Дзень залежнасці. Лукашэнка аддаў Расеі вонкавую палітыку і вярнуць яе назад ужо не можа


Адразу шэраг навінаў на мінулым тыдні стварыў уражанне, што рэжым самаабвешчанага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі пачаў спрабаваць палепшыць стасункі з краінамі Захаду. Аднак апытаная «Белсатам» эксперты агулам сумняваюцца ў здольнасці рэжыму праводзіць самастойную вонкавую палітыку, а ў пэўнай ступені – і ўнутраную.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы ў Палацы незалежнасці ў Менску, Беларусь. 24 траўня 2024 года.
Фота: Mikhail Metzel / Pool / AFP / East News

Паміж Менскам і Парыжам адбываюцца рэгулярныя тэлефонныя размовы, а нядаўна ў Беларусь прыбываў адмысловы прадстаўнік прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона, паведаміў прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка. Паводле яго, адказвае за кантакты з французскім бокам Максім Рыжанкоў – цяпер ужо былы першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, які 27 чэрвеня перасеў у крэсла міністра замежных справаў. Гэтым прызначэннем, на думку Латушкі, Менск пасылае сігнал Захаду, што «хацеў бы навязаць нейкую камунікацыю».

На наступны дзень пасля прызначэння Рыжанкова з’явілася інфармацыя, што пяцёра беларускіх палітвязняў – грамадзянаў Украіны былі выдадзеныя ўкраінскаму боку. Сярод іх – фігурант справы за падрыў расейскага самалёта А-50 у Мачулішчах Мікалай Швец. Як сказаў Лукашэнка, на просьбу Крамля.

У гэты час з’явіліся звесткі, што Нямеччына і «некаторыя іншыя краіны-экспарцёры», у тым ліку ўжо згаданая Францыя, вымусілі Еўразвяз аслабіць новы пакет санкцыяў супраць Менску. Дый старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту Уладзімір Арлоўскі ў тыя ж дні наведваў Брусель, каб на сесіі Рады Сусветнай мытнай арганізацыі паскардзіцца на закрыццё памежных пунктаў пропуску на мяжы Беларусі з краінамі Еўразвязу. А ўвечары 2 ліпеня ўжо і сам Лукашэнка заявіў, што можа вызваліць частку найбольш цяжка хворых палітвязняў.

Кантакты ёсць, а сувязі няма

І хоць пра гэтыя падзеі сталася вядома амаль адначасова, доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч вялікай сувязі паміж імі не бачыць. Паводле яго, вызваленне палітвязняў-украінцаў, хутчэй за ўсё, абмяркоўвалася не адзін месяц. Не бачыць ён і актывізацыі ўладаў Беларусі на заходнім кірунку, прынамсі публічнай. Хоць і прызнае: кантакты з Менскам заходнія краіны падтрымліваюць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Грамадзяне Украіны, якія вярнуліся з расейскага палону і зняволення ў Беларусі падчас абмену ваеннапалоннымі. Кіеў, Украіна. 29 чэрвеня 2024 года.
Фота: Handout / Ukrainian Defence ministry press-service / AFP / East News

«Найбольш відавочнае падтрыманне кантакту з Вугоршчынаю. Кантакты падтрымліваюцца па дыпламатычных каналах, праз пасярэднікаў, але збольшага гэта пытанні, звязаныя з вайной і з рознымі пытаннямі бяспекі», – сказаў Казакевіч.

Паводле эксперта, ва ўмовах, калі ўлады Беларусі падтрымліваюць у вайне Расею, ствараюць гібрыдныя пагрозы на межах Еўразвязу, заходнія краіны вымушаныя мець «сталы беспасярэдні выхад на кіраўніцтва Беларусі».

Несуверэнная вонкавая палітыка

Даследніца Вірджынскага політэхнічнага ўніверсітэту (ЗША) Кацярына Шмаціна разглядае міжнародныя кантакты менскага рэжыму «праз прызму расейскіх інтарэсаў у Беларусі». Паводле яе, ва ўмовах «татальнай залежнасці» ад Крамля і неабходнасці справаздачыцца перад ім, Лукашэнка сёння не можа праводзіць самастойнай замежнай палітыкі. У тым ліку таму, што сам пасля 2020 года «прадаў сваю незалежнасць, забяспечыў сваё выжыванне за кошт Расеі».

«Я думаю, што Пуцін такім чынам, бо ён сам ізаляваны, выкарыстоўвае сваіх пасярэднікаў, у тым ліку ўрад Беларусі для ўсталявання некаторых замежных кантактаў, каб весці перамовы», – адзначыла Шмаціна.

На думку адмыслоўцы, у гэтым плане вельмі паказальнае прызначэнне на пасаду прэм’ер-міністра Дзмітрыя Крутога – былога амбасадара ў Маскве і чалавека «нумар адзін» у беларуска-расейскіх дачыненнях.

З тым, што беларуская вонкавая палітыка цяпер «у значнай ступені» падпарадкаваная расейскай, згодны і Казакевіч. І таму, паводле яго, любое меркаванае паляпшэнне стасункаў Менску з Захадам «мусіць быць узгодненае з Масквою».

«І ў такім рэчышчы не зусім зразумела, у якіх пытаннях могуць быць узаемныя саступкі [Менску і краінаў Захаду. – Заўвага рэд. belsat.eu]», – заявіў Казакевіч.

На думку суразмоўцы, аднабаковае вызваленне значнай колькасці палітвязняў магло б стаць тым жэстам, які б заўважылі на Захадзе і які б стаўся нагодаю для больш актыўных кансультацыяў і супрацы. Аднак нават у такім выпадку эксперт не бачыць магчымасці для зняцця істотных санкцыяў у дачыненні Беларусі:

«Любое такое зняцце санкцыяў – гэта фактычна адкрыццё новых магчымасцяў Расеі для абыходу санкцыяў, якія ўжо ўведзеныя супраць яе. А гэта называецца асноўнаю праблемаю».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Былая турма КДБ у Вільні, падобная да месца зняволення беларускіх палітвязняў. Вільня, Літва. 27 чэрвеня 2024 года.
Фота: Белсат

Таму, паводле Казакевіча, адзінае, на што можа спадзявацца Менск, – каб новыя санкцыі, што ўводзяцца супраць Расеі, аўтаматычна не ўводзіліся супраць Беларусі, каб «захоўвалася пэўная розніца».

У сваю чаргу Шмаціна мяркуе, што лукашэнкаўскі рэжым проста не мае суверэннай улады, каб «весці нейкую асабістую гульню» ў вонкавай палітыцы:

«Я нават не ведаю, шчыра кажучы, ці можа Лукашэнка сёння выпусціць на сваё жаданне палітзняволеных. Нават калі б ён хацеў пайсці на самастойнае паляпшэнне стасункаў з Захадам без дазволу Масквы».

Даследніца нагадала, што падчас свайго травеньскага візіту ў Менск Уладзіміра Пуціна, нягледзячы на вялікую расейскую дэлегацыю, галоўнаю тэмаю былі не якасныя перамовы з беларускім бокам, а абмеркаванне вайны ва Украіне і супрацьстаяння з Захадам.

«Гэта быў спосаб нагадаць Захаду, што мы маем ядравыя патэнцыялы, і пагражаць NATO на ўсходнім кірунку», – зазначыла экспертка.

Пугі і пернікаў у Расеі яшчэ дастаткова

На думку Шмацінай, каб вонкавая палітыка Беларусі сталася больш суб’ектнаю, неабходна, каб значна пахіснуліся расейскія пазіцыі. Напрыклад, Расея б мусіла ісці на моцныя саступкі Захаду ў пытанні Украіны або эканамічна не магла б падтрымліваць беларускага боку.

«Гэта можа быць або вельмі моцнае аслабленне Расеі, або сканчэнне вайны, або нармалізацыя [Расеяй. – Заўвага рэд. belsat.eu] стасункаў з Захадам», – адзначыў Казакевіч, дадаўшы, што прыкметаў гэтага пакуль няма.

Пакуль жа, падкрэсліў эксперт, Беларусь застаецца важным звяном у «расейскай гульні з Захадам». Палітолаг нагадаў: Крэмль не толькі выкарыстоўвае беларускую прамысловасць, інфраструктуру для вайны з Украінай, але і карыстаецца Беларуссю як плацдармам для гібрыднага ціску на межы Еўрапейскага Звязу і «пэўных славесных інтэрвенцыяў».

Казакевіч мяркуе, што Масква не будзе адмаўляцца ад кантролю над беларускаю вонкаваю палітыкаю. Пры гэтым яна мае і дастатковую колькасць рычагоў – і пернікаў, і пуг, каб трымаць Беларусь у сваёй арбіце.

Аналітыка
Навошта рэжым Лукашэнкі нагнятае сітуацыю на мяжы з Украінай?
2024.07.01 20:02

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў