Беларусь адкрыла генконсульства ў Растове-на-Доне. Працуе і для акупаваных тэрыторыяў Украіны


У канцы 2023 года Савет міністраў Беларусі пастанавіў ператварыць аддзяленне амбасады ў расейскім Растове-на-Доне ў генеральнае консульства – гэта збіраліся зрабіць і з астатнімі аддзяленнямі ў Расеі. Растоўскае генконсульства ахоплівае і акупаваныя тэрыторыі Украіны. «Белсат» патэлефанаваў туды – і там радыя дапамагчы беларусу, які ваяваў за Расею, але страціў пашпарт і хоча дамоў.

Былое аддзяленне амбасады Беларусі ў Расеі, а цяпер генеральнае консульства ў Растове-на-Доне, Расея. Жнівень 2021 года.
Фота: Yandex.ru/maps

Консульская акруга новага генеральнага консульства ўключае Растоўскую і Валгаградскую вобласці Расеі, а таксама акупаваныя тэрыторыі Украіны: Данецкую, Запарожскую, Луганскую і Херсонскую вобласці, Аўтаномную Рэспубліку Крым. Дакладней, згодна з расейскай тэрміналогіяй, Рэспубліку Крым, Данецкую Народную Рэспубліку, Луганскую Народную Рэспубліку, Запарожскую і Херсонскую вобласці.

Звестак аб тым, як адрозніваецца праца консульства з акупаванымі тэрыторыямі, няма. Прыёму ў візавых пытаннях там па-ранейшаму не вядуць, дый грамадзянам Расеі і Украіны ў Беларусь непатрэбная віза, а «грамадзянам ДНР» і «грамадзянам ЛНР» выдаюць расейскае грамадзянства.

Пакуль не відаць і іншых зменаў, якія тычацца працы ўстановы. Кіруе ёй па-ранейшаму Генадзь Шкурдзь, запрашаюць усё яшчэ на той самы адрас: Растоў-на-Доне, вул. 14-ая лінія, 74, к. 1. Нумары тэлефонаў і час працы не змяніліся. І калі на расейскай версіі старонкі ўстанова завецца ўжо генеральным консульствам, то на беларускай версіі гэта ўсё яшчэ аддзяленне амбасады.

А ці працуе яно з беларусамі на акупаваных тэрыторыях Украіны?

Патэлефанавалі і спыталі

Мы назваліся грамадзянінам Беларусі, які цяпер пад Данецкам. Расказалі: згарэў пашпарт, хочацца новы.

У генконсульстве нас праінструктавалі: трэба найперш звярнуцца ў паліцыю з заявай аб страце пашпарта, там дадуць талон аб прыняцці заявы або іншы дакумент аб падачы заявы. Пасля з гэтым дакументам, копіяй пашпарта і двума фотаздымкамі 4х5 см («як на пашпарт») трэба прыехаць у консульства ў Растоў-на-Доне. З сабой трэба мець суму, эквівалентную 20 еўрам, у расейскіх рублях. За 30 хвілінаў аформяць пасведчанне аб вяртанні ў Беларусь, а ўжо ў Беларусі можна будзе атрымаць новы пашпарт. За межамі Беларусі новага пашпарта не выдадуць, нават у Расеі.

Аналітыка
Без пашпарта беларусы не перастануць быць беларусамі. Як рэжым адбірае грамадзянства
2024.06.07 20:41

А як даехаць без пашпарта з акупаванага Данбасу на законную тэрыторыю Расеі, калі на мяжы кантроль? У консульстве пацвердзілі, што кантроль ёсць, але хопіць даведкі з паліцыі аб страце пашпарта:

«Людзі прыязджаюць да нас і з такімі ж праблемамі, як у Вас, калі страцілі пашпарт. Дабіраюцца, прыязджаюць».

Пытаем, ці бяспечна вяртацца ў Беларусь чалавеку, які ваяваў на баку Расеі. Прадстаўнік консульства адказаў:

«Гэта не да мяне ўжо пытанне, гэта вам трэба з юрыстамі раіцца, і лепш з беларускімі. Па факце Вы ўдзельнічалі ў замежных, як бы… Вы на баку іншай дзяржавы».

Спрабуем расказаць легенду: ваявалі ў падкантрольным Расеі падраздзяленні «ДНР», якое з 2023 года афіцыйна ўключанае ў склад Узброеных сілаў Расейскай Федэрацыі. Прадстаўнік консульства перабівае:

«Не трэба, не сутнасць справы, бо я ўсё роўна пра гэта не пракансультую вас».

Пытаем, ці няма ў консульстве яшчэ кагосьці, хто зможа пракансультаваць наконт пагрозаў на радзіме наймітам-беларусам. Адказ адмоўны, кажуць: консульства – толькі ў пытаннях дакументаў.

Насамрэч удзел у вайне ва Украіне ў складзе прарасейскіх фармаванняў у Беларусі фактычна дазволены, хоць фармальна незаконны.

Найміцтва і ўдзел ва ўзброеных канфліктах не ў складзе ўзброеных сілаў аднаго з бакоў у Беларусі незаконныя, у тэорыі караюцца паводле арт. 133 КК РБ пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў. Удзел ва ўзброеных фармаваннях «ДНР» і «ЛНР» мусіў бы трапляць якраз пад панятак найміцтва: улады Беларусі фармальна не прызналі «ДНР» і «ЛНР» да анексіі іх Расеяй. Але беларуская прапаганда паказвала, што баевікоў «ДНР» у Беларусі не караюць.

Пасля анексіі ўлады Беларусі ўжо дакладна прызнаюць «ДНР» і «ЛНР» як часткі Расеі. А ўзброеныя фармаванні «рэспублік» перавялі ў склад Узброеных сілаў РФ. Застаецца, праўда, пытанне законнасці службы грамадзянаў Беларусі ў замежным войску.

Каментар
Ці можа грамадзянін Беларусі служыць Расеі паводле кантракту? Мінабароны не ведае. Спыталі юрыста
2024.05.31 16:49

Украінскі палітолаг Яўген Магда раней выказваў думку, што адкрыццё генеральнага консульства Беларусі ў Растове можа прывесці да таго, што афіцыйны Кіеў разарве дыпламатычныя стасункі з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. На момант публікацыі ўкраінскія палітыкі не рабілі аб гэтым публічных каментароў.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў