Улады апублікавалі спіс дазволенай ІП дзейнасці. Шмат каму давядзецца або закрыцца, або стварыць юрыдычную асобу


Беларускі ўрад апублікаваў пералік відаў дзейнасці, дазволенай індывідуальным прадпрымальнікам. У спісе няма, напрыклад, юрыдычных і маркетынгавых паслуг ды гуртовага гандлю. Іпэшнікам, якія ў пералік не трапілі, давядзецца або закрыцца, або стварыць юрыдычную асобу.

Рынак у Горадні. Фота ад гледачоў

Віды дзейнасці, дазволеныя ІП, апублікавалі на сайце ўрада. Пералік разам з заўвагамі займае пяць аркушаў. Сярод таго, чым індывідуальныя прадпрымальнікі змогуць займацца далей, маецца:

  • раздробны гандаль,
  • некаторыя будаўнічыя работы,
  • абслугоўванне і рамонт аўтаў і матацыклаў,
  • грузавыя аўтаперавозы,
  • паслугі кароткатэрміновага пражывання,
  • грамадскае харчаванне,
  • турагенцкая дзейнасць.

Пры гэтым, напрыклад, няма гуртовага гандлю, юрыдычных і маркетынгавых паслуг.

Гэтай жа пастановаю Савет Міністраў зацвердзіў пералік дзейнасці для самазанятых. У ім, сярод іншага, пакінулі рэпетытарства, касметычныя паслугі, паслугі цырульніка, манікюр і педыкюр.

У іпэшнікаў, дзейнасць якіх не далучылі ў пералік, застаецца на выбар або закрыцца, або зарэгістраваць юрыдычную асобу. Вызначаны тэрмін – 31 снежня 2025 года.

Агляд
Баяцца страціць працу і пенсіі. Вынікі грамадскага абмеркавання зменаў для ІП
2024.05.30 19:02

Як казала раней «Белсату» эканамістка даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна, чарговыя змены для індывідуальных прадпрымальнікаў упісваюцца ў палітыку дзяржавы, скіраваную на ўсё большы кантроль прыватнай сферы і збор усё большых падаткаў:

«Паколькі прадпрымальнікаў шмат і гэта невялікія бізнесы, за кожным наглядчыка не паставіш. Іх кантраляваць складаней. Таму пастараліся іхную колькасць такімі захадамі трохі скараціць».

У статусе ІП працаваць лягчэй: напрыклад, прасцейшы бухгалтарскі ўлік, няма патрабаванняў да мінімальнага капіталу.

«Калі мы разглядаем ІП як стартап, якім чалавек спрабуе запусціць свой бізнес з нескладаным і зразумелым падаткаабкладаннем, то цяпер ён робіцца для многіх проста немагчымым. А людзі, нацэленыя на пашырэнне бізнесу, могуць паспрабаваць адкрыць юрыдычную асобу і развівацца далей. Але трэба разумець, што гэта запатрабуе больш выдаткаў і адказнасці», – падкрэсліла экспертка.

Разбор
Трэба будзе абіраць: закрыцца або ствараць юрасобу. Якія змены дэпутаты ўзгаднілі для ІП
2024.03.21 20:05

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў