Мінкульт пакрыўдзіўся. Ніхто не хоча ўвасобіць у кіно гераізму сілавікоў

Ізноў вымушаны вярнуцца да тэмы пратэстаў 2020-га. Нібы вядома, чаму беларусы выйшлі: стаміліся за больш як 25 гадоў кіравання Лукашэнкі, жадалі годнага жыцця сабе і сваім дзецям – еўрапейскае будучыні, праўды, пераменаў, свабоды, скажаце вы. Аказваецца, не ў гэтым рэч. Прынамсі вядомы былы дэпутат і чыноўнік Генадзь Давыдзька пабачыў зусім іншую прычыну.

Сілавікі блакуюць уваход у Чырвоны касцёл у Менску. 2020 год. Крыніца
фота: «Вясна» / Telegram

Адсутнасць добрага і правільнага кіно. Так-так. Менавіта кіно. Падзеі 2020-га Генадзь Давыдзька пабачыў у жанры фэнтэзі: нібыта нейкі монстр нарабіў жучкоў, тыя праз радыё пазапаўзалі ў галовы беларусам, а яны пад уплывам жучкоў пабралі бел-чырвона-белыя сцягі і пайшлі на пратэсты. Вось такія, аказваецца, жукі ў галовах беларусаў. Ці не асацыяцыя з вусатым тараканам навеяла Давыдзьку? Генадзь Браніслававіч, вы, вядома, артыст заслужаны, але не прымайце больш таго, што вы прымаеце, а то яшчэ што ў галаву запаўзе. І гэта зробіцца небяспечным для атачэння.

Пачалося ўсё з таго, што Мінкульт пакрыўдзіўся: са студзеня абвешчаны конкурс на здымкі кіно з дзяржаўным падтрыманнем, але бяда – у катэгорыю пра гэтак званы гераізм сілавікоў ніхто заявак не даслаў. Мінкульт надзеі не губляе, але сцэнароў брак. Можа, таму, што брак і гераізму?

А паказаць садыстаў і забойцаў рэжыму героямі можа толькі Давыдзька з жукамі ў галаве. Хаця можна звярнуцца па сцэнар да нявесткі Лукашэнкі – аўтаркі шансонаў Ганны Сялук. Жанчына таленавітая. За два гады больш за сто песень напісала. Там і гімн пракуратуры, і песня-хвала для Менскага маторнага заводу і Палацу рэспублікі. Ёсць і прысвячэнні свёкру – толькі чаго «Ах, Аляксандр» варты. Проста, «Дразды слязам не вераць».

Нават сваё радыё «Шансон» хутка адкрывае. Кругладзённае. Стала лаўрэаткаю расейскай узнагароды «Шансон года – 2024». Што праўда, давала ўзнагароду радыё, якое належыць сябруку Лукашэнкі – Міхаілу Гуцэрыеву. Але гэта дэталі. Таму ў духу шансону Сялук, можа б, і напісала за, як кажуць, умераную плату сцэнарык пра «гераізм сілавікоў»? Таленавіты чалавек – ён жа таленавіты ўва ўсім. Можна яшчэ ў кампанію сцэнарыстаў узяць прапагандыстаў. Мяркую, Грыша Азаронак і прыпявака Ксенія Лебедзева цалкам надаюцца. Вось што апошняя заявіла на гэтым тыдні:

«Я за тое, каб быць радыкальным у стасунку да нашых апанентаў. Бо яны нас шкадаваць не будуць. І падзеі ў 2020 годзе, калі нешта адбудзецца, ім павінны падацца казкаю. Іх трэба знішчаць. Іх трэба забіваць».

Яшчэ прапагандыстка дадае, што садысты-сілавікі ў 2020-ым усё рабілі правільна, але адным незадаволеная – «трэба было мацней». Што ж, чым не сцэнар на фільм пра «гераізм сілавікоў»?

«Знішчаць» і «забіваць» беларусаў. Гэта кажа рот рэжыму. Словы – на турэмны тэрмін.

Калі я гляджу на яе, то міжвольна ўяўляю ў форме СС – яна была б выдатнай супрацоўніцай якога-небудзь Аўшвіцу. Дай магчымасць – і будзе з усмешкаю здзіраць з чалавека скуру. Ды што там «будзе». Яны гэта паспяхова рабілі і робяць у лукашэнкаўскіх лагерах. Катуюць і забіваюць. Вось толькі нешта пра гэты гераізм ніхто кіно здымаць не хоча.

Аб’ектыў
Зноў пра партызан: на Беларусьфільме рыхтуюць новую карціну
2024.03.02 20:00

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў