Канфлікт у Драздах, хвалі скарачэнняў і адкліканне агрэмана. Гісторыя амбасады ЗША ў Беларусі


Дзяржаўны дэпартамент ЗША 1 лютага загадаў вывезці сем’і амерыканскіх дыпламатаў з Беларусі ў сувязі з магчымай эскалацыяй напружання вакол Украіны. А ў студзені ў медыях з’явілася інфармацыя аб пагрозе закрыцця амерыканскай амбасады ў Менску праз тое, што ўлады Беларусі прымушаюць істотна скараціць персанал дыпламатычнай місіі. Belsat.eu распавядае няпростую гісторыю амбасады ЗША ў Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пасольства Злучаных Штатаў Амерыкі на вуліцы Старавіленскай у Менску.
Фота: Наталля Фядосенка / TASS / Forum

30-гадовая гісторыя стасункаў

Амбасада ЗША ў Беларусі была афіцыйна адкрытая 31 студзеня 1992 года – праз 36 дзён пасля прызнання Вашынгтонам незалежнасці Беларусі. Першым амбасадарам ЗША ў Беларусі стаў Дэйвід Сўорц, ён займаў гэтую пасаду да 1994 года. На перыяд ягонай працы прыпадаюць афіцыйныя візіты на найвышэйшым узроўні: у ліпені 1993 года старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч сустрэўся з прэзідэнтам Білам Клінтанам у Вашынгтоне, а 15 студзеня 1994 года Клінтан наведаў Беларусь.

Стасункі ЗША і Беларусі пачалі імкліва пагаршацца пасля рэферэндуму 1996 года, па выніках якога Аляксандр Лукашэнка істотна пашырыў уласныя паўнамоцтвы. ЗША і іншыя краіны Захаду прызналі рэферэндум нелегітымным. Гэта прывяло да таго, што ўлады Злучаных Штатаў з 1997 года пачалі праводзіць у дачыненні кіраўніцтва Беларусі палітыку выбраных кантактаў.

Станіслаў Шушкевіч сустракаецца з прэзідэнтам ЗША Білам Клінтанам, 1994 год. Фота svaboda.org

Агулам з 1994 да 2008 года ў Менску зменіцца пяць амерыканскіх амбасадараў: Кенэт Ялавіц, Дэньел Спэкгард, Майкл Козак, Джордж Крол і Карэн Ст’юарт.

Канфлікт у Драздах

Падчас працы амбасадара Дэньела Спэкгарда паміж Менскам і Вашынгтонам адбыўся вялікі дыпламатычны канфлікт, звязаны з паселішчам Дразды.

На пачатку 1990-х у жыллёвым комплексе ў Драздах суседнічалі рэзідэнцыі замежных дыпламатаў і рэзідэнцыя Лукашэнкі. Але на фоне пагаршэння стасункаў з Захадам яму стала няўтульна жыць побач з такімі суседзямі. Як прызнаваўся сам Лукашэнка, размяшчэнне падраздзялення марскіх пяхотнікаў ЗША за 50 метраў ад ягонай асабістай рэзідэнцыі (вайскоўцы марской пяхоты гарантуюць бяспеку амерыканскіх дыпламатычных аб’ектаў. – Заўв. belsat.eu) цалкам выключаецца.

Увесну 1998 года ўлады паведамілі амбасадарам, што ім трэба пакінуць Дразды, бо жыллёвы комплекс нібыта патрабуе «капітальнай рэканструкцыі». Дыпламаты адмовіліся выязджаць са сваіх рэзідэнцыяў і абвінавацілі афіцыйны Менку ў парушэнні Венскай канвенцыі, згодна з якой жытло дыпламатаў і тэрыторыя амбасадаў застаюцца недатыкальныя. Спрабуючы выціснуць дыпламатаў з Драздоў, улады, напрыклад, спрабавалі заварыць браму ў рэзідэнцыю амбасадара ЗША і нават уварвацца на тэрыторыю рэзідэнцыі. У выніку Лукашэнка ўсё ж выселіў амбасадараў 22 краінаў, якія ўрэшце пакінулі Беларусь. У адказ на гэта ўезд у ЗША і Еўразвяз забаранілі больш як 130 беларускім чыноўнікам, у тым ліку і самому Лукашэнку.

Аляксандр Лукашэнка з Білам і Гілары Клінтан.
Фота: kp.ru

На пачатку 1999 года канфлікт быў урэгуляваны на аснове пэўнага кампрамісу. Афіцыйны Менск дэ-факта прызнаў парушэнні і пагадзіўся выплаціць кампенсацыю за адабраныя рэзідэнцыі, а Захад вярнуў дыпламатычныя місіі ў Беларусь і зняў візавыя абмежаванні.

Выгнанне і (не)вяртанне амбасадара

У 2007 годзе ЗША ў адказ на парушэнне правоў чалавека ў Беларусі ўхвалілі санкцыі ў дачыненні дзяржаўнага канцэрну «Белнафтахім», а ў 2008 годзе пашырылі гэтыя захады на шэраг звязаных з канцэрнам прадпрыемстваў. Усё гэта прывяло да новага дыпламатычнага скандалу: Лукашэнка загадаў выкінуць з краіны амерыканскую амбасадарку Карэн Ст’юарт і адклікаў беларускага амбасадара Міхаіла Хвастова з Вашынгтону.

Акрамя таго, улады Беларусі прымусілі скараціць колькасць працаўнікоў амерыканскай амбасады ўдвая – з 17 да 34. Амбасада ЗША ў сваю чаргу прыпыніла разгляд дакументаў на атрыманне візаў беларускімі грамадзянамі (яны былі вымушаны звяртацца ў амерыканскія амбасады ў суседніх краінах). Пасля гэтага ў Беларусі абвесцілі персонамі нон-грата яшчэ 10 дыпламатаў. Як вынік, у канцы 2008 года ў краіне заставалася толькі 5 дыпламатаў, а саму амбасаду з таго часу ўзначальваў часовы павераны (з 2021 года гэтую пасаду займае Рубен Гарутуньян).

У 2014 годзе ў стасунках ЗША і Беларусі пачалася пэўная «адліга». Амбасада ў Менску пашырыла свае візавыя паслугі для беларусаў, а з 2018 года пачала афармляць «поўны спектр неміграцыйных візавых паслугаў» для Беларусі. Колькасць працаўнікоў амбасады павялічылі. А ў 2019 годзе на парадку дня з’явілася пытанне аб вяртанні амбасадараў.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у студыі «Белсату».
Фота: ЮШ / Белсат

20 красавіка 2020 года тагачасны прэзідэнт ЗША Доналд Трамп вылучыў на пасаду амерыканскага амбасадара ў Менску Джулі Фішэр, але ў Беларусь яна так і не прыехала. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і хвалі жорсткіх рэпрэсіяў беларуска-амерыканскія стасункі зноў пагоршыліся: у гэтых умовах улады Беларусі не захацелі бачыць у сябе новую амбасадарку ЗША. Спачатку Фішэр проста не выдавалі беларускую візу, яна была вымушаная працаваць з Вільні. А ў жніўні 2021 года афіцыйны Менск адклікаў згоду (агрэман) на прызначэнне Джулі Фішэр амбасадаркай. У тым жа месяцы на патрабаванне ўладаў Беларусі амбасада зноў скараціла штат супрацоўнікаў да пяці чалавек.

Артыкулы
Амбасадарка Джулі Фішэр: «Санкцыйны ціск з боку ЗША толькі ўзмацніцца»
2021.12.05 22:38

У студзені 2022 года ў медыі трапіла інфармацыя, што МЗС Беларусі запатрабавала ад амерыканцаў істотна скараціць колькасць беларускага персаналу пры дыпламатычнай місіі (гаворка ідзе пра аналітыкаў, перакладчыкаў гэтак далей). Калі адбудзецца скарачэнне працаўнікоў амбасады, якія маюць беларускае грамадзянства, то фактычна не застанецца магчымасці нармальнага функцыянавання і аховы дыпламатычнага прадстаўніцтва ЗША. У сувязі з чым не выключаецца магчымасць яго закрыцця, паведамляла «Радыё Свабода» са спасылкай на ўласныя крыніцы.

Прэвентыўная эвакуацыя

Хоць гісторыя беларуска-амерыканскіх дыпламатычных стасункаў заўсёды была вельмі не простая, але цяпер упершыню справа дайшла да эвакуацыі сваякоў дыпламатаў з-за пагрозы вайны. 1 лютага 2022 года стала вядома, што Дзяржаўны дэпартамент ЗША загадаў вывезці сем’і амерыканскіх дыпламатаў з Беларусі праз магчымую эскалацыю напружання вакол Украіны. Раней на тых жа падставах Дзяржаўны дэпартамент аддаў распараджэнне пакінуць Украіну сем’ям амерыканцаў, якія працуюць у амерыканскай амбасадзе ў Кіеве.

Эвакуацыя працаўнікоў амбасадаў і семʼяў амерыканскіх дыпламатаў з той ці іншай краіны не рэдкасць. Падставай для гэтага можа быць вайна, тэрарыстычныя акты, масавыя беспарадкі, стыхійныя бедствы ці эпідэміі. Напрыклад, у студзені 2020 года ЗША эвакуявалі сваіх дыпламатаў і чальцоў іх сем’яў з кітайскага Ўу-Ханю, дзе адбылася ўспышка каронавіруса.

Апошні раз эвакуацыя сем’яў амерыканскіх дыпламатаў у сувязі з ваеннымі дзеяннямі на постсавецкай прасторы адбывалася ў 2008 годзе ў Грузіі падчас расейска-грузінскага канфлікту. Пры гэтым эвакуацыя сваякоў дыпламатаў – яшчэ не самыя крайні крок, які можа зрабіць Дзяржаўны дэпартамент. Часам, калі гаворка ідзе пра ваенныя дзеянні ці проста надзвычай высокі ўзровень гвалту ў краіне, ЗША наогул ішлі на закрыццё або прыпыненне працы амбасадаў. Напрыклад, у Лівіі гэта адбывалася двойчы – у 2011 і 2014 гадах.

Энтані Блінкен і Крыстына Кўін падчас сустрэчы ў пасольстве ЗША ў Кіеве, Украіна. 19 студзеня 2022 года.
Фота: Ron Przysucha / State Department / Zuma Press / Forum

Але ва ўсіх прыведзеных прыкладах гаворка ішла пра эвакуацыю па факце – то бок надзвычайная сітуацыя або ваенныя дзеянні ўжо пачаліся. Тая ж эвакуацыя семʼяў дыпламатаў з Грузіі ў 2008 годзе адбылася толькі на чацверты дзень баявых дзеянняў. А вось знайсці прыклады прэвентыўнай эвакуацыі ў сучаснай гісторыі даволі цяжка.

Калі ЗША абвесцілі эвакуацыю з Кіева, то ўкраінскія палітыкі і журналісты выказвалі меркаванне, што да такіх дзеянняў амерыканскі бок падштурхнуў сумны досвед леташняй эвакуацыі з Афганістану. Тады нечакана хуткая перамога талібаў пасля канчатковага вываду амерыканскіх войскаў прымусіла ЗША эвакуяваць сваіх грамадзянаў у самы разгар канфлікту, калі баевікі ўжо захапілі Кабул. Хоць гэтую паралель, безумоўна, нельга лічыць карэктнай, бо ўзровень уцягвання ЗША ў сітуацыю з украінска-расейскім канфліктам немагчыма параўноўваць з ваеннай прысутнасцю ЗША ў Афганістане.

РР belsat.eu

Стужка навінаў