Якую кнігу напіша Лукашэнка?

Прэзідэнт, прэзідэнт, прэзідэнт, прэзідэнцтва – прыблізны скарот інтэрв’ю на БТ прэсавай сакратаркі Аляксандра Лукашэнкі Наталлі Эйсмант (Масандры). Было так салодка, што аж як у адным вядомым рамане Сартра. Аднак выдала Масандра пра іншыя кнігі.

Наталля Эйсмант, прэс-сакратар Аляксандра Лукашэнкі.
Фота: Valery Sharifulin / TASS / Forum

«Вельмі многія людзі звяртаюцца з пытаннем пра кнігу, якую напісаў бы прэзідэнт. Зразумела, што цяпер не да кніг, і зразумела, што цяпер мы нават не падступаемся да прэзідэнта з гэтым пытаннем. Але мы ж усе разумеем, наколькі гэта важна. Гэта першы прэзідэнт нашай краіны. І таго, што ведае ён, натуральна, не ведае ніхто. Я вельмі спадзяюся, вельмі ў гэта веру, што такая кніга або шэраг кніг калісьці пабачаць свет», – кажа Наталля Эйсмант.

А яшчэ Эйсмант з гонарам заяўляе, што «ўся планета глядзіць на прэзідэнта»… Што там планета, бярыце шырэй у касмічнай жа дзяржаве – іншапланецяне таксама сочаць за ўзурпатарам. Можа, і кніжку ягоную прачытаюць.

Толькі ёсць праблема: Лукашэнка ўва ўсім любіць быць першым. А тут будзе складана. Давядзецца напісаць збор твораў, не меншы за 55 тамоў Леніна. Любы меншы лік будзе прынамсі недапрацовачкай. А потым можна змусіць усіх ахвочых і неахвочых не толькі чытаць і перачытваць, але нават завучваць на памяць несмяротныя цытаты. Хаця і гэта не новае. Крывавы тыран Маў Цзэ Дун пакінуў пасля сябе «Маленькую чырвоную кніжыцу» з уласнымі выказваннямі. У Кітаі яе можна набыць на розных мовах ледзь не на кожным кроку. Турысты купляюць як сувенір. Была і «Зялёная кніга» сябрука Лукашэнкі Кадафі – той, праўда, кепска скончыў. Лепш на яго не раўняцца, хаця… Таксама першы прэзідэнт Туркменістану Супармурат Ніязаў напісаў (прынамсі, так кажа афіцыйная версія) кнігу «Рухнама», якая ў туркменскага народу лічыцца святой (ці змушаюць так лічыць), а 12 верасня, дзень яе сканчэння, нават зрабілі дзяржаўным святам. У Ашгабаце ёсць і помнік «Рухнаме». А вось другі прэзідэнт Туркменістану, Гурбангулы Бердымухамедаў, увогуле так распісаўся, што ў каталогу ёсць больш за 60 ягоных твораў, сярод якіх ажно 11 тамоў выразаў «Да новых вышыняў прагрэсу». А кніга «Конь – сімвал вернасці і шчасця» ўжо перакладзеная на гіндзі, турэцкую, кітайскую, арабскую і нямецкую мовы. Во дзе майстар пяра. Вялікі талент – нават рэп пісаў у гонар свайго каня.

Таму, спадарыня Эйсмант, давядзецца пафантазіяваць, каб быць сапраўды першымі. Можа, кнігу пра шпіца Умку? Ці нават гімн?

А яшчэ так вам Захад абрыд, а галоўнай падзеяй у інтэрв’ю называеце сустрэчу «Нармандскай чацвёркі» – ах, як жа для вас гэта важна! А цяпер не пускаюць. Распавядаеце, як хутка рыхтавалі гэтую сустрэчу, як адказна. Можа, таксама пра яе напішаце ў кнізе? Хаця і тут не першыя. Былы французскі прэзідэнт Франсуа Алянд ужо напісаў кнігу «Урокі ўлады», дзе ўзгадаў тую сустрэчу і жудасныя бутэрброды ды ўмовы для адпачынку ў фатэлях, тады як Пуцін спаў у ложку. Так што лепш не распавядайце пра гэта.

Хаця, як кажаце, у вас жа «свабода на працы», толькі потым дадаяце асцярожна: «адносна, што праўда». І яшчэ вы заўжды на тэлефоннай сувязі – нават закрытай.

Але пра гэта таксама не пішыце ў кнізе, бо для беларусаў гэтую сувязь адкрылі, тэлефонныя запісы злілі – і ўсе ведаюць, як у лістападзе 2020-га вы з Баскавым і Шакутам, заліўшыся «Масандрай», ганялі па менскіх дварах ды зразалі бел-чырвона-белыя стужкі. А потым, калі Раман Бандарэнка адважыўся вам перашкодзіць, збілі яго да смерці. Вы, спадарыня Эйсмант, кажаце, што мемуары сабраліся пісаць, каб нейкую праўду распавесці. Крыві з вашых рук мемуары не змыюць. Што б вы там ні пісалі і як бы ні пасміхаліся.

В Варшаве прошла акция памяти погибшего Романа Бондаренко
Акцыя памяці Рамана Бандарэнкі адбылася ў польскай сталіцы каля амбасады Беларусі. Раман – жыхар Плошчы Пераменаў, якога забілі беларускія сілавікі. Варшава, Польшча. 12 лістапада 2021 года.
Фота: Белсат

У гэтым інтэрв’ю на БТ вы нават самі не падазраяце, колькі ўсяго нагаварылі і ў чым прызналіся. Можа, вы і прафесійная акторка – толькі тэатр пагарэлы.

Кажаце, што ў лукашэнкаўскім музеі ёсць нават частка пра падзеі 2020-га, і гэта, як дадаяце, «Мекка» для наведнікаў. Так, маўляў, усе хочуць пабачыць аўтамат, з якога Лукашэнка збіраўся забіваць беларусаў. Там жа і карціна з Колем у бронекамізэльцы. Дык я вам так скажу: гэта не Мекка, гэта доказы злачынстваў, таму захоўвайце іх беражліва – да будучага суда.

Суда над вамі і вашым шэфам, якому вы так аддана служыце. Ён, можа, не дажыве, хаця хацелася б, а вось вам давядзецца адказваць. І вашая прымаўка пра таго, хто кусае руку, якая корміць, і ліжа бот, які штурхае, заблішчыць новымі барвамі. А што да вашых мемуараў, спадарыня Эйсмант, то, спадзяюся, у турме ў вас будзе шмат часу, каб гэтым заняцца.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў