У Беларусі 17 новых палітзняволеных


Праваабаронцы прызналі палітзняволенымі яшчэ 17 чалавек і патрабуюць іхнага вызвалення, перагляду палітычна матываваных мераў стрымання і прысудаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

У спіс палітзняволеных уключаныя прозвішчы яшчэ сямнаццаці асобаў. Гэта Дзмітрый Пузікаў, Дзяніс Семяніхін, Дар’я Заяц, Валерыя Драгун, Алена Карпенка, Андрэй Каралёў, Антон Пугач, Алена Дуброўская, Іван Дзярновіч, Аляксандр Захарчык, Юрый Юрчук, Таццяна Макеева, Руслан Зголіч, Дзмітрый Сіўко, Аляксандр Цюпа, Іван Мікша, Аляксандр Сырыца.

Так, адзначаюць праваабаронцы, Дзмітрый Пузікаў быў асуджаны па арт. 370 КК за сарваны чырвона-зялёны сцяг да 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі. Дзяніс Семяніхін – па арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі да аднаго года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі. Дар’я Заяц – паводле арт. 370 КК за спалены чырвона-зялёны сцяг да аднаго года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі. Валерыі Драгун – паводле арт. 370 КК за спалены чырвона-зялёны сцяг да аднаго года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі. Алена Карпенка – паводле арт. 367 КК за паклёп на А. Лукашэнку да аднаго года і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі. Андрэй Каралёў – паводле арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі. Антон Пугач – паводле арт. 368 і 369 КК за абразу А. Лукашэнкі і службовай асобы да аднаго года і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.

Алена Дуброўская была асуджана паводле арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі да аднаго года і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі. Іван Дзярновіча – паводле арт. 367, 368, 369 КК за паклёп на А. Лукашэнку, абразу А. Лукашэнкі і службовай асобы да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі. Аляксандр Захарчык – паводле арт. 367 КК за паклёп на А. Лукашэнку да трох гадоў абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання. Юрый Юрчук – паводле арт. 368 КК за абразу А. Лукашэнкі да абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання. Таццяна Макеева была змешчаная пад варту паводле ч. 1 арт. 342, 368, 369, 391 КК па абвінавачванні ў арганізацыі масавых мерапрыемстваў, абразе А. Лукашэнкі, службовай асобы і суддзі.

Акрамя таго, адзначаюць праваабаронцы, ім вядомы шэраг людзей, якія былі накіраваныя да прымусовага лячэння ў псіхіатрычны стацыянар па дыффамацыйных артыкулах: гэта Руслан Зголіч па арт. 369, 368 КК, Дзмітрый Сіўко па арт. 369 КК, Аляксандр Цюпа, Іван Мікша паводле арт. 370 КК, Аляксандр Сырыца па арт. 369 КК.

Нагадаем, што 3 ліпеня праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі васьмярых чалавек. Гэта адбылося на фоне таго, што ўлады выпусцілі некалькіх палітвязняў.

Так, на сённяшні дзень вядомыя 16 прозвішчаў палітзняволеных, якія выйшлі на волю 3 ліпеня – Сярод іх 3 жанчыны і 13 мужчын, у тым ліку былы старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

У той жа час кіраўнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак адзначае, што пяцёра з тых, хто выйшаў на волю, мусілі вызваліцца цягам месяца, тры чалавекі – цягам года, яшчэ пяцёра – у межах 1,5–2 гадоў, адзін чалавек – цягам 2–3 гадоў і яшчэ адзін цягам 6 гадоў.

Абноўлена
Праваабаронцы: На волю выйшлі 16 палітвязняў
2024.07.05 12:47

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў