Ціханоўская падтрымала «Белсат»: «Гэта наша зброя ў барацьбе з прапагандай»


Святлана Ціханоўская адрэагавала на змены, якія плануе правесці «Telewizja Polska», каб аддаць «Белсат» пад кіраўніцтва Цэнтру праграм для замежжа. Гэта было б падарункам для Пуціна і Лукашэнкі, лічыць Святлана Ціханоўская.

Святлана Ціханоўская.
Фота: Светлана Тихановская / Telegram

«Я выказваю падтрымку “Белсату” і ўсёй яго цудоўнай камандзе. “Белсат” павінен жыць і працягваць працу. Асабліва цяпер, калі рэжым вядзе вайну супраць нашага народу і супраць суседзяў. Гэта наша зброя ў барацьбе з прапагандай і незаменны канал камунікацыі паміж беларусамі ўнутры краіны і тымі, хто ў выгнанні.

Аслабленне “Белсату” стала б падарункам толькі Пуціну і Лукашэнку. Я бязмерна ўдзячная Польшчы за падтрымку “Белсату” на працягу доўгіх гадоў. Беларусы бачаць, цэняць і ніколі не забудуць вашай салідарнасці», – кажа ў сацсетках Святлана Ціханоўская.

4 ліпеня стала вядома, што «Telewizja Polska» стварае новую структуру – Цэнтр праграм для замежжа. Пад яе кіраўніцтва пяройдуць «TVP World» і «Белсат» з усімі філіяламі.

Паведамляецца, што кожная з тэлестанцый, якія ўваходзяць у групу, будзе працаваць пад сваёй шыльдай, мець уласныя бюджэты і аўтаномію.

«Ліквідацыі “Белсату” не будзе, будзе новая структура. Я хачу падкрэсліць – “Белсат” не знікае, ён атрымлівае новыя магчымасці», – запэўніў кіраўнік «TVP World».

Аднак кіраваць новай структурай будзе цяперашняе кіраўніцтва «TVP World».

«Wirtualnemedia» паведамляе, што падчас рэформы большасць супрацоўнікаў «Белсату» застануцца на TVP, а на яго базе будуць створаныя тры рэдакцыі: беларускамоўная, расейскамоўная і ўкраінамоўная. У кожнага рэдакцыйнага аддзелу будзе незалежны рэдакцыйны дырэктар. Цяперашні дырэктар «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі, які ўзначаліў канал пасля звальнення Агнешкі Рамашэўскай, будзе кіраваць беларускамоўным рэдакцыйным аддзелам.

Раней кіраўнік НАУ і намеснік Святланы Ціханоўскай таксама выказаўся ў падтрымку захавання самастойнасці «Белсату».

Hавiны
Павел Латушка выказаўся ў падтрымку самастойнасці «Белсату»
2024.07.04 21:07

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў