Рэдактарка «Мая краіна Беларусь» Ірына Шчасная выйшла на волю. Яе эвакуявалі з Беларусі


Палітычная зняволеная Ірына Шчасная была вызваленая 29 чэрвеня 2024 года, паведаміў канал «Мая краіна Беларусь». Пра гэта абвясцілі пазней, каб даць ёй з’ехаць з краіны. Жанчыну вывезлі з Беларусі з удзелам фонду «BYSOL».

Ірына Шчасная.
Фота: Ірына Шчасная / Facebook

Ірына Шчасная была рэдактаркаю шэрагу Telegram-каналаў, у тым ліку папулярнага каналу «Мая краіна Беларусь». Яе затрымалі 18 лістапада 2020 года: следчыя пераапрануліся ў форму камунальнікаў і чакалі жанчыну ў пад’ездзе. Ёй выставілі абвінавачванне ў «Падрыхтаванні да ўдзелу ў масавых беспарадках» (ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК РБ).

Шчасную судзілі разам з Паўлам Севярынцам, Змітром Казловым (блогер «Шэры кот») і актывістамі «Еўрапейскай Беларусі». Суддзя Ірына Ланчава асудзіла яе на 4 гады калоніі агульнага рэжыму. У выніку жанчына правяла ў няволі больш за тры з паловай гады.

«Іра, ты сімвал адвагі і стойкасці, – напісаў канал «Мая краіна Беларусь». – Мы ганарымся табою і тваім нязломным духам. Твой шлях да свабоды нагадвае нам, што разам мы пераадолеем любыя цяжкасці. Беларусь будзе вольнай!»

Праваабаронцы паведамляюць 3 ліпеня, што на волю мае выйсці яшчэ шэраг палітвязняў, але пакуль не называюць імёнаў.

Днём раней Аляксандр Лукашэнка анансаваў вызваленне цяжкахворых палітвязняў – як казаў, у асноўным, з ракавымі захворваннямі. Але асноўная маса палітвязняў не трапляе пад амністыю, бо ў адпаведным законе ёсць шмат выключэнняў для асуджаных паводле палітычных артыкулаў. Тым не менш, Лукашэнка можа падпісаць асобныя ўказы аб памілаванні па-за амністыяй.

Hавiны
Падпісаны закон «Аб амністыі». Каго не вызваляць – спіс выключэнняў вялікі
2024.07.03 10:06

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў