Ксёндз Анджэй Юхневіч не выйшаў на волю: супраць яго завялі крымінальную справу


Як стала вядома «Хрысціянскай візіі», каталіцкага святара Анджэя Юхневіча пераводзяць з ІЧУ ў СІЗА. Гэта азначае, што распачатая крымінальная справа. Да гэтага часу застаецца невядомым, што менавіта інкрымінуецца ксяндзу.

Анджэй Юхневіч.
Крыніца: christianvision / Telegram

Анджэя Юхневіча затрымалі 8 траўня 2024 года, ён за кратамі ўжо 57 дзён. Святара чатыры разы судзілі паводле арт. 24.23 КаАП РБ за нібыта правядзенне несанкцыянаванага пікету – размяшчэнне ўкраінскага сцяга ў акаўнце сацыяльнай сеткі.

Анджэй Юхневіч – каталіцкі святар манаскага ордэну місіянераў аблятаў Беззаганнай Марыі. Да затрымання служыў у санктуарыі Маці Божай Фатымскай у Шуміліне ў Віцебскай вобласці. Кіруе каардынацыйнаю групаю настаяцеляў і прадстаўнікоў манаскіх суполак Беларусі.

Місіянеры абляты паведамлялі, што ксёндз Анджэй выказваў салідарнасць з украінскім народам і запрашаў да малітвы пра найхутчэйшае сканчэнне вайны.

Разам з Юхневічам затрымалі ксяндза Паўла Лемеха. 22 траўня стала вядома, што яго адпусцілі на волю.

Hавiны
Прыехалі ў касцёл на трох машынах: падрабязнасці затрымання святароў у Шуміліне
2024.05.09 20:07

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў