Польшча нагадала Беларусі пра магчымае закрыццё мяжы і патрабаванне вызваліць Пачобута


Міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі ў эфіры радыё «Zet» ранкам 3 ліпеня заявіў, што не выключае спынення пропуску грузаў на беларуска-польскай мяжы. Асноўныя пункты для Польшчы – вызваленне палітвязня Анджэя Пачобута і спыненне штучна створанага міграцыйнага крызісу.

Радослаў Сікорскі згадаў, што ўлады Беларусі выпраўляюць у Польшчу сотні мігрантаў з трэціх краінаў з расейскімі візамі. Паводле яго, міграцыйны крызіс «уключаюць і выключаюць»: бываюць месяцы, калі на спробах незаконнага пераходу мяжы ловяць 300–400 мігрантаў штодня, а бывае, што ніводнага .

«Ад Беларусі залежыць, хоча яна мець лепшыя добрасуседскія стасункі з Польшчай ці горшыя, – сказаў Сікорскі. – У нас ёсць асноўныя пастулаты: мусіць выйсці Анджэй Пачобут і неабходна скончыць акцыю сілавога выпраўлення мігрантаў».

На пытанне пра тое, ці чакаць закрыцця мяжы з Беларуссю, Сікорскі адказаў, што «не выключае ніякіх варыянтаў», але гаворка не ідзе пра  закрыццё пераходаў для звычайных людзей – палякаў і беларусаў.

Цяпер на беларуска-польскай мяжы працуюць толькі два пункты пропуску: «Берасце – Тэрэспаль» для пасажыраў і «Казловічы – Кукурыкі» для грузавых машынаў, таксама грузы ідуць чыгункай.

Анджэй Пачобут – журналіст, сябра не прызнанага лукашэнкаўскімі ўладамі Саюзу палякаў. Быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года ў Горадні паводле так званай «польскай справы» разам з іншымі актывістамі Саюзу палякаў Беларусі. За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасні 1939 года, які ён назваў агрэсіяй, Пачобута абвінавацілі ў «Распальванні варожасці паводле нацыянальнай прыкметы». 8 лютага 2023 года ў абласным судзе Горадні суддзя Дзмітрый Бубенчык прысудзіў журналісту 8 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму. У кастрычніку 2022 года КДБ РБ залучыў Пачобута ў спіс «тэрарыстаў». Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

У кастрычніку 2023 года сталася вядома, што Анджэя Пачобута ўтрымлівалі ў ШІЗА і не давалі неабходных лекаў. У зняволенага абвастрыліся даўнія праблемы са здароўем: у лістах ён скардзіўся на болі ў страўніку, у мужчыны быў зафіксаваны зрыў рытму сэрца. З 26 лютага гэтага года пра яго няма ніякіх вестак.

Днём раней Аляксандр Лукашэнка анансаваў вызваленне цяжкахворых палітвязняў – як казаў, у асноўным, з ракавымі захворваннямі. Але асноўная маса палітвязняў не трапляе пад амністыю, бо ў адпаведным законе ёсць шмат выключэнняў для асуджаных паводле палітычных артыкулаў. Тым не менш, Лукашэнка можа падпісаць асобныя ўказы аб памілаванні па-за амністыяй.

Гісторыі
Фігура дзесяцігоддзя ў Польшчы, «тэрарыст» на радзіме. Журналіст Анджэй Пачобут – тры гады за кратамі
2024.03.25 12:31

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў