Палітзняволены Рыгор Кастусёў выйшаў на волю. Пра гэта паведамляюць ягоныя сваякі, піша ПЦ «Вясна».
Інфармацыю пра тое, што Рыгор Кастусёў на волі, пацвердзіў таксама зяць палітзняволенага Дзмітрый Антончык.
«Вось 20 хвілінаў таму бачыў спадара Рыгора па відэасувязі. Ён ужо дома, з жонкай. Выглядае бадзёра, але без вусоў. Цікавіўся нашымі навінамі, усім перадаваў прывітанне!» – адзначыў Антончык у размове з журналістамі выдання.
Рыгора Кастусёва затрымалі 12 красавіка 2021 года, абвінаваціўшы паводле артыкулу 357 Крымінальнага кодэксу РБ («Змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады») разам з Аляксандрам Фядутам, Юрыем Зянковічам, Дзянісам Краўчуком і Вольгай Галубовіч.
У верасні 2022 года Менскі абласны суд прыгаварыў Рыгора Кастусёва да 10 гадоў пазбаўлення волі. Палітык віны не прызнаў. У снежні 2022 года палітвязня этапавалі ў ПК № 22.
У зняволенні ў Рыгора Кастусёва абвастрылася анкалагічнае захворванне.
У лістападзе 2023 года палітзняволенага змясцілі ў ПКТ на шэсць месяцаў, пра што паведаміў ягоны зяць. У пачатку красавіка 2024 года Рыгору Кастусёву зрабілі аперацыю, пасля якой адразу адправілі ў камеру.
Нагадаем, што Аляксандр Лукашэнка анансаваў вызваленне цяжкахворых палітычных вязняў. 3 ліпеня сталася вядома пра вызваленне як мінімум чатырох палітзняволеных. Паводле «Медыязоны», гэта трое жанчын і адзін мужчына. Верагодна, ім і ёсць Рыгор Кастусёў.
Раман Шавель belsat.eu