Праваабаронцы: На волю выйшлі 16 палітвязняў


Праваабаронцам вядомыя 16 прозвішчаў палітзняволеных, якія выйшлі на волю 3 ліпеня, паведамляе «Вясна».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Крыніца: boets-shop.ru

Сярод іх 3 жанчыны і 13 мужчынаў, у тым ліку былы старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

Праваабаронцы падкрэсліваюць, што «захоўваюць інфармацыйную цішыню для бяспекі вязняў, таму пакуль не публікуюць прозвішчаў астатніх вызваленых».

У той жа час «Вясне» вядома, што частка затрыманых выйшла на волю паводле амністыі, а частка – праз памілаванне.

Некаторыя падрабязнасці пра палітзняволеных, якіх 3 ліпеня выпусцілі на волю, таксама раскрыў кіраўнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак.

Паводле яго, пяцёра з тых, хто выйшаў на волю, мусілі вызваліцца цягам месяца, тры асобы – цягам года, яшчэ пяцёра – у межах 1,5–2 гадоў, адзін чалавек – цягам 2–3 гадоў і яшчэ адзін цягам 6 гадоў.

Сярод датэрмінова вызваленых за апошнія два дні толькі ў Рыгора Кастусёва цяжкі стан здароўя, піша кіраўнік «BYSOL».

Такім чынам, Андрэй Стрыжак адзначае, што «траціна палітвязняў, пра вызваленне якіх вядома, выйшлі б на волю цягам месяца (зразумела, памятаем пра магчымасць «бонуснага» гадавога тэрміну паводле КК 411)».

«Абсалютная большасць вызваленых не ёсць людзьмі сталага ўзросту з цяжкімі захворваннямі. Інфармацыя пра тое, што на волю выпускаюць найбольш хворых і старых, не адпавядае рэчаіснасці і ёсць часткай дзяржаўнай прапаганды», – падкрэсліў Андрэй Стрыжак.

Нагадаем, што 3 ліпеня стала вядома, што рэжым пачаў выпускаць на волю некаторых палітычных вязняў. Колькасць пацверджаных выпадкаў павялічвалася паступова.

На дадзены момант публічна было абвешчана пра вызваленне былога кіраўніка Партыі БНФ, 67-гадовага Рыгора Кастусёва, засуджанага на 10 гадоў зняволення. Пра гэта паведаміў ягоны зяць, а таксама дачка, якім удалося паразмаўляць з палітыкам.

Hавiны
На свабоду выйшаў Рыгор Кастусёў
2024.07.03 20:14

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў