілі 2 215 мігрантаў, якія трапілі ў краіну транзітам праз Беларусь і Польшчу або Чэхію. І хаця штомесяц з пачатку года лічба расце, яна амаль утрая меншая за леташнюю, піша выданне «Süddeutsche Zeitung».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: bpol_by / X.com

Паліцыя зафіксавала ў студзені – траўні 2 215 несанкцыянаваных уездаў у Нямеччыну «беларускім маршрутам». Ідзецца пра нерэгулярных мігрантаў, якія трапляюць у ЕЗ з Беларусі і рушаць у ФРГ транзітам праз Польшчу і Чэхію. У студзені такіх выпадкаў было 26, у лютым – 25, у сакавіку – 412, у красавіку – 861, а ў траўні – 891.

Пры гэтым у параўнанні з мінулым годам сітуацыя выглядае значна лепей: за пяць месяцаў летась паліцыя налічыла больш за 6 тысячаў такіх выпадкаў.

Зрэшты, у Польшчы – першым пункце «беларускага маршрута» мігрантаў – сцвярджаюць, што становіцца толькі горай. З пачатку года там зафіксавалі 16,5 тысячы спробаў парушэння мяжы, летась было меней: 11,2 тысячы.

Hавiны
Польскія памежнікі атрымалі дазвол мець пры сабе зброю і ўпершыню ўжылі яе супраць групы мігрантаў
2024.06.08 21:10

Сёлета, як канстатуюць у Памежнай ахове Польшчы, мігранты паводзяцца больш агрэсіўна, праз напады парушальнікаў пацярпелі некалькі памежнікаў, а адзін вайсковец, 21-гадовы Матэўш Сітэк, памёр.

13 чэрвеня ў некаторых памежных рэгіёнах Польшчы каля Беларусі пачала дзеяць буферная зона, дзе забаронена знаходзіцца староннім асобам. Мэтаю гэтага рэжыму называецца забяспечванне бяспекі польскіх памежнікаў, паліцыянтаў і вайскоўцаў, а таксама абмежаванне дзейнасці кантрабандысцкіх групаў, якія спрыяюць незаконнай міграцыі.

Разбор
Буферная зона на мяжы Польшчы з Беларуссю. Пяць галоўных рэчаў, якія пра яе трэба ведаць
2024.06.12 07:00

Варшава абвінавачвае афіцыйны Менск у спрыянні нерэгулярнай міграцыі. На карысць гэтага кажа той факт, што беларускія памежнікі ніяк не перашкаджаюць замежнікам, хаця такое мінанне мяжы па-за пунктам пропуску лічыцца парушэннем і паводле законаў нашай краіны. Пры гэтым Менск штораз наракае, што жорсткія еўрапейцы не пускаюць да сябе няшчасных мігрантаў, а толькі збіваюць іх і выціскаюць назад у Беларусь.

У першы дзень дзеяння буфернай зоны МУС Беларусі паведаміла пра затрыманне ў Калодзішчах каля Менску 54 мігрантаў – грамадзянаў Ірану, Індыі, Пакістану, Сірыі, Судану і Шры-Ланкі. Паводле афіцыйнай версіі, яны прыехалі ў нашую краіну наземным транспартам з Расеі і планавалі трапіць у ЕЗ. Беларускіх візаў у іх не было.

Аналітыка
Расея тэстуе польскую мяжу? Чаму мігранты сталі ўсё часцей атакаваць памежнікаў Польшчы
2024.06.06 07:00

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў