На заходняй мяжы без перамен: доўгія чэргі і сваркі паміж кіроўцамі


Паглядзелі, што робіцца на заходняй мяжы Беларусі. Карціна не змяняецца ўжо працяглы час: беларусам, якія жадаюць падарожнічаць, прыходзіцца шмат гадзін праводзіць у чэргах і траціць шмат нерваў на праходжанне прапускных пунктаў.

Чарга на памежным пункце Грыгароўшчына.
Фота: Григоровщина – Патерниеки / Telegram

Калі арыентавацца на зводку Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, то сітуацыя на памежжы выглядае наступным чынам.

Станам на 20:00 гадзін 3 ліпеня на латвійскім напрамку было 15 легкавікоў, на літоўскім – 110 («Каменны Лог» – 30 і «Беняконі» – 80), на польскім – 245.

Сітуацыя з аўтобусамі: 0 – на латвійскім, 6 – на літоўскім («Каменны Лог») і 36 на польскім («Берасце»).

З грузавікамі трохі цяжэй: латвійскі напрамак – 520, літоўскі – 1040 («Каменны Лог» – 460 і «Беняконі» – 580), на польскім напрамку, на дзіва, не пазначана ніводнага грузавога аўтамабіля.

Гледзячы па памежных чатах, сітуацыю можна апісаць як стабільна напружаную: доўгае чаканне, вялікія чэргі і перыядычныя сваркі кіроўцаў за месца ў чарзе.

У польскім напрамку машыны стаяць ад 12 да 20 гадзін і болей. Падарожжа аўтобусам займае не менш часу – у сярэднім пішуць пра 20 гадзін з Берасця да Варшавы (без перасадак). Хаця часам здараюцца выпадкі, што ўдаецца праскочыць за 12 гадзін, на што іншыя карыстальнікі пішуць «пашанцавала».

Паведамленне з чату «Брест-Тересполь»

Але найбольшыя жарсці разгараюцца зараз на польска-беларускім напрамку. Кіроўцам машын даводзіцца стаяць соднямі. Некаторыя пішуць, што толькі да пад’езду на польскі прапускны пункт даводзіцца стаяць каля 15 гадзін.

Пры гэтым апошнім часам узнікае вельмі шмат паведамленняў пра «нахабных» кіроўцаў, якія ўкліньваюцца ў чэргі. Для гэтага ў чаце з’яўляюцца нават спецыяльныя інструкцыі, як трэба паводзіць у чарзе, каб не дазваляць станавіцца такім нахабнікам па-за чаргой.

Паведамленне з чату «Брест-Тересполь»

Трохі больш аптымістычныя паведамленні з літоўскага напрамку («Беняконі – Шальчынінкай»): ёсць паведамленні пра тое, што ўдалося дабрацца з Менску да Вільні ўсяго за 5 гадзін разам з праходжаннем мяжы (пры гэтым праезд праз абедзьве мяжы заняў каля гадзіны). Такую сітуацыю адзін з карыстальнікаў патлумачыў так: «Чэргаў тут не бывае аўтобусных, бо дазвол на праезд праз гэты пераход ёсць у абмежаванай колькасці рэйсаў, дзве-тры гадзіны ад сілы».

На «Каменным Логу» пішуць пра пераезд аўтобусамі каля 6 гадзін. На аўтах гэты памежны пункт даводзіцца праходзіць даўжэй – каля 14 гадзін.

У латвійскім напрамку кіроўцы паведамляюць, што ім удавалася прайсці беларускі і латвійскі КПП за 3,5–4 гадзіны.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў