Ці можа Польшча цалкам зачыніць мяжу з Беларуссю?

Палітыка Аляксандра Лукашэнкі і ягоная гібрыдная агрэсія на беларуска-польскім памежжы можа неўзабаве прывесці да поўнай ізаляцыі Беларусі.

Вайскоўцы Польскай памежнай аховы каля мяжы Польшчы і Беларусі. Вёска Белавежа, Польшча. 18 чэрвеня 2024 года.
Фота: Белсат

Кіраўнік польскага МЗС Радослаў Сікорскі ўжо адкрыта прызнаў, што ўрад у Варшаве разглядае варыянт закрыцця ўсіх памежных пераходаў на мяжы з Беларуссю. Маўляў, фіны мяжу з Расеяй зачынілі – і праблема нелегальных імігрантаў скончылася. Пастанова можа быць прынятая пасля таго, як урад прааналізуе магчымыя эканамічныя страты. Вынікі для рэжыму Беларусі будуць несуцяшальныя.

Беларусі няма ў спісе галоўных гандлёвых партнёраў Польшчы. У статыстыцы (паводле Цэнтральнай статыстычнай управы за студзень – красавік 2024 года) тавараабарот Польшчы з Беларуссю, Украінай, Расеяй, Малдовай і Албаніяй склаў крыху больш за 9 млрд долараў. Пры тым, што пераважную большасць гэтага гандлю генеруе Украіна. Для параўнання, тым самым часам тавараабарот Польшчы з іншымі (пераважна заходнімі) краінамі склаў амаль 200 млрд долараў. Таму для Варшавы гандаль з Менскам не мае вялікага значэння. Тыя польскія фірмы, што панясуць страты, лёгка могуць быць падтрыманыя дзяржаўнымі выплатамі. Калі польскі ўрад канчаткова пастановіць не зачыняць мяжы, дык толькі з гуманітарных, а не эканамічных, прычынаў. У адваротным выпадку Польшча, хутчэй за ўсё, выставіць Менску выразныя патрабаванні. І тут варта дамагацца не толькі спынення правакацыяў на памежжы, але і вызвалення прынамсі часткі палітвязняў, у тым ліку Анджэя Пачобута.

Каментар
«Грузаперавозы – справядлівая цэль». Пераходны кабінет заклікае Польшчу не закрываць мяжу для беларусаў
2024.06.23 18:17

Выглядае, аднак, што перспектыва поўнага закрыцця польска-беларускай мяжы не надта пужае Менск. Лукашэнка мэтанакіравана ідзе да поўнай ізаляцыі краіны. Не прыпыніў правакацыяў на памежжы, нават пасля таго, як адзін з нелегальных мігрантаў забіў польскага жаўнера. Праігнараваў патрабаванне польскага ўраду, не затрымаў забойцы і не перадаў Польшчы. Польская памежная ахова штодня інфармуе пра дзясяткі чарговых спробаў прарыву мяжы.

Зачыненне мяжы, у тым ліку і адзінага пасажырскага пераходу ў Тэрэспалі, ударыла б па тысячах беларусаў, якія рэгулярна прыязджаюць у Польшчу і вяртаюцца дамоў (праца, навучанне). Калі пастанова будзе прымацца супольна з Літвой і Латвіяй, выезд у Еўропу для Беларусаў будзе пралягаць толькі праз аэрапорт у Стамбуле. А гэта сурʼёзна абмяжуе магчымасці паездак у ЕЗ многіх беларусаў. Дагэтуль рэжым праводзіў іншую палітыку, мэтанакіравана дазваляў выязджаць «нелаяльным» грамадзянам, каб «не ствараць напружанасці» ўнутры Беларусі. Пасля зачынення заходняй мяжы такая напружанасць можа ўзрасці.

Польскае грамадства пастанавіла ізаляваць Беларусь

Гэткая пастанова Варшавы не сутыкнулася б з крытыкай з боку польскай грамадскасці. Наадварот, упісвалася б у агульную атмасферу. Па першае, польскае грамадства (пра гэта сведчаць усе апошнія апытанні) не хоча прымаць ніякіх уцекачоў, асабліва з краінаў трэцяга свету. Моцна змяніліся настроі нават у дачыненні ўкраінскіх уцекачоў. Па-другое, палякі стаміліся ад сітуацыі на мяжы з Беларуссю. Акрамя таго, апошнім часам дайшло да затрымання грамадзянаў Беларусі сярод дыверсантаў, якія працавалі на расейскія спецслужбы. Усё гэта не дадае пазітыву іміджу Беларусі і часам, на вялікі жаль, з прычынаў унутрыпольскай барацьбы адбіваецца на зусім не звязаных з рэжымам грамадзянах. Прэм’ер Польшчы Дональд Туск пісаў нядаўна пра «беларускіх інфарматыкаў», якіх прывезлі папярэднія ўлады і гэтым самым «дапамаглі будаваць чужую агентуру». Гаворка ішла пра прыпыненую ўрадам Туска візавую праграму «PolandBusiness Harbour», бо выдадзеныя паводле гэтай праграмы візы часам выкарыстоўваліся без адпаведнасці закладзеным мэтам. Кіраўніка польскага ўраду за словы пра «беларускіх інфарматыкаў» крытыкавалі польскія публіцысты, маўляў, інфарматыкі з Беларусі тут не прычым, яны працуюць і гэтым самым падтрымліваюць эканоміку Польшчы. Заступіліся за калегаў з Беларусі і польскія IT-адмыслоўцы.

Праблема, насамрэч, шырэйшая. Дзеянні Лукашэнкі апошніх гадоў спрычыніліся да таго, што ў польскім публічным дыскурсе ўсё перамяшалася: беларуская апазіцыя, рэпрэсіі, дыверсанты Лукашэнкі, суагрэсія Беларусі ў вайне супраць Украіны, гібрыдная агрэсія на памежжы, нелегальныя імігранты. Пра дзейнасць беларускай апазіцыі ў польскіх СМІ ўжо даўно амаль нічога не чуваць, падзеі 2020 году мінулі, многія палякі ўжо паспелі пра іх забыць. Дамінуюць зусім іншыя навіны. Беларусь стала асацыявацца з тым, што адбываецца на мяжы. Лукашэнка, на жаль, стаў сінонімам Беларусі. І гэта вялікі выклік для беларускай дэмакратычнай супольнасці – каб беларусаў, якія засталіся ўнутры краіны, канчаткова не закінулі ў адзін кошык з рэжымам.

Рэпартаж
«Маглі з беларускімі памежнікамі закурыць цыгарэту». Як жыве польскае памежжа з буфернай зонай
2024.06.20 09:44

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў