Справа аб генацыдзе беларускага народу: якія краіны пагадзіліся супрацоўнічаць з рэжымам, а якія – не


Пракуратура назвала краіны, якія пагадзіліся супрацоўнічаць з Беларуссю па справе аб генацыдзе. Іх 9.

Падручнікі «Генацыд беларускага народу ў гады Вялікай айчыннай вайны».
Фота: Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь

Генпракуратура Беларусі звярнулася ў 28 краін з просьбамі аб аказанні прававой дапамогі ў расследаванні справы аб генацыдзе. Актыўна дапамагаюць 9 краін. Пра гэта заявіла старшы пракурор міжнародна-прававога ўпраўлення Генпракуратуры Вера Ларкова на круглым стале «Праблемы міжнароднага супрацоўніцтва пры ажыццяўленні крымінальнага пераследу за генацыд».

Паводле слоў Ларковай, Беларусь накіравала 110 просьбаў аб аказанні прававой дапамогі.

«Міжнародная прававая дапамога актыўна аказваецца ўстановамі юстыцыі Расейскай Федэрацыі, Федэратыўнай Рэспублікі Германія, Федэратыўнай Рэспублікі Бразілія, Аргенцінскай Рэспублікі, Рэспублікі Казахстан, Узбекістан, Венгрыі, Славацкай Рэспублікі, Аўстрыйскай Рэспублікі. Разам з тым просьбы аб аказанні прававой дапамогі па крымінальнай справе праігнараваныя Літвой, Латвіяй і Польшчай, якія наўпрост адмовілі Беларусі ў іх задавальненні са спасылкай на тое, што гэта стварае пагрозу іх нацыянальнай бяспецы», – заявіла прадстаўнік Генпракуратуры.

Крымінальную справу пра генацыд беларускага народу Генеральная пракуратура Беларусі расследуе ўжо больш за тры гады. У справе ўжо больш за 500 тамоў. Адначасова з гэтым расследаваннем у Беларусі прынялі закон аб тым, што за злачынствы, якія не маюць тэрмінаў даўніны, можна судзіць у тым ліку памерлых.

Заводзіць крымінальныя справы супраць мёртвых і выносіць ім прысуды дазваляецца паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу: за генацыд, экацыд, міжнародны тэрарызм, рыхтаванне або вядзенне агрэсіўнай вайны, выкарыстанне зброі масавага паражэння ды іншыя ваенныя злачынствы. Згодна з законам, улады Беларусі плануюць выносіць прысуды ў справе аб генацыдзе беларускага народу ў гады Другой сусветнай вайны.

Агляд
Касцюшка і Каліноўскі як польскія патрыёты, генацыд беларусаў з боку палякаў. Чаму вучаць у школах Беларусі?
2023.09.26 20:08

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў