Праз санкцыі нават рост выручкі не ратуе БЧ ад стратаў


Па выніках 2023 года Беларуская чыгунка (БЧ) перасягнула паводле выручкі перадваенны, 2021 год, але ўсё адно не здолела выйсці на прыбытковую дзейнасць. Другі год запар чыгуначная гаспадарка краіны заканчвае са стратамі, адзначаюць «Белорусы и рынок».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Віталь Гіль / 1prof.by

Згодна з гадавою справаздачаю БЧ, па выніках 2023 года выручка аб’яднання ў параўнанні з папярэднім годам вырасла амаль на 30 % і склала Br 352,9 млн. Гэта нават больш, як было ў перадваенным, 2021 годзе. Аднак выдаткі на бягучую дзейнасць, якія імкліва павялічваюцца з 2022-га, нават пры такім росце продажаў не дазволілі БЧ выйсці на бясстратную дзейнасць.

Расходы БЧ на бягучую дзейнасць сталі імкліва расці пасля таго, як праз закрыццё партоў у краінах Балтыі чыгуначнікі пераарыентаваліся на альтэрнатыўныя маршруты ў Расеі. У 2023 годзе рост абʼёму перавозаў беларускіх грузаў чыгуначным транспартам у кірунку партоў Расеі вырас у 2,3 разу да ўзроўню 2022-га.

Але ўсё адно гэта не спыніла росту выдаткаў на бягучую дзейнасць: у 2021 годзе яны складалі Br 29,1 млн, у 2022-м – Br 672,1 млн, а ў 2023-м – Br 817,4 млн.

У выніку пасля прыбытковага 2021 года (Br 3,8 млн) 2022-і БЧ скончыла з чыстаю стратаю на Br 129,6 млн. Летась чыстыя страты склалі Br 94,9 млн.

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка, апавядаючы пра сваё бачанне вызвалення журналіста Анджэя Пачобута ды іншых беларускіх палітычных вязняў, прапанаваў «адказаць на ціск Лукашэнкі яшчэ большым ціскам, падключаючы Кітай да развязання праблемы з Лукашэнкам – цалкам абразаючы таварныя зносіны з Беларуссю, у тым ліку чыгуначныя».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў