Орбан, Трамп і дымавая заслона Пуціна. Ці могуць Украіна і Расея сесці за стол перамоваў?


На фоне пазіцыйнага тупіку на фронце ў публічнай прасторы Украіны ўсё часцей агучваюцца розныя мірныя ініцыятывы і планы. Некаторыя з іх абвяшчаліся афіцыйна, некаторыя існуюць выключна ў фармаце ўкідаў. Belsat.eu распавядае пра гэтыя ініцыятывы і іх значэнне.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі працягвае руку прэм’ер-міністру Вугоршчыны Віктару Орбану пасля прэс-канферэнцыі ў Кіеве, Украіна. 2 ліпеня 2024 года.
Фота: Genya Savilov / AFP / East News

Далікатны план Орбана

2 ліпеня прэм’ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан нечакана наведаў Кіеў. Падчас перамоваў ён прапанаваў прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму неадкладна спыніць агонь на той лініі судакранання з расейскімі войскамі, якая ёсць цяпер.

Орбан падкрэсліў, што не ёсць праціўнікам украінскіх планаў завяршэння вайны, але лічыць іх занадта доўгімі ў рэалізацыі.

«Я распавёў спадару прэзідэнту, што ягоныя ініцыятывы патрабуюць шмат часу з увагі на правілы міжнароднай дыпламатыі. Таму я папрасіў спадара прэзідэнта падумаць аб тым, ці нельга паступіць крыху інакш: спыніць агонь, а затым весці перамовы з Расеяй, бо спыненне агню паскорыла б тэмпы гэтых перамоваў», – распавёў журналістам вугорскі прэм’ер пасля сустрэчы.

Орбан лічыцца самым прарасейскім еўрапейскім лідарам, пра ягонае сяброўства з Уладзімірам Пуціным добра вядома. Падчас вайны вугорац раз за разам агучвае наратывы, выгадныя Крамлю. Гэтак, у жніўні 2023 года ён заклікаў Захад заключыць угоду з Пуціным: спыніць вайсковую дапамогу Украіне, гарантаваць, што Кіеў не прымуць NATO, і адмовіцца ад патрабавання вярнуць анексаваны Крым.

У параўнанні з гэтаю заявай цяперашняя прапанова Орбана выглядае надзвычай далікатна і нейтральна. Яна значна бліжэйшая да мірнага плану Кітаю, які таксама прадугледжвае спыненне агню без папярэдніх умоваў, чым да ўльтыматыўнага плану Пуціна, які настойвае на акупацыі чатырох вобласцяў Украіны і Крыму.

У Кіеве адхілі прапанову Орбана таксама ў вельмі далікатнай форме. «Яму гэта не надта спадабалася. Ён сказаў: давайце паразважаем, давайце падумаем пра гэта», – пераказваў потым рэакцыю Зяленскага вугорскі прэм’ер. Прэзідэнт Украіны не выказваўся на гэты конт публічна. А Орбан падкрэсліў, што не настойваў на сваёй ініцыятыве і разумее ўкраінскія аргументы.

Угода Трампа

Паралельна з прапановай Орбана ў медыях з новаю сілаю пачалі абмяркоўваць так званы мірны план Доналда Трампа.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Доналд Трамп выступае на перадвыбарчым мітынгу ў Чэсапіку, ЗША. 28 чэрвеня 2024 года.
Фота: Steve Helber / AP Photo / East News

Трамп даўно кажа, што ён можа імгненна спыніць вайну ва Украіне. Праўда, як гэта зрабіць, палітык падрабязна не тлумачыць. Паводле амерыканскіх медыяў, у прыватных размовах ён заяўляў: скончыць вайну Расеі і Украіны можна ў тым выпадку, калі націснуць на афіцыйны Кіеў і прымусіць саступіць Крым і Данбас.

Напярэдадні дэбатаў медыі распавялі, што дарадцы Трампа распрацавалі мірны план, сутнасць якога заключаецца ў адначасовым ціску на Кіеў і Маскву з тым, каб бакі селі за стол перамоваў. Згодна з дакументам, Украіне будзе заяўлена, што перадача амерыканскай зброі працягнецца толькі ў тым выпадку, калі Кіеў пачне мірныя перамовы. Адначасова ЗША папярэдзяць Маскву, што адмова ад перамоваў прывядзе да ўзмацнення амерыканскага падтрымання Украіны. Паводле медыяў, на гэтую ідэю дарадцаў Трамп нібыта адрэагаваў станоўча, аднак падчас дэбатаў сутнасці свайго плану ён зноў не раскрыў.

Выданне «Politico» ў артыкуле, апублікаваным 2 ліпеня, паведаміла, што план Трампа ўключае ў сябе гарантыі непашырэння NATO на ўсход і перадачу Расеі часткі акупаваных тэрыторыяў Украіны.

Разбор
Правал Байдэна, няпраўда Трампа і паніка дэмакратаў. Падсумоўваем вынікі дэбатаў у ЗША
2024.06.28 19:02

У Кіеве рэагуюць на інфармацыю з атачэння Трампа з вялікай занепакоенасцю.

«Калі Трамп ведае, як скончыць гэтую вайну, ён павінен сказаць нам аб гэтым сёння… Калі ёсць рызыкі для ўкраінскай незалежнасці, калі мы страцім дзяржаўнасць – мы хочам быць гатовымі да гэтага, мы хочам ведаць», – заявіў Зяленскі 3 ліпеня. Ён дапусціў магчымасць сустрэчы з Трампам, каб выслухаць ягоныя прапановы.

«Мы хочам зразумець, ці будзем мы ў лістападзе мець магутнае падтрыманне ЗША ці будзем зусім адныя», – зазначыў ён.

Кіраўнік Офісу прэзідэнта Андрэй Ермак, каментуючы план Трампа, зазначыў, што Украіна не гатовая ісці на кампраміс адносна незалежнасці, свабоды, дэмакратыі, тэрытарыяльнай цэласці і суверэнітэту.

Турэцкі фармат

Прэзідэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган 3 ліпеня падчас перамоваў з Уладзімірам Пуціным заявіў, што Турэччына можа стварыць «глебу для пагаднення» аб спыненні агню ва Украіне, а затым і аб дасягненні міру.

Што канкрэтна меў на ўвазе Эрдаган, не тлумачыцца. Вясной 2024 года ён выказваў гатовасць правесці ў Турэччыне мірны саміт з удзелам Расеі, а таксама прапаноўваў сябе ў якасці пасярэдніка.

Раней, у 2022 годзе, Турэччына разам з ААН была пасярэднікам і гарантам чарнаморскай збожжавай дамовы. У нядаўнім інтэрв’ю «The Philadelphia Inquirer» Зяленскі заявіў, што мірныя перамовы з кіраўніцтвам Расеі можна было б весці паводле таго ж прынцыпу. «Такая мадэль была выкарыстаная ўпершыню на прыкладзе збожжавага калідору, калі Украіна дамаўлялася не з Расеяй, а з ААН і Турэччынай. Яны, у сваю чаргу, узялі на сябе адказнасць дамаўляцца з намі, а затым падпісваць адпаведнае пагадненне з РФ. Гэтак яно і спрацавала: два люстраныя пагадненні, паміж якімі ААН і Турэччына», – растлумачыў украінскі лідар.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Тысячы ўкраінскіх сцяжкоў лунаюць каля Майдану незалежнасці на памяць аб салдатах, якія загінулі падчас уварвання Расеі ва Украіну. Кіеў, Украіна. 1 ліпеня 2024 года.
Фота: The Yomiuri Shimbun / AP Images / East News

Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў неўзабаве пацвердзіў, што ўкраінская тэма сапраўды абмяркоўвалася падчас сустрэчы Эрдагана і Пуціна. Аднак Пяскоў заявіў, што прэзідэнт Турэччыны не разглядаецца ў якасці пасярэдніка. «Не, гэта немагчыма», – зазначыў ён.

Не факт, што і сам Зяленскі разглядае Турэччыну ў якасці пасярэдніка – усё-ткі фармат збожжавай дамовы быў прыведзены проста як прыклад. Пазней, у інтэрв’ю «Bloomberg», у якасці магчымых пасярэднікаў украінскі лідар назваў толькі ЗША і Кітай.

Разам з тым, на наступны дзень пасля сустрэчы з Эрдаганам Пуцін чарговы раз заявіў, што базаю для мірных перамоваў з Украінай мусіць зрабіцца той варыянт пагаднення, які абмяркоўваўся ў Стамбуле ў сакавіку 2022-га. Гэтыя перамовы былі арганізаваныя якраз пры дапамозе Эрдагана.

Стамбульскі дакумент прадугледжваў сур’ёзныя саступкі з украінскага боку: адмову ад далучэння да NATO, нейтральны статус, прызнанне страты Крыму і Данбасу дэ-факта. Чарнавы варыянт мірнага пагаднення таксама ўключаў істотнае скарачэнне ЗСУ, забарону на атрыманне замежнай зброі і асаблівы статус расейскай мовы ва Украіне. Прыняцце гэтых патрабаванняў будзе дэ-факта азначаць, што Украіна прызнае сваю паразу ў вайне. Разам з тым, стамбульскі варыянт усё роўна не супадае з патрабаваннямі Расеі, якія Пуцін агучыў у чэрвені 2024 года: ён настойваў, што для пачатку мірных перамоваў Украіна мусіць прызнаць страту не толькі Крыму і Данбасу, але і Запарожскай ды Херсонскай вобласцяў.

На свой чэрвеньскі ўльтыматум Пуцін 4 ліпеня таксама спаслаўся. То бок ён адначасова апелюе да двух падыходаў, якія істотна паміж сабой адрозніваюцца.

Гібрыдны план

На гэтым тыдні ў медыі трапіў яшчэ адзін мірны план, які напрыканцы чэрвеня нібыта прывёз у Вашынгтон міністр унутраных справаў РФ Уладзімір Калакольцаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вучэнні пехацінцаў з танкам Т-80 у Данецкай вобласці Украіны. 2 ліпеня 2024 года.
Фота: Jose Colon / Anadolu Press / Abaca Press / East News

Ключавыя тэзісы гэтага плану, якія апублікаваў украінскі журналіст Дмытро Гардон, ёсць нечым сярэднім паміж ультыматумам Пуціна ўзору чэрвеня 2024 года і стамбульскімі дакументамі сакавіка 2022 года. Расея хоча, каб Украіна прызнала страту Данбасу і Крыму, а вось лёс Херсонскай і Запарожскай вобласцяў Масква нібыта гатовая абмяркоўваць. Таксама прысутнічаюць патрабаванні пра пазаблокавы статус Украіны, абмежаванне колькасці арміі і ўзбраення. Пры гэтым Расея будзе не супраць далучэння Украіны да ЕЗ (гэтая пазіцыя агучвалася ў 2022-м на перамовах у Стамбуле). Акрамя таго, Украіна мусіць гарантаваць падачу вады ў Крым, але сам Крым будзе дэмілітарызаванай зонай. Спыненне агню ўздоўж лініі фронту павінна быць уведзенае адразу пасля пачатку перамоваў аб замірэнні ў фармаце Расея – ЗША – Кітай – ЕЗ – Украіна.

Міністр Калакольцаў сапраўды наведваў Вашынгтон у межах саміту кіраўнікоў МУС краінаў ААН. Аднак ці перадаваў ён амерыканцам нейкі мірны план – невядома. Дмытро Гардон мае спрэчную прафесійную рэпутацыю і не можа лічыцца надзейнай крыніцай інфармацыі. Разам з тым, нават калі гэта ўкід, то ўкід невыпадковы: Маскве выгадна стварыць уражанне сваёй адкрытасці да перамоваў і нават гатовасці да пэўных саступак.

Што ўсё гэта значыць

З усіх агучаных ініцыятываў у тэорыі самай рэалістычнай падаецца прапанова Орбана, бо яна не прадугледжвае ніякіх папярэдніх умоваў. Той факт, што Зяленскі ў інтэрв’ю «Bloomberg» і «The Philadelphia Inquirer» дапусціў перамовы з РФ пры ўдзеле пасярэднікаў, шмат пра што кажа. Імаверна, афіцыйны Кіеў не выключае варыянту, пры якім сесці за стол перамоваў давядзецца ў сітуацыі, калі Расея будзе працягваць кантраляваць частку ўкраінскай тэрыторыі. Аднак Украіна павінна мець у такім выпадку магутнае міжнароднае падтрыманне – менавіта таму для Кіева настолькі важная ідэя саміту міру.

Наяўнасць сусветнага кансэнсусу наконт прынцыпаў мірнага ўрэгулявання дазволіць Украіне разлічваць на тое, што ў выпадку рэальных перамоваў з Расеяй афіцыйны Кіеў з палітычнага пункту гледжання будзе мець выйгрышнае становішча і таму здолее адстаяць свае ўмовы міру.

Аналітыка
Салідарнасць без прарыву. Што азначаюць для Украіны вынікі саміту міру
2024.06.17 18:08

Расея свядома імкнецца стварыць дымавую заслону вакол сваёй рэальнай пазіцыі наконт вайны і міру. Масква то патрабуе чатыры вобласці Украіны плюс Крым, то апелюе да больш памяркоўных стамбульскіх дакументаў, то ўкідвае ў медыі нейкі гібрыдны варыянт гэтых двух планаў. Крэмль кажа пра адкрытасць да перамоваў і пры гэтым заяўляе пра нелегітымнасць Зяленскага, ставячы пад сумнеў ягонае права падпісваць мірнае пагадненне. Такім чынам, Пуцін хоча стварыць уражанне, што «не ўсё так адназначна» і з ім у прынцыпе можна дамаўляцца. Хаця пры гэтым Крэмль не здымае ўльтыматыўных патрабаванняў да Украіны і пакідае сабе магчымасць у любы момант адмовіцца ад перамоваў з надуманых прычынаў.

Пуцін разлічвае такім чынам раскалоць Захад і аслабіць падтрыманне Украіны. У гэтым сэнсе сам факт існавання прапановаў Орбана або плану Трампа ідзе на карысць Крамлю. Калі ўявіць, напрыклад, што Украіна пагодзіцца з прапановай Орбана неадкладна спыніць агонь, то ў цяперашніх умовах гэта будзе каласальным дэмабілізацыйным фактарам для ўкраінцаў і іхных саюзнікаў. Пазіцыі прыхільнікаў кампрамісу на Захадзе рэзка ўзмоцняцца: навошта дапамагаць Украіне, вылучаць мільярды долараў і пашыраць абаронную вытворчасць, калі з Пуціным можна дамовіцца? У сваю чаргу, Расея пастараецца выкарыстаць разгубленасць сваіх праціўнікаў, каб павялічыць ваенны ціск на Украіну.

Аналітыка
Летні наступ і бясконцы пазіцыйны тупік. Тлумачым, што адбываецца на фронце ва Украіне
2024.06.25 22:41

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў