Трэба будзе абіраць: закрыцца або ствараць юрасобу. Якія змены дэпутаты ўзгаднілі для ІП


Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў другім чытанні праект закону «Аб змяненні законаў па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці». Ён абмяжоўвае віды дзейнасці, якімі могуць займацца прадпрымальнікі. Тыя, хто не трапіць пад новыя стандарты ІП, будуць вымушаныя перайсці ў статус юрасобы ці закрыцца. Разам з тым улады абяцаюць падтрымку бізнесу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аляксандр Побат / 1prof.by

«Новая структура бізнесу», як гэта назваў дэпутат Анатоль Насеня, будзе складацца з некалькіх груп бізнесменаў. Першая – юрыдычныя асобы. Яны падзяляюцца на малыя (да 100 работнікаў), сярэднія (да 250 чалавек) і буйныя (больш за 250 асобаў).

Другая група бізнесу – гэта фізічныя асобы, якія могуць весці прадпрымальніцкую дзейнасць як рамеснікі, уладальнікі аграсядзіб і ІП. Таксама да гэтай групы адносяцца людзі, якія працуюць з выплатай падатку на прафдзейнасць.

«Сітуацыя эканамічнай нявызначанасці»

Для ІП абмяжоўваюцца віды дзейнасці, якімі яны могуць займацца. Пакуль дакладна не вядома, што чыноўнікі пакінуць для індывідуальных прадпрымальнікаў. Спіс дазволеных відаў дзейнасці павінен пазней скласці ўрад.

Калі нейкі  від дзейнасці, якім раней маглі займацца ІП, не будзе ўваходзіць у пералік, то з 1 кастрычніка 2024 года новыя ІП з аднаведным відам дзейнасці проста не будуць адкрывацца. Калі прадпрымальнік ужо працуе, то да 31 снежня 2025 года ён будзе вымушаны перайсці ў юрыдычную асобу ці проста закрыць бізнес.

У чэрвені 2023 года чыноўнікі абмяркоўвалі, якім можа быць спіс. Тады з дазволеных для ІП дзейнасцяў папярэдне прыбралі юрыдычныя паслугі, анлайн-курсы, навучанне, гуртовы гандаль, турыстычныя паслугі і некаторыя іншыя.

Улады абяцаюць, што механізм пераходу з ІП у юрасобу будзе спрошчаны – за адзін дзень. Перарэгістрацыя не павінна адбіцца на працоўных працэсах прадпрымальнікаў, завяраюць чыноўнікі. Калі пра праект закону толькі стала вядома, ён выклікаў занепакоенасць, бо адкрыць ІП прасцей, чым юрыдычную асобу.

Hавiны
Калі ІП у Беларусі будуць абавязаны падаваць дэкларацыі толькі ў электронным выглядзе
2023.12.16 12:18

У будучыні больш складаная сістэма можа прывесці да таго, што новыя ІП не будуць адкрывацца ці старыя абяруць працаваць на кагосьці, а не на сябе. Бо, напрыклад, да ІП у адрозненні ад юрасобаў няма патрабаванняў да мінімальнага ўстаўнога капіталу і не трэба весці бухгалтарскі ўлік у поўным аб’еме. Гэта азначае, што трэба будзе дадатковы персанал і затраты.

«Калі мы разглядаем ІП як стартап, калі чалавек спрабуе запусціць свой бізнес з простым і зразумелым падаткаабкладаннем, то цяпер ён робіцца для многіх проста немагчымым», – казала «Белсату» старшая навуковая супрацоўніца BEROC Анастасія Лузгіна.

Нават дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Валянціна Бегеба прапаноўвала адкласці на два гады скарачэнне відаў дзейнасці, якімі могуць займацца ІП. Па яе словах, абмежаванне створыць «сітуацыю эканамічнай нявызначанасці для значнай колькасці асоб, якія займаюцца індывідуальнай прадпрымальніцкай дзейнасцю».

Будуць перагледжаныя і віды дзейнасці, якімі могуць займацца рамеснікі і самазанятыя. Пра скарачэнне пакуль гаворкі не ідзе. Дазволеныя віды дзейнасці нібыта збяруць у адным дакуменце замест некалькіх, як цяпер.

Улады абяцаюць дапамагчы бізнесу

Дакументам прадугледжаная падтрымка малога і сярэдняга бізнесу Беларускім фондам фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў, абласнымі і Менскім гарадскім выканаўчымі камітэтамі, «Банкам развіцця Рэспублікі Беларусь» і банкамі. Гэта могуць быць фінансавыя сродкі на платнай або бязвыплатнай аснове, лізінг, паручыцельства па абавязках, субсідыі, крэдыты, у тым ліку льготныя. Атрымаць дапамогу змогуць не ўсе заахвочаныя. Яна будзе выдавацца на конкурснай аснове, адзначаецца ў дакуменце.

Цяпер законапраект павінен узгадніць Савет Рэспублікі, а потым падпісаць Аляксандр Лукашэнка.

Аб’ектыў
Беларусь імкліва губляе прадпрымальнікаў
2024.02.05 20:29

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў