Што на межах Беларусі: з Літвы – затор, на польскай мытні – неразбярыха праз новую забарону


Праблемы з чэргамі на межах Беларусі не канчаюцца: на пераход мяжы машынаю можа сысці больш як паўдня, цяпер яшчэ і Польшча забараніла вывозіць у Беларусь шмат якія тавары – на мытні неразбярыха. «Белсат» глядзіць статыстыку памежнікаў і паведамленні ў чатах беларусаў.

Чарга на ўезд у Беларусь на пункце пропуску «Берасце». 4 ліпеня 2024 года.
Фота: Gpk.gov.by

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі на сярэдзіну 9 чэрвеня публікуе наступныя звесткі пра чэргі на выезд з Беларусі.

  • «Грыгораўшчына – Патэрніекі» (Латвія): 10 легкавікоў, 540 цяжкавікоў, да поўдня чаргі легкавікоў зусім не было.
  • «Каменны Лог – Мядзінінкай» (Літва): 0 легкавікоў, 455 цяжкавікоў, да поўдня было некалькі дзясяткаў легкавікоў.
  • «Беняконі – Шальчынінкай» (Літва): 50 легкавікоў, 550 цяжкавікоў, уначы было больш за 70 легкавікоў.
  • «Казловічы – Кукурыкі» (Польшча, грузавы): як і ўначы, чаргі няма.
  • «Берасце – Тэрэспаль» (Польшча): 120 легкавікоў і 46 аўтобусаў, уначы ў чарзе было аж 245 легкавікоў, але толькі 35 аўтобусаў.

Літоўскія памежнікі не абнаўлялі статыстыкі чэргаў на ўезд у Беларусь з 24 чэрвеня. Міністэрства транспарту паведамляе, што на раніцу 4 ліпеня чэргі на выезд з Літвы былі такія:

  • «Мядзінінкай»: на выезд у Беларусь – 662 цяжкавікі і нуль легкавікоў,
  • «Шальчынінкай»: на выезд у Беларусь – 460 цяжкавікоў і нуль легкавікоў.

Наконт «нуль легкавікоў» – вялікія сумневы, бо ў чатах расказваюць пра іншае.

Польскія памежнікі пішуць, што ў «Тэрэспалі» на выезд у Беларусь прагназаваны час чакання для легкавікоў – 9 гадзінаў, для аўтобусаў – нуль гадзінаў. На «Кукурыках» для цяжкавікоў час чакання – 21 гадзіна.

У чаце пра «Грыгораўшчыну» пішуць, што прайсці мяжу можна за 2–3 гадзіны, але шмат што не даюць увозіць з Беларусі ў Латвію: новае адзенне, касметыку, моцны алкаголь, цыгарэты ў любой колькасці, нават рыс! Іншыя, праўда, пішуць, што машыну прапусцілі амаль без дагляду. У Беларусь машыны прапускаюць павольней, па 7–8 машынаў за гадзіну, у чарзе ўначы было каля 70 аўтаў, удзень каля 100, чакаць можна 12–15 гадзінаў. Аўтобус у Беларусь з Латвіі прайшоў за 2 гадзіны 20 хвілінаў.

Аднаму з карыстальнікаў чату мытнікі паказалі такі спіс тавараў, якія не прапускаюць у Латвію.
Фота: Григоровщина – Патерниеки / Telegram

У чаце пра «Каменны Лог» расказваюць, што з Беларусі ў Літву можна прайсці мяжу параўнальна хутка, рэкорд – 4,5 гадзіны. Праблема ў чарзе з Літвы ў Беларусь: машынай адзін карыстальнік праехаў за 16 гадзінаў 20 хвілінаў, другі – за 17, трэці – за 18, чацвёрты – за 21 гадзіну 40 хвілінаў. Яшчэ адзін карыстальнік праехаў менш як за 6 гадзінаў, бо падсеў у аўтамабіль амаль пад шлагбаумам, але кіроўца той машыны чакаў сумарна 19 гадзінаў. У чарзе – больш за дзве сотні машынаў. Наракаюць не толькі на літоўскіх памежнікаў, але і на беларускіх. Аўтобусам з Літвы ў Беларусь мяжу праходзілі 5 гадзінаў 20 хвілінаў, з Беларусі ў Літву – за 7 з нечым, але калі не пашанцуе, усе 10.

У чаце пра «Беняконі» паведамляюць, што з Беларусі ў Літву чакаць 12–14 гадзінаў машынай, да 4 гадзінаў аўтобусам. Аўтамабільная чарга з Літвы ў Беларусь – каля 140 машынаў, чакаць можна больш за 7 гадзінаў, калі пашанцуе, ці за 18, калі не пашанцуе. Аўтобусам з Літвы ў Беларусь мяжу адны прайшлі за 2 гадзіны 15 хвілінаў, другія – за 1,5 гадзіны, трэція – за 3 гадзіны. Кантроль на мытні паверхневы, «без фанатызму», прапускаюць нават некаторыя прадукты, хоць некаторыя прымушаюць выкідаць.

У чаце пра «Берасце» наракаюць, што чэргі ў абодва бакі агромістыя.

«Едзем з Польшчы ў Беларусь, – пісала ўначы адна карыстальніца. – Учора сталі ў чаргу а 7:20. Толькі што прайшлі палякаў. Гэта а 1:00 ужо 4 ліпеня. Цяпер стаім у чарзе на мост. Проста пякельнае пекла».

З Беларусі ў Польшчу ноччу ўначы было як мінімум дзве з паловай сотні машынаў, толькі да польскай мяжы адзін з карыстальнікаў чакаў 15,5 гадзіны, на ўвесь праход мяжы спатрэбіцца больш за 20 гадзінаў – адзін з карыстальнікаў чакаў сумарна 23 гадзіны, яшчэ адзін без 20 хвілінаў 24. На раніцу чарга скарацілася да сотні машынаў. З Польшчы ў Беларусь аўтамабільная чарга расцягнулася на 3,5 кіламетра. Аўтобусам з Беларусі ў Польшчу чакаць даводзіцца 7–9 гадзінаў, калі пашанцуе, і да 20, калі не пашанцуе; з Польшчы ў Беларусь – каля 12 гадзінаў.

Але карыстальнікі чату чакаюць, што чарга скароціцца, бо Польшча ўвяла «беставарны» выезд: будуць забараняць вывозіць у Беларусь амаль усе тавары праз новыя санкцыі. Некаторыя прадукты і лекі выпусцяць, але аднаму карыстальніку мытнікі сказалі, што «нічога нельга», хоць у іншай прапусцілі харчы, лекі і асабістыя рэчы. Шмат каго разварочваюць, пячаткі такс-фры не ставяць. Агулам карыстальнікі скардзяцца на неразбярыху: камусьці мытня намякала, што мусіла б выклікаць паліцыю за спробу вывезці забароненыя тавары.

Польшча не выключае, што праз штучна створаны міграцыйны крызіс і зняволенне ў Беларусі Анджэя Пачобута можа закрыць мяжу з Беларуссю для тавараў, а то і для людзей.

Hавiны
«На зялёным калідоры ніякага руху». Польшча забараніла выпускаць тавары ў Беларусь?
2024.07.04 16:21

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў