На афіцыйным сайце Аляксандра Лукашэнкі з’явілася віншаванне «народу Злучаных Штатаў Амерыкі» з Днём незалежнасці, які ў ЗША святкуецца 4 ліпеня.
У віншаванні гаворыцца, што «Беларусь заўсёды зыходзіла з важнасці канструктыўных кантактаў з ЗША» і «перыяд гісторыі, калі такія кантакты пераважалі, дэманстраваў іх бясспрэчную карысць для дзвюх дзяржаваў».
«Мы цэнім высілкі звычайных амерыканцаў, якія па-чалавечы, ад душы дапамагалі нам у барацьбе з нацызмам, у пасляваенным аднаўленні краіны, пераадоленні наступстваў аварыі ва ўкраінскім Чарнобылі», – зазначаецца ў віншаванні.
Лукашэнка запрасіў амерыканцаў «зазірнуць за далягляд, скласці сваё ўласнае ўражанне пра Беларусь, ацаніць яе дасягненні»:
«Упэўненыя, шмат хто будзе прыемна здзіўлены і захоча бліжэй пазнаёміцца з нашаю краінаю».
Лукашэнка пажадаў «народу ЗША бясхмарнага неба і мудрасці мірнага суіснавання з усімі людзьмі добрай волі»:
«Сардэчна запрашаем у Беларусь!» – гаворыцца ў віншаванні.
З 28 лютага 2022 года амбасада ЗША ў Менску прыпыніла сваю працу і консульскія паслугі.
Марыя Міхалевіч belsat.eu