За кантрабанду цыгарэтаў на 3 млн долараў у Польшчы будуць судзіць беларусаў


Толькі за мінулы год паток кантрабанды – у асноўным цыгарэтаў, алкаголю і аўтамабіляў – з Беларусі ў Польшчу вырас болей чым на 1000 %. І, на думку экспертаў, гэта яшчэ не максімум.

За кантрабанду цыгарэтаў на 3 млн долараў у Польшчы будуць судзіць беларусаў.
Крыніца: strazgraniczna.pl

У Польшчы выявілі адразу чатыры арганізаваныя групы кантрабандыстаў з 38 чалавек. Яны займаліся тым, што ўвозілі з Беларусі ў Польшчу цыгарэты без выплаты падаткаў і мытаў. Вядома, што сярод затрыманых ёсць некалькі беларусаў.

Паводле звестак польскай Памежнай аховы, прыкладна за два гады арганізаваныя групы кантрабандыстаў завезлі з Беларусі ў Польшчу праз чыгуначны памежны пункт у Тэрэспалі амаль 1,7 млн пачкаў цыгарэтаў на агульную суму каля 12 млн злотых, а гэта болей за 3 млн долараў ЗША.

«Працуючы з грамадзянамі Беларусі, яны арганізоўвалі пагрузку цыгарэтаў у грузавыя цягнікі яшчэ на тэрыторыі гэтай краіны. Цыгарэты звычайна хавалі ў вагонах-кантэйнерах і вагонах з вугалем, гружаных драўнінай або дранкай», – распавялі польскія памежнікі.

Роля беларусаў у гэтай схеме была ў перадачы кантрабандыстам у Польшчы нумароў вагонаў, у якіх былі схаваныя цыгарэты.

Таксама вядома, што ў долі з чальцамі арганізаванай групоўкі былі і работнікі польскай чыгункі. Яны займаліся тым, што арганізоўвалі прыбыццё цягнікоў у тыя месцы, адкуль далей можна было вывезці кантрабандныя цыгарэты ў сховішча.

Толькі за 2023 год паток кантрабанды – а гэта ў асноўным цыгарэты, алкаголь і аўтамабілі – з Беларусі ў Польшчу вырас болей чым на 1000 %. На думку экспертаў, праз вялікі коштавы дысбаланс з еўрапейскімі краінамі і ўвядзенне забароны на продаж і вытворчасць цыгарэтаў з ментолам у краінах Еўразвязу нелегальны экспарт можа павялічыцца яшчэ больш.

Надзея Вольная belsat.eu

Стужка навінаў