Кітайскі чыноўнік распавёў, як вучыцца ў Пекіне Мікалай Лукашэнка


Мікалай Лукашэнка вучыцца ў Пекінскім універсітэце на спецыяльнасці «біятэхналогіі». Сакратар партыйнага камітэту кітайскай ВНУ Хаў Пін заявіў тэлеканалу «Беларусь 1», што хлопец нікому не кажа, хто ягоны бацька.

Мікалай Лукашэнка ў Горадні, Беларусь. 22 жніўня 2020 года.
Фота: Мікола Камінскі / Белсат

Пра тое, што малодшы сын самаабвешчанага кіраўніка Беларусі цяпер вучыцца ў Пекінскім універсітэце, стала вядома год таму – пра гэта апавёў сам Аляксандр Лукашэнка. Факультэту і спецыялізацыі ён тады не назваў.

На гэтым тыдні, 25 чэрвеня, сакратар партыйнага камітэту Пекінскага ўніверсітэту Хаў Пін наведаў Менск і сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Увечары 30 чэрвеня на тэлеканале «Беларусь 1» выйшаў сюжэт, у якім той адказаў на пытанне наконт Мікалая Лукашэнкі.

«Ён вельмі сціплы. Ён нікому не кажа, што ён сын прэзідэнта. Калі б пра гэта даведаліся, ці магчыма было ўвогуле вучыцца? Я за ім назіраў. Ён сапраўды вельмі добра вучыцца. Ён найлепшы студэнт на курсе. Вельмі ўдумлівы хлопец. І сціплы», – заявіў Хаў Пін у размове з беларускімі прапагандыстамі.

Паводле «Беларусь 1», Мікалай Лукашэнка вучыцца ў Пекіне па праграме абмену для «таленавітых студэнтаў-біятэхнолагаў». Зазначым, што раней, у 2022 годзе, паведамлялася, што Коля – студэнт біялагічнага факультэту БДУ.

У сюжэце «Беларусь 1» таксама паказалі кадры, дзе побач стаяць малодшы сын Лукашэнкі, кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў (ён наведаў Менск 25 чэрвеня) і цяпер ужо былы міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Алейнік. «Мікалай ужо асвоіў крышку [кітайскую мову]?» – пытаецца Алейнік. «Гэта доўгі працэс», – адказвае Мікалай.

Аналітыка
Сямейная традыцыя: дзе б мог служыць Коля Лукашэнка
2022.08.31 08:11

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў