Супраць дзвюх жанчын, якія ўцяклі з «хіміі», распачатае спецвядзенне


Пракуратура Гарадзенскай вобласці пачала спецвядзенне ў дачыненні дзвюх жанчын, якія былі прысуджаныя ў 2021 годзе да «хіміі», але паспелі выехаць з Беларусі да прывядзення прысуду ў дзеянне. Цяпер іх збіраюцца судзіць завочна за інтэрв’ю, якое яны далі «экстрэмісцкім рэсурсам».

Пракуратура Гарадзенскай вобласці.
Крыніца: prokuratura.gov.by

Паводле матэрыялаў справы, дзвюм жанчынам у веку 53 і 50 гадоў інкрымінуецца «спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці», паведамляе пракуратура Гарадзенскай вобласці.

У 2021 годзе суд Ленінскага раёну Горадні пакараў іх за «шэраг экстрэмісцкіх злачынстваў» і накіраваў у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (што ў народзе называюць «хіміяй»)

Але да прывядзення прысуду ў выкананне жанчынам удалося выехаць за межы Беларусі, і за мяжою яны да жніўня 2022 года далі некалькі інтэрв’ю «экстрэмісцкім фармаванням». Паводле пракуратуры, у іхных выказваннях утрымлівалася «неабгрунтаваная ацэнка дзейнасці судовай сістэмы, праваахоўных органаў, умоваў жыцця і працы грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, паведамлялася пра нібыта парушэнні іхных канстытуцыйных правоў на свабоду слова, сходаў, дэманстрацыяў, недатыкальнасць і гонар асобы».

У сваю чаргу, працягвае прэс-служба пракуратуры, гэтыя інтэрв’ю былі апублікаваныя на разнастайных інтэрнэт-рэсурсах іншымі грамадзянамі, «раней аб’яднанымі ў экстрэмісцкае фармаванне на глебе палітычнай і ідэалагічнай варожасці», што забяспечыла «доступ да ўказанай інфармацыі неабмежаванаму колу асобаў».

У межах крымінальнай справы са згоды генпракурора РБ было распачатае спецвядзенне на падставе пастановы старшыні Следчага камітэту РБ.

У пракуратуры Гарадзенскай вобласці прыйшлі да высновы пра абгрунтаванасць абвінавачання, дастатковасць сабраных доказаў і ўсебаковасць вывучэння абставінаў злачынства ды накіравалі справу ў суд, кваліфікаваўшы яе паводле ч. 2 ст. 361-4 Крымінальнага кодэксу РБ («Вярбоўка, іншае ўцягванне асобы ў экстрэмісцкую дзейнасць, навучанне, а таксама іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, учыненыя паўторна, ці групай асоб па папярэдняй змове»). Паводле гэтага артыкулу прадугледжваецца пакаранне абмежаваннем волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў.

У той жа час пракурор пакінуў без зменаў раней завочна ўжытую да абвінавачаных меру стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў