Сапсаваныя прадукты, нямыты посуд і кішачная палачка. Што і як ядуць школьнікі Віцебшчыны


Камітэт Дзяржаўнага кантролю выявіў шматлікія парушэнні ў арганізацыі школьнага харчавання ў школах Віцебскай вобласці. Пра гэта віцебскаму тэлебачанню расказаў начальнік аддзелу кантролю спажывецкага рынку і сфер паслуг КДК Віцебшчыны Франц Вянсковіч.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Прадстаўнікі ведамства праверылі школы буйных гарадоў – Віцебску, Полацку і Воршы. Але нават там было выяўлена мноства парушэнняў. Сярод іх – нявымыты посуд, абсталяванне, інвентар, на харчаблоках нават знаходзілі бактэрыі кішачнай палачкі. Таксама выкарыстоўваліся прадукты са скончанымі тэрмінамі прыдатнасці або без абавязковай інфармацыі і маркіроўкі. Неаднаразова выяўляліся выпадкі лішкаў і нястачы прадуктаў.

Апроч таго, у меню не ставала свежай гародніны, садавіны, малочных прадуктаў, рыбы, сыру і іншых прадуктаў, але былі кандытарскія вырабы, якіх быць не павінна.

КДК даручыў органам улады і прадпрыемствам Віцебшчыны, якія арганізуюць харчаванне ў школах, прыняць дадатковыя захады для павышэнні якасці і забяспечыць кантроль школьных сталовак.

Нагадаем, што ў Менску ў пачатку красавіка ў шпіталь трапілі сямёра вучняў ліцэю БНТУ. У юных пацыентаў выявілі норавірус. Асноўныя шляхі перадачы норавіруса – кантактна-побытавы (праз нямытыя рукі, прадметы ўжытку, посуд і г. д.) і харчовы (з нямытай садавіной, гароднінай або харчамі, што інфікаваў хворы падчас гатавання ежы).

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў