Марк Рутэ абраны новым генеральным сакратаром NATO. Што пра яго вядома


Краіны NATO афіцыйна абралі прэм’ер-міністра Нідэрландаў Марка Рутэ наступным генеральным сакратаром Альянсу. Пра гэта паведамляе «Reuters».

Уладзімір Зяленскі і Марк Рутэ.
Фота: V_Zelenskiy_official / Telegram

Прэмʼер-міністр Нідэрландаў Марка Рутэ зменіць на пасадзе генеральнага сакратара NATO Енса Стольтэнбэрга, паўнамоцтвы якога канчаюцца ў кастрычніку 2024 года. Прызначэнне Рутэ сталася фармальнасцю, бо адзіны ягоны канкурэнт, прэзідэнт Румыніі Клаўс Ёганіс, зняў сваю кандыдатуру.

Дзейны генеральны сакратар Енс Стольтэнбэрг раней заявіў, што Рутэ – вельмі моцны кандыдат і ягонае абранне – гэта «добра для ўсіх нас».

Марку Рутэ 57 гадоў. Ён упершыню стаўся прэмʼерам Нідэрландаў у 2010-м і з таго часу займае гэтую пасаду. Палітык мае рэпутацыю перакананага атлантыста, заўзятага прыхільніка Украіны і жорсткага крытыка пуцінскага рэжыму. У прыватнасці, Нідэрланды – адна з краінаў, што пагадзіліся перадаць Кіеву знішчальнікі F-16. Пад кіраўніцтвам Рутэ Нідэрланды павялічылі выдаткі на абарону да ўзроўню, што перавышае 2 % ВУП.

Выданне «Politico» піша, што абранне Рутэ можа стацца козырам Альянсу на фоне магчымага вяртання ў Белы дом Доналда Трампа. Як вядома, Трамп жорстка крытыкуе NATO, а нідэрландскі прэмʼер мае рэпутацыю чалавека, здольнага даць амерыканскаму палітыку адпор.

Амерыканскі дыпламат Іва Даалдэр, які займаў пасаду прадстаўніка ЗША пры NATO ў час прэзідэнцтва Барака Абамы, мяркуе, што Рутэ на пасадзе генеральнага сакратара засяродзіцца на абʼяднанні Еўропы ў NATO. Дзеля гэтага яму давядзецца праявіць гібкасць, каб дамовіцца з Вугоршчынай. Аднак ягоная гібкасць будзе мець межы, асабліва калі гэта датычыць Трампа, кажа дыпламат. «Рутэ зробіць усё магчымае для Альянсу», – зазначае Даалдэр.

Нагадаем, што генеральны сакратар NATO адказвае за агульную каардынацыю працы Альянсу, аднак пастановы прымае не ён, а краіны – чальцы арганізацыі.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў