Павел Латушка выказаўся ў падтрымку самастойнасці «Белсату»


«Белсат» мусіць заставацца самастойнай структурай, лічыць кіраўнік НАУ і намеснік Святланы Ціханоўскай у Аб’яднаным пераходным Кабінеце Павел Латушка. Такое меркаванне ён выказаў пасля заявы кіраўніка «TVP World» Міхала Бранятоўскага, што падчас рэформы на «Telewizja Polska» «Белсат» пяройдзе пад кіраванне новай структуры – Цэнтру праграм для замежжа.

Павел Латушка падчас дэбатаў да выбараў у Каардынацыйную раду. Варшава, Польшча. 24 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

«Белсат» – адзіны незалежны тэлеканал Беларусі, адзінае тэлебачанне, якое вяшчае на нашай роднай беларускай мове. У час, калі рэжым Лукашэнкі пры дапамозе Расеі вядзе гібрыдную інфармацыйную вайну супраць беларускага грамадства, для нас стратэгічна важным з’яўляецца захаваць самастойнасць тэлеканалу “Белсат”. Тэлеканалу, які дапамагае нам фармаваць самасвядомасць беларускага народу, які дае беларусам праўдзівую і аб’ектыўную інфармацыю», – сказаў Павел Латушка «Белсату».

4 ліпеня стала вядома, што «Telewizja Polska» стварае новую структуру – Цэнтр праграм для замежжа. Пад яе кіраўніцтва пяройдуць «TVP World» і «Белсат» з усімі філіяламі.

Паведамляецца, што кожная з тэлестанцый, якія ўваходзяць у групу, будзе працаваць пад сваёй шыльдай, мець уласныя бюджэты і аўтаномію.

«Ліквідацыі “Белсату” не будзе, будзе новая структура. Я хачу падкрэсліць – “Белсат” не знікае, ён атрымлівае новыя магчымасці», – запэўніў кіраўнік «TVP World».

Тым не менш, кіраваць новай структурай будзе цяперашняе кіраўніцтва «TVP World».

Hавiны
TVP мяняе структуру. «Белсат» і іншыя замежныя рэдакцыі пяройдуць пад кіраўніцтва аднаго цэнтру
2024.07.04 18:25

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў