Выхад шасці палітвязняў на волю і з’яўленне васьмі новых


Хроніка рэпрэсій за 3 ліпеня выглядае не зусім звычайна. Гэта быў «святочны» дзень у краіне, і сілавікі былі, хутчэй за ўсё, занятыя ахоўваннем тэрыторыяў святкавання, а не затрыманнем «няўгодных». А ў той жа час сёння адбыліся падзеі, якія як даюць надзею, так і паказваюць, што да вялікіх зменаў нам трэба прайсці яшчэ доўгі шлях.

Так, сёння стала вядома, што рэжым пачаў выпускаць на волю некаторых палітвязняў. Так, праваабаронцам «Вясны» дакладна вядома пра чацвярых палітзняволеных, якія сёння выйшлі на волю па амністыі. У той жа час заснавальніца праекту «Палітвязынка» Яўгенія Доўгая паведамляе пра тое, што ёй дакладна вядома пра вызваленне трох мужчын і трох жанчын. З адной, кажа яна, нават удалося паразмаўляць.

Пацверджаным фактам стала вызваленне былога кіраўніка партыі БНФ 67-гадовага Рыгора Кастусёва, асуджанага на 10 гадоў зняволення. Пра гэта паведаміў ягоны зяць, а таксама дачка, якім удалося паразмаўляць з палітзняволеным.

Рыгор Кастусёў.
Крыніца: Рыгор Кастусёў / Facebook

Таксама сёння стала вядома, што ў чэрвені выйшаў з турмы палітвязень Яўген Бароўскі, які меў сур’ёзныя праблемамі са здароўем. Яўген спрабаваў адбіць дэманстранта ў міліцыі на станцыі метро «Пушкінская» падчас маршу 11 кастрычніка 2020 года, пасля чаго быў затрыманы і асуджаны да чатырох гадоў зняволення за ўдзел у мітынгу і гвалт у дачыненні да міліцыянта. Сваёй віны Яўген не прызнаў, але адбыў тэрмін да канца.

Яўген Бароўскі.
Крыніца: Наша Ніва

З другога боку, сёння ў Беларусі з’явілася восем новых палітзняволеных: гэта Ірына Клязовіч, Марына Гацура, Віктар Нікіфараў, Надзея Лескавец, Ірына Пагадаева, Глеб Дудко, Жанна Дашкевіч, Ілля Гумбар.

Але ў любым разе звесткі пра выхад на волю людзей, якія яшчэ не адседзелі сваіх тэрмінаў, гэта добрыя весткі, і хочацца верыць, што іх будзе больш.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў