Аліна Коўшык: Нам патрэбнае нашае незалежнае тэлебачанне


Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету ў справе нацыянальнага адраджэння Аліна Коўшык запісала відэазварот у падтрымку «Белсату»: «Я зраблю ўсё, каб захаваць аўтаномію «Белсату» ў рамках Польскага тэлебачання».

Аліна Коўшык, прадстаўніца ў нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінету. Варшава, Польшча. 15 лютага 2024 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Гэты зварот Аліна Коўшык апублікавала на сваёй старонцы ў «Facebook». У ім яна выказала салідарнасць з тэлеканалам «Белсат», усімі яго супрацоўнікамм і гледачамі.

«Больш як пятнаццаць гадоў свайго прафесійнага жыцця я правяла на гэтым тэлеканале і ганаруся быць часткай яго гісторыі. Больш за тое, я ніколі не пераставала думаць, што я застаюся часткаю «Белсату», як шмат хто з беларусаў, хто прачынаецца ці заканчвае свой дзень з выпускам навінаў «Аб’ектыву» ці «Студыі» «Белсат». Я перакананая, што так павінна застацца: беларусам неабходны свой беларускі незалежны тэлеканал – адзіны, які маем, адзіны, за які будзем змагацца.

Дарагія сябры, я зраблю ўсё, каб захаваць аўтаномію «Белсату» ў рамках Польскага тэлебачання. Мы зробім усё, каб калісьці «Белсат» стаў часткай сапраўды нацыянальнага тэлебачання. А пакуль змагаемся за «Белсат». Жыве «Белсат»! Жыве Беларусь!» – напісала Аліна Коўшык.

Раней у падтрымку «Белсату» выступіла выбраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская, а таксама кіраўнік НАУ і намеснік Святланы Ціханоўскай у Аб’яднаным пераходным кабінеце Павел Латушка. Ён адзначыў, што «Белсат» мусіць заставацца самастойнай структурай. «У час, калі рэжым Лукашэнкі пры дапамозе Расеі вядзе гібрыдную інфармацыйную вайну супраць беларускага грамадства, для нас стратэгічна важна захаваць самастойнасць тэлеканалу «Белсат», – падкрэсліў Павел Латушка.

Нагадаем, 4 ліпеня стала вядома, што «Telewizja Polska» стварае новую структуру – Цэнтр праграмаў для замежжа. Пад яе кіраўніцтва пяройдуць «TVP World» і «Белсат» з усімі філіяламі.

Паведамлялася, што кожная з тэлестанцыяў, якія ўваходзяць у групу, будзе працаваць пад сваёй шыльдай, мець уласныя бюджэты і аўтаномію. Тым не менш, кіраваць новай структурай будзе цяперашняе кіраўніцтва «TVP World». У той жа час кіраўнік «TVP World» падкрэсліў, што ліквідацыі «Белсату» не прадугледжваецца, а будзе ўтвораная новая структура. «Белсат» жа, у сваю чаргу, «атрымлівае новыя магчымасці».

Hавiны
Ціханоўская падтрымала «Белсат»: «Гэта наша зброя ў барацьбе з прапагандай»
2024.07.04 22:42

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў