«Тут магчымае кожнае рашэнне». Міністр унутраных справаў Польшчы – пра закрыццё мяжы з Беларуссю


Міністр унутраных справаў і адміністравання Польшчы Томаш Семоняк у інтэрв’ю «Polsat News» у сераду 3 ліпеня закрануў тэму імавернага закрыцця межаў з Беларуссю.

пограничный пункт, Тересполь-Брест, памежны пункт, «Тэрэспаль – Берасце», польско-беларусская граница, беларуска-польская мяжа, Польшча, Польша, Беларусь
Памежны пераход «Тэрэспаль – Берасце» з польскага боку. Тэрэспаль, Польшча. 9 красавіка 2024 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Паводле Семоняка, у справе намеру Польшчы закрыць усе памежныя пераходы з Беларуссю, «усё цяпер на стале»:

«Хочам убачыць, дзе інтарэсы Польшчы, а дзе можна ўдарыць па інтарэсах тых, хто шкодзіць Польшчы. Тут магчымае кожнае рашэнне. Я не буду рабіць заяваў. Мы працуем з міністрам замежных справаў, міністрам інфраструктуры, міністрам фінансаў пад кіраўніцтвам прэм’ера над рэакцыяй на дзеянні Беларусі, каб яна была паспяховай і эфектыўнай і каб не біла па польскіх інтарэсах».

Міністр адзначыў, што за апошнія тыдні колькасць спробаў незаконна перайсці беларуска-польскую мяжу мігрантамі скарацілася на 30–50 %. Паводле кіраўніка МУС, гэтаму магло паспрыяць увядзенне буфернай зоны на мяжы, а таксама размяшчэнне адмысловых паліцэйскіх падраздзяленняў:

«Але таксама нельга выключаць, што нацыянальнае свята ў Беларусі, якое выпадае на сёння [3 ліпеня. – Заўвага рэд.], прывяло да таго, што службы сканцэнтраваліся на іншых сферах. Няма ніякіх сумневаў: маштабы таго, што адбываецца на мяжы, рэгулююцца беларускімі спецслужбамі. У сувязі з гэтым зніжэнне спробаў сёння зусім не азначае, што гэтых спробаў заўтра ці праз два дні будзе больш ці менш».

Hавiны
Польшча нагадала Беларусі пра магчымае закрыццё мяжы і патрабаванне вызваліць Пачобута
2024.07.03 15:29

Раней пра імавернае поўнае закрыццё польска-беларускай мяжы заявіў міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі. Пазней ён патлумачыў, што мяжа будзе закрытая толькі для грузавых перавозаў. У эфіры радыё «Zet» ранкам 3 ліпеня Сікорскі заявіў, што не выключае спынення пропуску грузаў на беларуска-польскай мяжы, але гаворка не пра  закрыццё пераходаў для звычайных людзей – палякаў і беларусаў.

Цяпер на беларуска-польскай мяжы працуюць толькі два пункты пропуску: «Берасце – Тэрэспаль» для пасажыраў і «Казловічы – Кукурыкі» для грузавых машынаў. Таксама грузы ідуць чыгункаю.

Падчас візіту ў Пекін прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда закрануў пытанне сітуацыі на польска-беларускай мяжы. У прыватнасці пастараўся ўпэўніць Кітай паўплываць на рэжым Аляксандра Лукашэнкі, каб той спыніў міграцыйны крызіс. Дуда даў кітайскаму боку інфармацыю пра сітуацыю на мяжы Польшчы і Беларусі, праз якую праходзіць ключавы з пункту гледжання гандлю Кітаю чыгуначны маршрут у Еўропу. І які можа быць зачынены разам з іншымі памежнымі пунктамі пропуску з прычыны дзеянняў рэжыму Лукашэнкі.

Агляд
Дуда расказаў сябру Сі пра мігрантаў на мяжы з Беларуссю. Кітай цяпер націсне на Лукашэнку?
2024.06.25 18:02

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў